Алкагалізм і суіцыды: што іх аб’ядноўвае?

Date 05.08.2022 Man
Comment 661
Алкагалізм і суіцыды: што іх аб’ядноўвае?

Праблемы алкагалізму і суіцыдаў ідуць побач.

Хоць іх сувязь для многіх людзей непрыкметная, для спецыялістаў у наркалогіі гэтая сувязь відавочная. Ці так яно і наколькі актуальная гэта праблема? Размаўляем з урачом-псіхіятрам-нарколагам Бярэзінскай ЦРБ Наталляй Бурэйка.

– Наталля Уладзіміраўна, якое месца займае алкаголь у праблеме самагубстваў?

– Тое, што ўжыванне алкаголю з'яўляецца істотным фактарам у росце колькасці самагубстваў, сёння можна лічыць даказаным. Шматгадовае вывучэнне спецыялістамі сувязей выпадкаў суіцыдаў з ужываннем алкаголю пра тое сведчыць. Сёлета на Бярэзіншчыне ўжо зафіксавана 3 суіцыды, з іх 2 былі здзейсненыя ў стане алкагольнага ап’янення. Таксама адбылося 15 парасуіцыдаў, гэта “паказная” спроба суіцыду, або калі чалавека паспелі своечасова выратаваць, алкаголь там таксама мае месца ў шэрагу выпадкаў.

– Якая яна, асоба з групы рызыкі?

– Агульны набор характэрных асаблівасцей чалавека, падвержанага суіцыдальным схільнасцям, наступны: зніжаная здольнасць пераносіць эмацыянальныя нагрузкі, неадпавядаючая асабістым магчымасцям і навыкам самаадзнака, і нізкая псіхалагічная абарона чалавека перад цяжкасцямі жыцця. Звычайна людзі з такімі характарыстыкамі не бачаць іншага выйсця пазбавіцца ад нахлынуўшых жыццёвых праблем, як толькі шляхам суіцыду. І алкаголь у дадзенай сітуацыі можа надаць штуршок, выступіць як правакуючы фактар.

У групе рызыкі ў большасці сустракаюцца мужчыны, часцей за ўсё яны непрацуючыя, адзінокія, у пажылым узросце, жывуць у сельскай мясцовасці. Гэта людзі не занятыя нічым карысным ні для сябе, ні для грамадства, з пачуццём уласнай непатрэбнасці.

– Ці можна сказаць, што алкаголікі больш падвержаныя суіцыдам, чым неалкаголікі?

– Так, падобнае можна сказаць. Перш за ўсё ў пітушчага чалавека псуюцца ўзаемаадносіны з блізкімі людзьмі, яго асуджаюць. Пры тым алкаголікі вельмі ранімыя і крыўдлівыя асобы, пад уплывам выпіўкі іх настрой кепска кантралюецца. На гэтым фоне нават бяскрыўдныя выказванні ў адрас алкаголіка могуць істотна змяніць яго самаацэнку, скласці ўражанне, што яго ніхто не любіць і наогул жыць яму не варта. Злоўжыванне спіртным стварае дадатковыя праблемы кшталту страты работы, цяжкага фінансавага становішча і вымушанай адзіноты. Злучэнне гэтых фактараў часцяком падштурхоўвае чалавека да “ўцёкаў” ад праблем праз зыход з жыцця. У асобных выпадках спроба суіцыду мае дэманстрацыйны характар, каб прыцягнуць увагу блізкіх і пераканацца ва ўласнай патрэбнасці. Аднак кантраляваць свае дзеянні ў п’яным стане цяжка, таму імітацыя самагубства можа скончыцца рэальнай смерцю.

– Ці назіраецца тэндэнцыя да павелічэння выпадкаў суіцыду?

– На жаль, ва ўсім свеце. Праблема не датычыцца толькі нейкай адной краіны, адной мясцовасці. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце штогод здзяйсняецца прыкладна 500 тысяч суіцыдаў і 7 мільёнаў парасуіцыдаў.

– Ці актуальная агучаная праблема ўзаемасувязі алкаголю і суіцыду ў адносінах да людзей, якія не злоўжываюць алкаголем?

– Зазвычай мае месца перапляценне і ўзаемадзеянне некалькіх матываў, абставін жыццёвай сітуацыі кожнага асобна ўзятага чалавека. Неабходна ўлічваць важны фактар – зніжэнне самакантролю ў стане алкагольнага ап’янення можа аблегчыць рашэнне здзейсніць суіцыд чалавеку, які раней дагэтуль не меў праблем з алкаголем.

Варта разумець, што чалавек на падпітку схільны дзейнічаць імпульсіўна, неабдумана, пад эмацыянальным уплывам. Калі ён пакутаваў з-за пачуцця віны, перажываў асабістыя праблемы, то спіртное можа ў шмат разоў абвастрыць псіхалагічны дыскамфорт. Таму выпіўка можа стаць пускавым механізмам, калі думкі пра суіцыд наведвалі чалавека раней, або проста справакаваць нечаканае рашэнне пакончыць з сабою.

– Што Вы параіце людзям, у якіх наступіў пэўны жыццёвы крызіс?

– Не шукаць паратунку ў алкаголі. Не выкарыстоўваць алкаголь як лячэбны сродак у складанай жыццёвай сітуацыі. Алкаголь – не лячэбны сродак. І калі з’яўляюцца нейкія суіцыдныя думкі, значыць, трэба проста звярнуцца да спецыяліста. У Бярэзінскай ЦРБ ёсць псіхолаг і псіхіятр, нарколаг. Родныя павінны быць больш уважлівымі да сваіх блізкіх, якія схільныя да самагубства. Калі прыкметна, што ў паводзінах блізкага з’явіліся змены, калі чалавек перастаў сачыць за сабой, махнуў на сябе рукой і адмаўляецца ад усяго, трэба прымаць меры і прыводзіць чалавека на прыём да ўрача.

Варта помніць, што ні алкаголь, ні іншыя шкодныя звычкі не з’яўляюцца выхадам са складанай сітуацыі. Здаровы, актыўны лад жыцця, станоўчыя эмоцыі, вера, у тым ліку ў Бога, любоў да блізкіх і да сябе – вось залог жыццярадаснасці і жыццялюбства. Пры неабходнасці рабіць выбар: піць або жыць, заўсёды выбірайце жыццё!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER