Дарога жыцця пралягала скрозь агонь і дым

Date 09.08.2024 Man
Comment 1151
Дарога жыцця пралягала скрозь агонь і дым

Старэйшае пакаленне бярэзінцаў добра памятае былога начальніка ДЭУ-192 Уладзіміра Барташэвіча. Гэта пад яго кіраўніцтвам калектыў дарожнікаў праклаў якасныя дарогі да многіх населеных пунктаў Бярэзіншчыны.

Але яшчэ да гэтага часу Уладзімір Антонавіч паспеў папрацаваць механікам ДЭУ-718, механікам Бярэзінскай МТС, узначальваў калектыў аўтапарка. Гэтага сціплага чалавека і патрабавальнага кіраўніка памятаю і я, бо сваю працоўную біяграфію пачынаў менавіта ў гэтай дарожнай арганізацыі.

Калі пабачыла свет кніга “Памяць. Бярэзінскі раён”, ён папрасіў зайсці да яго. Мой суразмоўца выказаў тады некаторыя заўвагі наконт зместу кнігі, дакладнасці асобных гістарычных фактаў і біяграфій некаторых яго землякоў. Паступова гаворка зайшла аб франтавым жыцці Уладзіміра Антонавіча.

Шмат чаго давялося пабачыць салдату. А вайну прайшоў ён ад самага пачатку да яе завяршэння. За здзейсненыя подзвігі адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Сталінграда”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”. У час баявых дзеянняў на Беларусі вызваляў гарады Чавусы, Слаўгарад, Гомель, Бабруйск.

У чэрвені 1944 года разам з танкавым батальёнам дайшлі да вёскі Брадзец. А там – рукой падаць да родных Баркоў. Вось бы праведаць родных, а то чатыры гады нічога невядома пра іх. Камандзір даў згоду. Заправілі танк, каб з самай раніцы адправіцца ў дарогу. Ды толькі не адбылося сустрэчы: ноччу прыйшоў загад павярнуць на Бабруйск. Затым была Украіна… Толькі ў 1946 годзе, пасля дэмабілізацыі, вярнуўся салдат дадому.

А пачынаў воінскую службу Уладзімір Барташэвіч у 1939 годзе, калі пасля заканчэння Мінскага дарожна-механічнага тэхнікума паехаў паступаць у Кіеўскае танкавае вучылішча… За гады вайны ён сто разоў пашкадаваў, што паддаўся юнацкай рамантыцы. За час службы наглядзеўся, як гараць гэтыя машыны, як зажыва гараць у іх яго сябры, сам тройчы трапляў у такую сітуацыю. Але лёс аказаўся да яго літасцівым. Экіпаж яго танка мяняўся пяць разоў, столькі ж разоў мяняліся і самі танкі.

– Ці было страшна? – перапытвае Уладзімір Антонавіч. – Безумоўна. Гэта толькі дурні гавораць, што не страшна. Перад атакай заўсёды нерваваўся. Але толькі да таго моманту, пакуль не пачнецца бой. Тут ты настолькі заняты, што ў цябе проста няма часу на перажыванні.

У танкавым вучылішчы для тых, хто закончыў дарожна-механічны тэхнікум, навучанне вялося па скарочанай праграме: 6 месяцаў замест 2 гадоў. Пасля прысваення звання малодшага лейтэнанта накіроўвалі ў экіпажы цяжкіх танкаў. На той час ужо вялася Савецка-Фінская вайна, на якую трапіў і Уладзімір Барташэвіч. Але затрымаліся там ненадоўга, бо цяжкія танкі паказалі сваю непрыдатнасць у гарыста-лясістай мясцовасці, і іх знялі з фронту.

Спачатку часць базіравалася на Украіне. А пасля падпісання знакамітага пакта Молатава-Рыбентропа ў сферу ўплыву Савецкага Саюза трапіла і тэрыторыя румынскай Бесарабіі. Чырвоная Армія ўступіла ў Румынію, і ўжо 1 ліпеня 1940 года дасягнула новых межаў па Пруту і Дунаю. 2 жніўня была абвешчана Малдаўская ССР. Туды і была перакінута танкавая брыгада, у якой служыў і наш зямляк. Абстаноўка складвалася напружаная. Румынскія нацыяналісты вялі паляванне на байцоў Чырвонай Арміі, дакладней на афіцэраў, і забівалі іх. Таму ім даводзілася хадзіць па трое і больш чалавек.

Там, у Бесарабіі, і сустрэў вайну Уладзімір Барташэвіч.

Яшчэ ноччу румыны падпалілі казармы савецкіх салдат, а насупраць уваходных дзвярэй устанавілі кулямёт. І калі хтосьці спрабаваў выратаваца ад агню, трапляў пад кулі. Хтосьці скакаў з вокнаў 2-3 паверхаў, некаторыя калечыліся і зноў жа траплялі пад кулі. Але некаторым усё ж пашчасціла выратавацца, такіх аказалася не больш 15 чалавек. У іх ліку быў і Уладзімір Антонавіч. Без камандзіраў, зброі рухаліся яны ў бок Нікалаева. Пад Туапсэ ў час налёту варожай авіяцыі атрымаў кантузію. Падлячыўся ў шпіталі і разам з іншымі байцамі быў накіраваны на перафарміраванне.

А потым былі кровапралітныя баі пад Сталінградам, якія суправаджаліся вялікімі стратамі. Жудасна было глядзець, калі гарэлі экіпажы тваіх сяброў, а ты не мог дапамагчы ім. Калі ж па твайму танку датычна ўдарыў варожы снарад, то другі абавязкова трапіць поўнай наводкай. Нярэдка экіпажы ў такім выпадку пакідалі ў танку аднаго “смяротніка” (у асноўным гэта быў механік-вадзіцель), а астатнія вылазілі з яго, каб не згарэць жывымі. Толькі такім чынам удавалася выратаваць частку экіпажа ад немінучай гібелі.

У 1943 годзе пад Растовам у час контратакі немцаў быў падпалены танк Уладзіміра Барташэвіча. Экіпаж здолеў пакінуць палаючую машыну. Аднак яго, як камандзіра танка, выклікалі ў асобы аддзел і абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў свой танк на полі бою. Тое, што ён быў падбіты і палаў, у разлік не бралася. Некалькі дзён ішлі допыты з адным і тым жа пытаннем: “Чаму ты пакінуў свой танк?!”, а таксма пабоі. Затым – пазбаўленне афіцэрскага звання і ўсіх узнагарод, накіраванне на тры месяцы ў штрафбат у якасці сяржанта. І тут лёс аказаўся літасцівым. Захаваў жыццё, хаця больш за 80% яго штрафнікоў загінулі, трапіўшы на самыя цяжкія ўчасткі фронту.

Пасля завяршэння тэрміна байцу вярнулі званне і ўзнагароды, і пайшоў ён далей граміць фашыстаў. Была Беларусь, была Украіна, потым была Еўропа, у якой сёння савецкіх салдат лічаць не вызваліцелямі, а акупантамі. А між тым, толькі за вызваленне Польшчы Савецкі Саюз разлічыўся жыццямі 600 тысяч сваіх салдат і афіцэраў…

Капітан Барташэвіч дайшоў да Берліна на пасадзе камандзіра ўзвода. Перамогу сустракаў з радасцю і болем. Чаму з радасцю – зразумела: закончылася вайна, застаўся ў жывых, хутка вернецца на радзіму, дзе не быў з 1939 года. А з болем – таму, што прыйшла яму вестка аб смерці ў шпіталі яго брата Леаніда, які памёр усяго за 9 дзён да Перамогі.

Але для Уладзіміра Барташэвіча вайна ў Берліне не закончылася. Іх танкавы батальён пасля непрацяглай перадышкі і даукамплектавання быў пагружаны ў цягнікі і адправіўся на вайну з Японіяй. Але паваяваць на Далёкім Усходзе, на шчасце, не давялося: пакуль нашы байцы адольвалі тысячы кіламетраў, Японія капітуліравала і вайна завяршылася. Салдат вярнулі назад у Германію, дзе да 1946 года служыў і капітан танкавай роты Уладзімір Барташэвіч.

Вось такая слаўная біяграфія выпала на лёс нашага земляка, ураджэнца в. Баркі. Яе хапіла б на некалькі лёсаў, а яму давялося прайсці аднаму. І ў мірны час стары салдат застаўся адданым сваёй прысязе – сумленнаму служэнню сваёй Радзіме і свайму народу.

Ігар ЖУКОЎСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER