Нарадзілася яна ў в. Старая Князеўка ў 1935 годзе і праз усё жыццё пранесла ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну, якія захавала ўчэпістая дзіцячая памяць. З часам тэма вайны стала для жанчыны справай жыцця, якой яна прысвяціла шмат гадоў пошукаў прозвішчаў сваіх сваякоў, якія ўдзельнічалі ў баях з ворагам. У выніку карпалівай работы ёй удалося ўстанавіць 17 такіх імён, у ліку якіх і шэсць чалавек, якія загінулі за свабоду роднага краю.
– Я звярталася ў архіў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, у службу пошуку Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Віцебскі абласны ваенны камісарыят, - дзеліцца ўспамінамі Роза Адамаўна. – Нават у пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі. У інтэрнэце вывучала спісы беззвароных страт камандна-начальніцкага і радавога складу. Шмат чаго засталося і з успамінаў маёй маці Людмілы Мікітаўны Малашкевіч-Сярмяжка, якая, дарэчы, падчас вайны была сувязной партызанскага атрада “Бальшавік” партызанскай быгады імя Шчорса. І гэта яшчэ не поўны спіс крыніц… У сям’і маёй маці было чатыры браты, трое з якіх у вайну загінулі. Не вярнуўся і брат майго бацькі, Адама Макаравіча Сярмяжкі. А бацька мой таксама быў у партызанах. Усяго ж з нашых родных ваявалі 17 чалавек, з іх 6 не вярнуліся дамоў.
Першым жанчына ўзгадвае свайго дзядзьку Алеся Малашкевіча, які загінуў яшчэ ў верасні 1941 года. Жыў ён у вёсцы Новая Князеўка, быў пастухом. Таму добра ведаў наваколле, што было вельмі карысна для арганізацыі партызанскага атрада. Ды знайшоўся здраднік, які выдаў народных мсціўцаў немцам. Тыя наляцелі на вёску, забілі партызан і гаспадароў хат, дзе яны хаваліся, у тым ліку і дзядзьку Алеся, у якога засталося шасцёра дзяцей. У роднай вёсцы ён і пахаваны.
Другі брат маці, Уладзімір Малашкевіч, жыў у той жа вёсцы, быў старшынёй калгаса. Меў 10 дзяцей. Перад вайной пераехаў у Расію, адкуль і быў прызваны на фронт. Служыў радавым у 8-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Загінуў на тэрыторыі Латвіі літаральна напярэдадні перамогі – у сакавіку 1945 года. Доўга шукала месца яго пахавання, пакуль не знайшлася адна з магіл, у якой ён мог бы знаходзіцца.
Дарэчы, тры сыны Уладзіміра Малашкевіча таксама ваявалі. Малодшы загінуў, а старэйшы Пётр, калі пачалася Вялікая Айчынная, заканчваў Мінскае тэатральнае вучылішча, ужо рабіў першыя крокі на сцэне тэатра імя Янкі Купалы. Хто ведае, можа, калі б не вайна, стаў бы вядомым акцёрам. Удзельнічаў у вызваленні Прагі і Берліна. Перамогу сустрэў кіраўніком штаба батальёна аўтаматчыкаў, пасля вайны працягваў службу ва Узброеных Сілах і выйшаў у адстаўку ў званні маёра.
Успамінае жанчына і пра свайго стрыечнага брата Рыгора Малашкевіча. Перад вайной ён паспеў скончыць толькі 7 класаў. У час акупацыі пайшоў у партызаны. 25 чэрвеня 1944 года ў вёсцы Глівін суседняга Барысаўскага раёна знішчыў апорны пункт немцаў, захапіў каштоўныя дакументы, за што быў ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Меў таксама і іншыя ўзнагароды. Пасля Перамогі некаторы час служыў у Германіі, у 50-ыя гады вярнуўся, працаваў інструктарам райкама партыі, затым старшынёй калгаса ва Ушы. Выгадаваў 5 сыноў, трое з якіх сталі ваеннаслужачымі. Малодшы з іх удзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане.
Яшчэ адзін стрыечны брат, Мікалай Малашкевіч, таксама пайшоў ваяваць, калі яму споўнілася 18 гадоў. Быў кулямётчыкам – малодшым сяржантам 220 стралковай дывізіі. Каля вёскі Кірэева Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці атрымаў смяротнае раненне і ад цяжкіх ран памёр у шпіталі. Пасля вайны яго перапахавалі ў мемарыяльным комплексе “Рыленкі”, што ў Аршанскім раёне.
Найбольш трагічна склаўся лёс матулінага брата Антона Малашкевіча: літаральна 4 дні не дажыў ён да ўзяцця Рэйхстага і доўгачаканай Перамогі. Яго баявы шлях пачынаўся з партызанскага атрада. З’яўляўся ўдзельнікам парада партызан у Мінску пасля вызвалення Беларусі. Затым быў фронт. На запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі Роза Адамаўна атрымала адказ: “Тэлефаніст 328-га артылерыйскага палка 150-й стралковай дывізіі радавы Малашкевіч Антон Мікітавіч, 1905 г. н., ураджэнец Бярэзінскага раёна… загінуў 26.04.1945 года, пахаваны ў Берліне”. Дзе іменна ён пахаваны, устанавіць, на жаль, не ўдалося. Вядома толькі, што загінуў ён непадалёк ад Рэйхстага, за які вяліся асабліва жорсткія баі, у тым ліку і сіламі 150-й стралковай дывізіі, дзе служыў Антон Мікітавіч.
Дзядзька па лініі бацькі Емяльян Сярмяжка ў пачатку вайны прапаў без вестак пад Смаленскам. Праведзены пошук змог устанавіць больш поўную пра яго інфармацыю. З яе вынікае, што пазней указанай даты, у 1943 годзе, той уступіў у партызанскі атрад, быў членам сапёрнага ўзвода і загінуў пры выкананні баявога задання за два тыдні да вызвалення Беларусі – 21 чэрвеня 1944 года.
Сярод змагароў з ворагам былі таксама стрыечны брат Розы Адамаўны Іван Вярбіцкі, брат Уладзімір Малашкевіч, цётка Вольга Сярмяжка, дзядзькі Іпаліт і Аляксандр Сярмяжкі, а таксама Міхал Цюхай, Іпаліт Вярбіцкі, Аляксандр Сярмяжка… Немагчыма ў адным невялікім матэрыяле пералічыць усе прозвішчы гэтых адважных людзей і расказаць пра іх няпросты лёс. Усю гэтую інфармацыю, сабраную па драбніцах за многія гады, наша зямлячка беражліва захоўвае ў створаным ёю сямейным архіве. А для таго, каб не прапаў ён бясследна з часам (як-ніяк, а налета Розе Адамаўне спаўняецца 90 гадоў), сваё багацце жанчына перадала ў спадчыну сыну і ўнуку, якія аказаліся неабыякавымі да гісторыі свайго роду.
– Я паставіла сабе мэту - абавязкова знайсці звесткі пра ўсіх сваіх родных, якія ваявалі за мір на нашай зямлі, - рэзюмуе наша зямлячка. – Вельмі важна навучыць дзяцей ушаноўваць памяць пра сваіх родных, удзельнікаў вайны і абавязкова пакінуць наказ децям перадаваць яе праз пакаленні.
Так, памяць павінна працягвацца будучымі пакаленнямі, перадавацца і ўшаноўвацца. Толькі ў такім выпадку мы не дапусцім паўтарэння трагедыі, а бу-дзем рабіць усё магчымае для захавання міру.
Матэрыял падрыхтавала
Тамара КРУТАЛЕВІЧ.