Медыкі падвялі вынікі работы і абмеркавалі праект Канстытуцыі

Date 25.01.2022 Man
Comment 525
Медыкі падвялі вынікі работы і абмеркавалі праект Канстытуцыі

Супрацоўнікі Бярэзінскай ЦРБ сабраліся на чарговы медсавет, каб падвесці вынікі работы за 2021 год, намеціць планы і мерапрыемствы, абмеркаваць праблемы і задачы на бягучы. З дакладам аб выніках дзейнасці выступіла галоўны ўрач Крысціна Крук. Актыўны удзел у абмеркаванні пытанняў прынялі намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Уладзімір Навіцкі, намеснік галоўнага ўрача ўстановы здароўя “Клінічны радзільны дом Мінскай вобласці”, куратар Бярэзінскага раёна Сяргей Мазітаў, галоўны ўрач Бярэзінскага РЦГЭ Вадзім Буйніцкі.

– Мінулы год для нас быў няпростым, – пачала свой даклад Крысціна Аляксандраўна. – Але мы паступова справіліся з усімі цяжкасцямі, навучыліся працаваць ва ўмовах пандэміі. Дзякуй усім калегам, усім супрацоўнікам райбальніцы за плённую работу!

Кадравае забеспячэнне

Размова пачалася з аднаго з самых значных пытанняў – кадравага забеспячэння. Хоць сёння яно ўжо не стаіць так востра, аднак неабходна думаць і пра заўтрашні дзень. Працуе 550 чалавек: 68 урачоў, сярэдняга медперсаналу – 229 чалавек, іншага персаналу – 253.

Укамплектаванаць урачэбнымі кадрамі склала 94,8%. Атэставанасць урачоў складае 84,9%.

У мінулым годзе прыбыло 18 маладых спецыялістаў: 5 урачоў, 13 медыцынскіх работнікаў з сярэдняй адукацыяй, 1 інтэрн.
– Мы заўсёды рады бачыць у нашым калектыве маладых спецыялістаў. Імкнёмся падтрымліваць іх не толькі парадай, але і матэрыяльна. Камусьці прадастаўляем кватэры, іншым – пакой у інтэрнаце, калі ж здымаюць жыллё, выплачваем кампенсацыю. Яшчэ адзін з бонусаў за работу па кантракце – мы даплачваем ім да 50%. Праводзім і прафарыентацыйную работу са школьнікамі старэйшых класаў.

Матэрыяльна-тэхнічная база

Як заўсёды, значная ўвага ўдзялялася ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Праведзена тэрмарэнавацыя будынка і замена даху харчаблока, бягучы рамонт прылады дадатковых трубаправодаў падачы кіслароду медыцынскіх клапанаў медыцынскіх газаў у хірургічным корпусе бальніцы; устаноўлены аўтаматычныя пажарныя апавяшчальнікі на ФАПах; праведзены бягучы рамонт хола паліклінікі; добраўпарадкавана бетонная пляцоўка для размяшчэння крыяцыліндраў; праведзена замена вокнаў у інфекцыйным аддзяленні; усталявана папераджальная тактыльная плітка; праведзена замена драўляных шчытоў забора на бетонныя панэлі (Лешніцкі, Косаўскі, Ушанскі ФАПы, Брадзецкая амбулаторыя урача агульнай практыкі) і іншыя.

Закуплялася новае абсталяванне (да прыкладу, апарат ультрагукавой дыягностыкі). Пастаянна абнаўляецца і аўтапарк.

– Мінулы год мы працавалі ва ўмовах пандэміі. Дзякуй ўсім нераўнадушным за дапамогу, – зазначыла К. Крук.

Звароты грамадзян

На пастаянным кантролі у адміністрацыі райбальніцы – звароты грамадзян. У мінулым годзе такіх было 164. Сярод іх былі і падзякі медыцынскім работнікам за прафесіяналізм. Летась галоўным урачом праведзена 11 “прамых тэлефонный ліній” з насельніцтвам. Падчас “прамых ліній” паступіла 29 зваротаў Усе пытанні, якія задавалі грамадзяне (аказанне медыцынскай дапамогі, набыццё медыкаментаў, выпіска рэцэптаў), вырашаны.

Вакцынацыя! І яшчэ раз – вакцынацыя!

– Пандэмія не скончылася, не адышла. Таму зараз наша задача, каб як мага больш лю-дзей прайшлі вакцынацыю, рэвакцынацыю, – заўважыла Крысціна Аляксандраўна. – Распачата вакцынацыя і дзяцей ад 12 гадоў. Зараз актыў-на распаўсюджваецца новы штам каранавіруса “Амікрон”. Ён небяспечны, людзі цяжка хварэюць, складаныя і наступствы. Таму яшчэ раз нагадваю ўсім бярэзінцам пра вакцынацыю!

Задача — дайсці да кожнага

– Вялікая работа праведзена ў 2021 годзе па выкананні мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2020-2025 гады” . Пытанні дэмаграфіі, сапраўды, складаныя, – гаварыла Крысціна Аляксандраўна. – Іх нельга вырашыць за тыдзень-месяц. Гэта велізарная работа ўсіх урачоў, улады, супрацоўнікаў іншых устаноў. Мы і далей будзем клапаціцца аб тым, каб людзі своечасова праходзілі медыцынскі агляд, праводзіць каардынацыйныя саветы па дэмаграфічнай бяспецы, выступаць з прафілактычнымі лекцыямі перад працоўнымі калектывамі, на бацькоўскіх сходах і гэтак далей. Наша задача – дайсці да кожнага!

Станоўча ацанілі работу райбальніцы за мінулы год У. Навіцкі і С. Мазітаў.

А ў канцы медсавета ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз – ўзнагароджанне лепшых медыцынскіх работнікаў за дасягнутыя поспехі ў рабоце па павышэнні якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі насельніцтву і вялікі асабісты ўклад у сістэму аховы здароўя па выніках работы за 2021 год. Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджана Людміла Дарошка. Загадвае лабараторыяй урач клінічнай лабараторнай дыягностыкі. Падзякай – Надзея Воюш, старшая медыцынская сястра аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, Віктар Грэлік, урач-акушэр-гінеколаг.
Таксама загадам галоўнага ўрача былі адзначаны лепшыя ўрачы і медыцынскія сёстры за дасягнутыя поспехі ў стварэнні аптымальных умоў для ўдасканалення аховы здароўя раёна і выкананні мадэляў канчатковых вынікаў.

Абмеркавалі праект Канстытуцыі

Уладзімір Міхайлавіч таксама падзякаваў медыцынскім работнікам за нялёгкую працу.
– Гэты год для нас вельмі важны і ў палітычным плане, – адзначыў Уладзімір Міхайлавіч. – 27 лютага мы прымем удзел у рэферэндуме! Хачу, каб усе вы пазнаёміліся з праектам! Свет не стаіць на месцы, усё ўдасканальваецца, таму патрэбен і абноўлены Асноўны Закон краіны. Але Канстытуцыя не мяняецца, уносяцца змены. Адзін з момантаў датычыцца менавіта медыцынскай сферы! Кожны чалавек павінен клапаціцца аб сваім здароўі. Але гутарка ідзе не аб платнай медыцыне! Не, дзяржава і далей будзе сацыяльна арыентаванай.

Медыкі актыўна далучыліся да абмеркавання праекта.

Адзначылі, што сапраўды, людзям трэба больш увагі надаваць свайму здароўю, не ігнараваць назначэнні ўрачоў, весці здаровы лад жыцця і, вядома ж, рабіць прышчэпкі. Дзяржава сёння клапоціцца аб людзях ад самага нараджэння. Так і далей будзе надавацца шмат увагі шматдзетным сем’ям, інвалідам, дзецям-інвалідам, адным словам, усім катэгорыям грамадзян. Кожнаму трэба зрабіць правільны выбар і рухацца далей, развіваць нашу краіну, вобласць, раён. Паступілі і жыццёвыя пытанні. Напрыклад, намесніка галоўнага ўрача па гаспадарчай частцы хвалюе набыццё трактара для ЦРБ. Уладзімір Міхайлавіч адзначыў, што набыццё трактара для ЦРБ немэтазгодна. Для ўборкі снегу, напрыклад, зімой можна прыцягваць іншыя арганізацыі. Ёсць першачарговыя затраты. Таксама ўзнімалася пытанне бадзяжных сабак. Як з імі змагацца? Даваць заяўку па такіх жывёлах на нумар 115, можна інфармаваць і старшыняў сельскіх Саветаў.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER