Клопаты і радасці доктара Чамбровіча

Date 06.09.2022 Man
Comment 705
Клопаты і радасці доктара Чамбровіча

Урач агульнай практыкі Мікіта Чамбровіч працуе ў Бярэзінскай ЦРБ ужо пяты год. Прыбыў да нас разам з жонкай Марыяй, якая працуе таксама ўрачом, у 2018 годзе.  Абодва закончылі Гродненскі медыцынскі ўніверсітэт.

 

 

Ведаць усё

- На трэцім курсе вырашыў даведацца падрабязней, што такое быць урачом, паглыбіцца ў практыку. Іншымі словамі, хацелася ведаць усё, - дзеліцца Мікіта Андрэевіч. – Адправіўся працаваць медсястрой у анкалагічнае аддзяленне па страўніка-кішэчным тракце Гродненскай абласной клінічнай бальніцы. Тут варта патлумачыць, што ў медыцыне медбрат гэта санітар, а калі мужчына ідзе ў сярэдні медперсанал, то афіцыйна ён “медсястра”. Меркаваў стаць анколагам, але лёс павярнуў так, што стаў урачом агульнай практыкі. Іншымі словамі, атрымалася менавіта так, як і хацеў – стаў урачом, які “ведае ўсё”. Потым у Мінскай раённай бальніцы разам з жонкай год праходзілі інтэрнатуру, было больш практычнай работы, пасля пераехалі ў Беразіно. І тут нам спадабалася! Нядаўна і жыллёвае пытанне вырашылася, нам далі арэндную кватэру. Можна працаваць і развівацца далей у прафесійным плане, набываць вопыт і веды.

 

Тата натхніў

Негледзячы, што мама Мікіты стаматолаг, а значыць мае прамое дачыненне да медыцыны, вырашыў стаць урачом менавіта дзякуючы тату, які ў якасці прыватнага прадпрымальніка займаўся рамонтам аўтамашын, а потым сантэхнікай.

- Назіраў, як працуе мама, і для мяне ўрач быў чалавекам блізкім да Бога. З той прычыны ахоплівалі сумнівы, ці змагу я лячыць людзей? Тады тата са мною сеў і паразмаўляў па-мужчынску. Так і сказаў: “Ніколі не кажы, што нешта не можаш, лепш паспрабуй!”.

 

Час – рабоце

Працоўны дзень падзяляецца на некалькі частак. Да 12 гадзін Мікіта вядзе прыём як урач агульнай практыкі, пасля як оталарынголаг. Справа ў тым, што калі малады спецыяліст прыбыў на працу ў Бярэзінскую ЦРБ, тут была адкрытай вакансія ЛОРа, і ў адпаведнасці з уласным намерам “ведаць усё”, урач паспрабаваў у гэтую справу ўнікнуць.

- Галоўны ўрач Крысціна Аляксандраўна падтрымала і потым адправіла мяне на пярвічную падрыхтоўку, так я стаў ЛОР-урачом. Жонка мая таксама прайшла падрыхтоўку і зараз Марыя – урач-афтальмолаг.

Яшчэ Мікіта Андрэевіч ходзе на выклікі, таксама ў якасці ўчастковага ўрача абслугоўвае ўчастак на дзве з паловай тысяч насельніцтва, даводзіцца назіраць і інвалідаў 1-й групы. У дамах па вуліцах Горкага, Кастрычніцкай, Перамогі і Зялёнай свайго доктара многія добра ведаюць.

У пандэмію, тры гады працаваў у чырвонай зоне, за змену выпадала прыняць звыш 60 пацыентаў. У першую хвалю на пару з жонкай ездзілі браць у хворых мазкі. Марыя ж таксама займалася прышчэпкамі, прышчапіла шмат людзей.

 

Парадаваць марыю

Ёсць у маладога доктара хобі – аматар гатаваць есці. І сапраўды, калі успомніць класічную ідыёму “месца жанчыны – на кухні”, чаму ж тады ўсе вядомыя кухары – мужчыны? Мікіта любіць не толькі смачна прыгатаваць, але і прыгожа аздобіць блюды і належным чынам аформіць. Карацей, усё, каб парадаваць каханую жонку.

Наогул жа калі казаць пра сямейныя захапленні Чамбровічаў, то ў спякотную летнюю пару яны зводзяцца да паходаў на прыроду. Любяць Мікіта і Марыя выбрацца з палаткай ў лес ці на рэчку ды правесці там выхадныя. Пад адкрытым небам, на свежым паветры, у цішыні, пад шатамі дрэў сярод птушыных спеваў. І лічуць гэта найлепшым відам адпачынку, якім захапляюцца ўжо пару гадоў.

Сумесная ж праца ў медкалектыве толькі ўмацоўвае сямейныя адносіны.

- Пазнаёміліся мы падчас практычных заняткаў. Пасля ўніверсітэта вельмі дапамагалі адзін другому па рабоце. У адрозненне ад мяне жонка больш тэарэтык, а я больш практык, і гэта нам абеім на карысць. Зараз жа пасля перадпадрыхтоўкі, зразумела, у нас зусім розныя накірункі дзейнасці. Аднак у любым выпадку, сумесныя прафесійныя заняткі яднаюць. Падтрымліваем адзін другога.

 

Не праходзьце міма

- Урач гэта не прафесія, а прызванне, - лічыць Мікіта Чамбровіч. – Я не перастаў быць урачом, калі ў канцы дня зачыніў кабінет і адравіўся дадому. Урач ён ў любы час сутак урач.

У пацвярджэнне гэтаму ён расказаў павучальную гісторыю. Аднойчы ў Мінску напаткаў на чалавека, які ляжаў на зямлі. Людзі абміналі ляжаўшага, мяркуючы, што гэта п’яніца, якому раптам не стала хады, знямогся. Прафесійная этыка не дазволіла Мікіту паступіць па прыкладу іншых, ён наблізіўся, праверыў – аказалася, што ў чалавека інсульт.

- Таму, калі ўбачыце раптам на вуліцы, што хтосьці ляжыць, не варта праходзіць міма, нават калі чалавек і нападпітку, хутчэй за ўсё, яму патрабуецца дапамога. Таму лепш адразу званіць па нумару “хуткай” дапамогі.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара і з сямейнага архіва Чамбровічаў.

 

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER