Рэабілітацыя пасля інсульта

Date 15.07.2022 Man
Comment 629
Рэабілітацыя пасля інсульта

Інсульт – біч нашага веку, асабліва цяпер, калі згаданая хвароба можа прыйсці да тых, хто перанёс каранавірусную інфекцыю.

Бяда можа здарыцца нечакана. Што рабіць, калі раптоўна занядужыў на адну з самых непрыемных хвароб, як сябе паводзіць родным і блізкім хворага? Карысныя парады дае псіхолаг Бярэзінскай ЦРБ Настасся КОЛЕСЕНЬ:

– Спачатку паразамаўляем пра хворага. Рэабілітацыя хворага пачынаецца ўжо ў рэанімацыі. Псіхолаг і рэабілітолаг задзейнічаны ў працэсе адразу. Затым рэабілітацыя працягваецца ў аддзяленні, куды пераводзяць пацыента, і таксама далей пасля выпіскі.

Родныя часцяком не ведаюць, як сябе паводзіць з такім чалавекам, каб дапамагчы і не нашкодзіць. Першае, што цікавіць блізкіх, як змяніўся эмацянальны фон хворага, ці ўсведамляе ён свой стан, як ставіцца да захворвання?

Зразумела, усё залежыць ад ступені цяжкасці хваробы. Ёсць дзве катэгорыі хворых. Адны не ўсведамляюць сур’ёзнасць інсульту і яго наступстваў, хочуць жыць як і раней: ужываць алкаголь, курыць, займацца спортам. Падобнае назіраецца ўжо ў бальнічнай палаце пры лёгкай форме інсульту. Напрыклад, мужчыне кажаш: трэба ляжаць, хадзіць нельга, а ён намагаецца хадзіць па палаце ці па аддзяленні, карацей – не слухаецца. Другія вельмі моцна перажываюць за тое, што з імі здарылася, лічаць, што жыццё спынілася, раз яны пераўтварыліся ў інвалідаў. І першае, і другое – небяспечныя крайнасці. І псіхолагі, і блізкія хвораму чалавеку людзі працуюць над выпраўленнем падобнага стаўлення да сітуацыі.

Важна размаўляць

– Важны момант: блізкія часам скардзяцца, што хворыя інсультам становяцца капрызнымі, плаксівымі, часам нават агрэсіўнымі. Да гэтага таксама трэба ставіцца спакойна. Таму што любая хвароба выклікае эмацыянальную лабільнасць і нестабільнасць. З цягам часу падобная з’ява можа прайсці, але не факт. Бывае, што пераходзіць у стан дэпрэсіі. У такім выпадку родныя павінны звярнуцца за прафесійнай дапамогай да псіхіятра, які назначыць пэўныя антыдэпрэсанты. Калі стан дазваляе абыходзіцца без антыдэпрэсантаў, блізкія людзі павінны актыўна ствараць станоўны псіхалагічны фон для хворага: размаўляць з ім, расказваць што-небудзь. Бывае пасля інсульту ў чалавека парушана мова, аднак гэта не сведчыць, што ён не здольны чуць, таму важна размаўляць, каб чалавек не адчуваў пакінутасці. Гэта ж проста: прыйсці і расказаць пра свае справы, як справы на рабоце, ці распавесці пра навакольнае жыццё і сусветныя навіны, наогул тэм мноства. Можна проста сесці побач, і чытаць кніжку ўслых.

Таксама варта параіць. Калі забіраеце чалавека з аддзялення, дайце яму нейкі час адаптавацца, не змяняйце адразу абстаноўку ў кватэры, не выклікайце адначасова ўсю радню, каб праведалі, па магчымасці захавайце для хворага звыклы рэжым харчавання і рацыён.

Падтрымаць родных

– Часцей за ўсё псіхалагіч-ная дапамога патрабуецца родным хворага, і тым, хто яго даглядае. Скажу, што псіхолагам даводзіцца працаваць з роднымі нават шчыльней, чым з уласна хворымі, бо блізкія эмацыянальна выгараюць, ім вельмі цяжка. У іх з’яўляецца псіхалагічная стома і фізічная. Узнікае стома ад адказнасці і становішча, якое склалася. Таму патрабуецца пэўная разрадка для тых, хто даглядае хворага на інсульт. Як выйсці з такой сітуацыі? Калі ёсць магчымасць, трэба папрасіць іншых даць паўзу на пару дзён, каб з’явілася магчымасць змяніць абстаноўку. Таксама добра дапамагаюць прагулкі, аўтагенныя трэніроўкі, рэлаксацыі. Захапленні і хобі таксама выцягваюць чалавека з эмацыянальна цяжкага становішча, дапамагаюць пераключыцца з негатыву на пазітыў. Не трэба ігнараваць уласныя патрэбнасці і ахвяраваць жыццём дзеля клопату пра блізкіх.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER