Арэшкавічы рыхтуюцца да “Дажынак”

Date 07.06.2024 Man
Comment 556
Арэшкавічы рыхтуюцца да “Дажынак”

На двары – пачатак лета. Сельгаспрадпрыемствы распачалі корманарыхтоўчую кампанію. На палетках маладой рунню зелянее збажына. Але ўжо сёння, з клопатам пра дзень заўтрашні, у раённым выканаўчым камітэце думаюць пра тое, як належным чынам адзначыць свята жніва – традыцыйныя раённыя Дажынкі.

Нагадаем, што яны сёлета пройдуць у цэнтры сельгасфіліяла “Арэшкавічы” – аднайменнай вёсцы.

З гэтай нагоды ў райвыканкаме створаны арганізацыйны камітэт па правядзенні ўсіх падрыхтоўчых работ, які ўзначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Сакалоўскі. Пад яго кіраўніцтвам у Арэшкавічах рэгулярна праводзяцца выязныя нарады, на якіх абмяркоўваецца і прасочваецца ход работ, ставяцца канкрэтныя задачы перад замацаванымі за асобнымі аб’ектамі службамі і арганізацыямі.

І ўжо сёння можна гаварыць пра тыя перамены, што адбываюцца з вёскай. Яны даволі відавочныя. Перш за ўсё дзякуючы таму, што ў вёсцы з’явілася новае асфальтавае пакрыццё цэнтральнай вуліцы. Яго ўкладкай займаюцца спецыялісты ДРБУ-192. Паляпшэнне праезнай часткі дарогі закранае і той яе адрэзак, які доўжыцца ад Арэшкавіч да граніцы з Барысаўскім раёнам. Такім чынам, зараз будзе камфортна і без праблем дабрацца не толькі да самой вёскі як з боку Беразіно, так і з барысаўскага напрамку, але і праехаць па ёй. Павінна набыць новае аблічча і другая частка вуліцы вёскі, якая пачынаецца ад мясцовага магазіна, вядзе на пасёлак Самадум і завяршаецца вясковымі могілкамі. На жаль, асфальт тут класці не будуць, а вось належную гравійную падсыпку, як таго просяць жыхары гэтага мікрараёна, зробяць абавязкова.

– Работы па навядзенні парадку ў Арэшкавічах, наданні вёсцы большай утульнасці працягваюцца, - расказвае старшыня Дзмітравіцкага сельскага выканаўчага камітэта Віталь Саскавец.

– Напачатку мы павінны выразаць лішняе кустоўе і дрэвы, па магчымасці знесці частку дамоў і іншых пабудоў, якія не выкарыстоўваюцца, а таму прыйшлі ў поўную нягоднасць, псуюць знешні выгляд вёскі і з’яўляюцца расаднікамі пустазелля і смецця. А затым, калі адкрыецца навакольная прастора ў сваёй паўнаце, будуць добраўпарадкоўвацца пустуючыя ўчасткі, устанаўлівацца агароджа (яе замена вядзецца і цяпер), памяняюць сваё аблічча такія грамадскія аб’екты, як сельскі магазін і мясцовы Дом культуры, якому мяркуем надаць другое жыццё, каб ён стаў асяродкам культурнага жыцця вяскоўцаў. Істотным аб’ектам стане і цэнтральная пляцоўка для правядзення свята.

Пры добрай арганізацыі спраў з боку замацаваных арганізацый, дружнай іх рабоце, патрэбны аб’ём можна асіліць за даволі сціслы тэрмін. Але на цэнтральнай вуліцы вялікага руху не назіраецца. Так, за мінулы час быў знесены адзін з дамоў-прывідаў (усяго ў вёсцы 17 лядашчых дамоў, з якіх 6 ужо маюць афіцыйны статус вымарачных) і некалькі надворных пабудоў, на асобных сядзібах знішчана кустоўе і зрэзаны дрэвы, вывезена частка смецця, якое засталося пасля работы.

Пакуль што найбольш актыўныя дзеянні прадпрымалі такія арганізацыі, як Арэшкавіцкае лясніцтва, торфапрадпрыемства “Бярэзінскае”, Беразінорайгаз і вытворчы ўчастак ААТ “Мінск Крышталь” (спіртзавод). Вядучую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае Дзмітравіцкі сельвыканкам. І не толькі ў якасці каардынатара спраў. Для старшыні Савета Віталя Саскаўца і яго падначаленых большая частка рабочага часу зараз праходзіць тут – з пілой, трымерам, сякерай або малатком. Далучыліся да навядзення парадку і некаторыя вяскоўцы. Не толькі выкошваюць прыдамавыя тэрыторыі, а займаюцца гэтай справай больш грунтоўна. А чаму б і не, калі з’явілася магчымасць пазбавіцца ад усяго смецця і ламачча і не думаць аб тым, куды гэтыя адходы вывезці, бо гэтую місію на сябе ўзяў сельсавет.

Не без удзелу мясцовых жыхароў будзе вырашацца пытанне аб пераносе помніка ахвярам фашызму, які ўстаноўлены на тэрыторыі былой сярэдняй школы. Менавіта на аснове іх апытання і выказаных прапаноў будзе вызначана новае месца ўстаноўкі абеліска.

Такім чынам, работы па падрыхтоўцы да раённых «Дажынак» у Арэшкавічах ідуць. Большай бы жвавасці гэтаму працэсу. Бо прымаўка аб тым, што мужык доўга запрагае, а потым едзе хутка, у даным выпадку не падыходзіць да пастаўленай мэты. Лепш за ўсё рабіць справу планава і своечасова.

Да тэмы падрыхтоўкі Арэшкавіч да свята газета яшчэ вернецца, мы будзем трымаць вас у курсе спраў.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER