Вакцынацыя застаецца галоўным сродкам прафілактыкі

Date 22.07.2022 Man
Comment 811
Вакцынацыя застаецца галоўным сродкам прафілактыкі

Чытаючы сусветныя навіны, калі-нікалі і выхапіш вокам: тая ці іншая краіна абвясціла пра наступленне 7-й хвалі каранавіруснай інфекцыі.

Здаецца, за рознымі падзеямі грамадскага жыцця і летняй спёкай мы забыліся пра нядаўнюю пагрозу пандэміі. Аднак практыка паказвае: нельга забывацца пра супрацьвірусную прафілактыку і прышчэпкі. Як у гэтым плане абстаяць справы на Бярэзіншчыне расказвае загадчык паліклінікі Бярэзінскай ЦРБ Дзмітрый Відэргольд:

– У Бярэзінскай ЦРБ у наяўнасці маюцца тры віды вакцын. Гэта расійская “Гам-Кавід-Вак”, або “Спадарожнік-V”, кітайская “Верацэл”, або “Сінафарм”, і “Спадарожнік-Лайт”. Апошні – для бустэрнай вакцынацыі.

Людзі, якія прайшлі пярвічную вакцынацыю, з выкарыстаннем двухкампанентных “Верацэл” або “Гам-Кавід-Вак”, або аднакампанентнай “Спадарожнік-Лайт” у далейшым не раней, чым праз 6 месяцаў павінны зрабіць бустэрную вакцынацыю.

Па стане на 20 ліпеня пярвічную вакцынацыю з двух кампанентаў і аднакампанентную “Спадарожнікам-Лайт” прайшлі 71,52% насельніцтва раёна, першую бустэрную вакцыну атрымала 16,28% насельніцтва.

– Як праходзіць вакцынацыя дзяцей 12-17 гадоў?

– Тут сітуацыя складаней, дзеці вакцынуюцца нізкімі тэмпамі. Цалкам вакцынавана па раёне 140 дзяцей, з іх 111 атрымалі два кампаненты вакцыны. Хочацца звярнуць увагу бацькоў на небяспеку каранавіруснай інфекцыі.Трэба разумець, што нічога палахлівага ў вакцынацыі няма. Але ж так атрымліваецца, што гэта разумеюць у асноўным бацькі-медыкі, альбо прадстаўнікі сумежных з медыцынай прафесій, яны і даюць дазвол прышчапляць сваіх дзяцей. Пытанне, як давесці інфармацыю людзям, якія больш давяраюць розным чуткам і ілжывай інфармацыі ў інтэрнеце, а не прафесіяналам-урачам? Ужо столькі лекцый было прачытана ўрачамі на прадпрыемствах і ў арганізацыях, столькі артыкулаў напісана ў сродках масавай інфармацыі на гэтую тэму… Хочацца каб вакцынаванне дзетак ішло больш актыўна.

– Чуў аматарскае меркаванне, што раз лета на вуліцы, спякотная тэмпература, то з паўторнай вакцынацыяй можна не спяшацца, а лепш пачакаць да восені…

– Завяраю: спякотнае надвор’е ніяк не ўплывае на каранавірус. Успышкі пандэміі не прывязаны да пары года. Гэта не сезонная хвароба кшталту грыпа, можа здарыцца і летам, і зімой. Напрыклад, летась у маі ў нас быў вялікі пік захворванняў, сонца ніяк не ўплывала. Нават сёння за дзень у нас зарэгістравана два выпадкі захворвання на каранавірусную інфекцыю, хоць пэўны час было зацішша. Дагэтуль было плато, цяпер выпадкі пачалі выяўляцца.

– Ці звяртаюцца ў бальніцу з наступствамі пасля хваробы?

– Вядома, з посткавідным сіндромам звяртаецца шмат людзей. Назначаюцца лекі для яго пераадольвання. Іх варта ўжываць увесь той перыяд, які назначыў урач. Бо здараецца, чалавек перастае прымаць лекі, мяркуючы, што выздаравеў, а паталагічныя працэсы ў той час непрыкметна працягваюцца, і гэта можа мець фатальны вынік. Справа ў тым, што каранавірусная інфекцыя ўплывае на звяртальнасць крыві і спрыяе ўтварэнню тромбаў. Таму шмат выпадкаў, калі наступствам пасля кавіду можа стаць інфаркт або інсульт. Гэта ўсё страшныя хваробы з непрадказальным вынікам. Таму паўтаруся: да вакцынацыі трэба ставіцца сур’ёзна.

– Нагадайце чытачам як сябе паводзіць у пандэмію, якія меры прафілактыкі найлепшыя?

– Рэкамендацыі агульнага характару, як і ў дачыненні да іншых вірусных інфекцый: прытрымлівацца рэспіраторнага этыкету, мыць часцей рукі,

узбагаціць харчаванне вітамінамі, тым больш зараз лета дазваляе гэта рабіць. Вакцынавацца можна ў Бярэзінскай ЦРБ, амбулаторыях урача агульнай практыкі, участковых бальніцах. Дзеці вакцынуюца ў дзіцячай кансультацыі. Было б жаданне чалавека, можам выехаць і на дом, калі гэта пенсіянер, які не мае магчымасці прыйсці ў клініку.

Дарэчы, з верасня мяркуем пачаць вакцынаваць супраць грыпа, у планах прышчапіць 75% насельніцтва. З гэтай мэтай будзем выязджаць на прадпрыемствы, у арганізацыі. Тлумачым таксама пра небяспеку атрымаць “мікс” – адначасовае захворванне грыпам і каранавірусам. Асаблівая група рызыкі ў гэтым плане – пенсіянеры, медработнікі, людзі з хранічнымі захворваннямі. Таксама хачу засяродзіць увагу чытачоў на неабходнасць правядзення бустэрнай вакцынацыі: калі яе не зрабіць у належным аб’ёме – ізноў будзе ўспышка захворванняў.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER