Сярод гаспадароў домаўладанняў – нямала і тых, якія штодзень гуляюць з уласным лёсам: не ў меру ўжываюць спіртныя напоі, кураць у хаце, прымаюць у госці нядобранадзейныя кампаніі. Натуральна, для такіх людзей пажарная бяспека ва ўласным доме стаіць не на першым месцы… Так, у адным такім доме кроку няма дзе ступіць з-за смецця і недакуркаў, аднак жа у верандзе стаіць новенькі вогнетушыцель. Гаспадар паказвае, як ім карыстацца і гаворыць, што гэта – падарунак аднаго дачніка. Выдатна, што ў хаце ёсць такі сродак пажаратушэння. Аднак, калі б малады мужчына выкінуў з хаты лішнія рэчы і не курыў у ложку, гэта было б самой надзейнай прафілактыкай узнікнення пажару…
Яшчэ ў адной хаце недахоп ліквідавалі на месцы – падаравалі гаспадыні батарэйку ў пажарны апавяшчальнік і замацавалі яго на сцяне. Не прамінулі пагаварыць пра бяспеку з мясцовай дзятвой, а таксама шматдетнымі матулямі. Акрамя інспектара пажарнай службы, свае рэкамендацыі людзям давалі спецыялісты энергагазнагляду і сацыяльнай службы, а старшыня сельвыканкама выслухваў скаргі і пажаданні, якія датычацца розных аспектаў жыцця вёскі.
Заклікаем грамадзян дбайна сачыць за спраўнасцю электрасетак, кантраляваць дзяцей, не пускаць у дом сумніўныя кампаніі. Наперадзе ацяпляльны перыяд, а гэта значыць, што ўзрастае рызыка ўзнікнення пажару з-за парушэнняў правілаў карыстання печкамі і катламі. Памятайце, што вельмі небяспечна перанакальваць печы і перагружаць электрычную сетку. Пра гэта напомняць і памяткі, якія заўжды пакідаюць рэйдавыя групы.
У Бярэзінскім раёне з пачатку года здарылася 17 пажараў, фактаў гібелі людзей у агні няма.