Дзіцячы «амікрон»: што варта ведаць?

Date 11.02.2022 Man
Comment 541
Дзіцячы «амікрон»: што варта ведаць?

Як пераносяць захворванне каранавіруснай інфекцыяй дзеці, колькі хварэюць, што рабіць бацькам, ці варта баяцца прышчэпак? Дадзім слова ўрачу-педыятру Бярэзінскай ЦРБ Марыі Усік:

— Як вядома, у цяперашнюю хвалю COVID-19 бушуе штам “амікрон”. Уласцівасці яго наступныя: пераносіцца лягчэй, чым папярэднія штамы, але ахоплівае значна большую катэгорыю насельніцтва, у тым ліку дзяцей, і вельмі хутка распаўсюджваецца. Праблема ўскладняецца тым, што па клінічнай карціне “амікрон” не адрозніць ад звычайнай востра-рэспіраторнай інфекцыі. Мы выстаўляем дыягназ зараз па клініцы, агульным аналізе крыві і рэнтгеналагічных даследаваннях.

Калі браць панядзелак, самы загружаны дзень у паліклініцы, то ў сярэднім на аднаго ўрача-педыятра прыходзіцца да 50 пацыентаў за змену. “Амікрон” дыягназуецца ў сярэднім у 6-7 чалавек, хаця сімптаматыка востра-рэспіраторнага захворвання назіраецца ва ўсіх. Проста акрамя кавіду ніхто не адмяняў звычайную прастуду.

Калі ў дзіцяці назіраецца цяжкае дыханне, аддышка, кашаль, як падчас пнеўманіі, або бранхіт, і дыягназ пацвярджаецца антыгенам, накіроўваем лячыцца ў спецыялізаваную ўстанову для дзяцей у Барысаў. У Беразіно інфекцыйнае аддзяленне для дзяцей не функцыянуе.

Дарэчы, цяжкія формы захворвання “амікронам” трапляюцца ў адзінкавых выпадках.

Звярніце ўвагу

— Бацькам варта звярнуць увагу, калі ў дзіцяці працяглы час трымаецца тэмпература вышэй за 38 градусаў ад 3 да 5 дзён, ліхаманіць, назіраецца кашаль, цяжкае дыханне, трэба весці дзіця ў бальніцу на прыём, нават калі вы лячыліся дома. Неабходна здаць лабараторныя аналізы і прайсці рэнтген.

Яшчэ прыкметнае адрозненне: у дзіцяці з’яўляецца мышачная слабасць, галаўныя болі, боль у суставах, высыпанні на скуры, ваніты, дыярэя. Дзеці могуць скардзіцца на боль ва ўсім целе.

Пра метады прафілактыкі пры лячэнні дома на ізаляцыі скажу наступнае. Першыя суткі не назначаюць аніякіх антыбіётыкаў. Бывае, матулі кіруюцца ўласнымі ўяўленнямі, маўляў, быў антыбіётык, я дала, бо мяне ў дзяцінстве таксама так лячылі. Гэта няправільны падыход. Таксама бацькам нельга забывацца паіць дзетак. Бывае, што дзіця кепска есць, вазьміце да прыкладу сябе, калі хварэеце, ежа ў рот не лезе, аднак піць ваду неабходна! Трэба даваць абільнае піццё: ваду, кампоты, чай, несалодкія сокі. Салодкія сокі даваць нельга, ад іх ніякай карысці. Прымаць вітаміны B, С, D, можна купіць вітамінныя комплексы. І сачыце за тэмпературай!

Лепш не хварэць

І вядома, галоўны метад прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі – вакцынацыя. Прышчапляем дзяцей узростам ад 12 гадоў кітайскай вакцынай “Верасэл”, у два этапы, паміж якімі патрэбна вытрымаць тэрмін не менш за 21 дзень.

Калі дзіця перахварэла каранавіруснай інфекцыяй, то прышчэпка робіцца не раней чым цераз 6 месяцаў пасля перанесенай хваробы. Дзяцей прышчапляюць толькі кітайскай вакцынай.

З 1 студзеня ў раёне вакцынавана ўжо больш 100 дзяцей. Працэс ідзе ў школах, прышчапляем і ў паліклініцы. Прыязджаюць яшчэ і тыя, хто паступіў вучыцца ў навучальныя ўстановы і падпадае пад узроставую катэгорыю.

Прафілактычныя гутаркі праводзім часта ў школьных калектывах і паўсюль, дзе выпадае магчымасць. Здараецца, што ў сям’і бацька згодны вакцынаваць дзіця, а маці не згодная, тады шукаем выйсце.

Супрацьпаказанні ў вакцыны – толькі алергічная рэакцыя на кампаненты, альбо алергічныя рэакцыі на прышчэпкі, якія рабіліся раней.

Падрыхтавацца проста: трэба пісьмовая згода бацькоў, і галоўнае: каб у анамнезе не было, што нядаўна перахварэў каранавіруснай інфекцыяй. Дзіця спачатку павінен агледзець “дзіцячы” ўрач, паслухаць статаскопам, памераць тэмпературу і ціск. А потым ужо даць дазвол на вакцынацыю. Прышчапляем у паліклініцы, у чыстай зоне, практыкуем вакцынацыю ў медкабінетах школ. Наступстваў у асноўным не назіраецца, можа быць кароткачасовая тэмпература. Варта помніць: хварэць значна цяжэй і складаней, чым мець надуманую боязь перад прышчэпкай.

Складана працаваць у “чырвонай” зоне?

— Працую на прыёме ў “чырвонай” зоне. Потым езджу на выклікі, аб’язджаю “каранавірусных” пацыентаў. Працую ў медыцыне 4-ы год, скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, і адразу пачала працаваць у Бярэзінскай ЦРБ. Пасля 2-гадовай адпрацоўкі спадабалася, вырашыла застацца, дый сама родам з Бярэзіншчыны. Перахварэла кавідам у чэрвені. Было так: прачнулася, і не адчула ніякіх пахаў: ні кавы, ні парфумы, адразу спужалася нават, бо прыемнага тут мала. Прышчапілася сама і заклікаю тое самае зрабіць бярэзінцаў: усіх дарослых і дзетак.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER