На гэтую і спадарожныя тэмы мы размаўляем з галоўным урачом Бярэзінскай ЦРБ Крысцінай Крук.
– Каранавірусная інфекцыя з намі і нікуды не дзенецца. Хоць шмат пра гэта напісана, але варта нагадаць яшчэ раз. Таксама ўспомнім, што грып гэта інфекцыйнае захворванне, якое перадаецца паветрана-капельным шляхам і мае сезонны характар захворвання, у асноўным у перыяд восень-зіма. З улікам таго, што сезон грыпу ўжо распачаўся, варта папярэдзіць насельніцтва аб небяспецы, якую ўтварае мікс-інфекцыя з грыпу і каранавіруснай інфекцыі, на якія можна захварэць адначасова. Асноўная ўвага па рэспубліцы адводзіцца стварэнню імуналагічнай праслойкі насельніцтва, якая можа даць адпор захворванням. Гэта можна зрабіць дзякуючы вакцынацыі супраць грыпу і супраць “COVID-19”. Прычым трэба помніць, што вакцынавацца можна адначасова.
– Колькі насельніцтва на Бярэзіншчыне ўжо прышчэплена ад “COVID-19”?
– Вакцынавалася 73 працэнты, у тым ліку і пярвічнай, і бустэрнай вакцынацыяй. З іх 31 працэнт прышчэплены паўторна. Таксама вакцынавана 15 працэнтаў дзяцей. Аднак лічбы мяняюцца кожны дзень, бо працэс ідзе. Мы нацэльваем насельніцтва зараз на тое, што набліжаецца зімні перыяд, чакаецца рост вялікай колькасці бранхітаў і пнеўманій. Дзеці ў верасні пайшлі ў школу, яны шмат кантактуюць і могуць стаць пераносчыкамі інфекцый для найбольш неабароненай катэгорыі грамадзян. Таму варта выпрацаваць папуляцыйны імунітэт і прышчапіць як можна больш людзей.
– Раскажыце пра вакцыны.
– Супраць грыпу прадугледжана дзве прышчэпкі. “Грыпол плюс” вытворчасці Расійскай Федэрацыі, яна бясплатная і зараз актыўна распаўсюджваецца. Для жадаючых таксама ёсць платная прышчэпка “Ваксі-грып” французскай вытворчасці. Абедзве вакцыны аднакратныя.
Супраць каранавіруснай інфекцыі спачатку патрабуецца пярвічная вакцынацыя для тых, хто яшчэ ні разу не прышчапляўся.
Гэта двухкампанентная прышчэпка з інтэрвалам у 21 дзень. У нас маюцца асноўныя вакцыны “Спутник-V” расійскай вытворчасці і “Клеткі віро” кітайскай. Потым мы праводзім рэвакцынацыю, або бустэрную вакцынацыю, праз 6 месяцаў, выкарыстоўваецца “Спутник-Лайт”.
Хаця ў асобных выпадках па жаданні пацыента можна выкарыстоўваць “Клеткі віро”.
– Каму важна ў першую чаргу задумацца пра вакцынацыю?
– Людзям, якім каранавірус пагражае больш за ўсё. Да гэтай катэгорыі далучаюцца грамадзяне пажылога ўзросту старэй 60 гадоў, якія маюць хранічныя і цяжкія захворванні, імунадэфіцытныя станы, бо ў выпадку захворвання працэс працякання інфекцыі будзе пераносіцца цяжка. Таксама цяжарныя жанчыны і дзеці. Прышчапляць дзяцей супраць грыпу дазваляецца з 6-месячнага ўзросту, і да 3 гадоў, вакцынацыя двухкампанентная. Супраць каранавіруса дзяцей можна прышчапляць з 5-гадовага ўзросту, выкарыстоўваецца “Клеткі віро” і таксама двухкампанентная. Наогул жа “група рызыкі” ўключае ў сябе людзей прафесій, у якіх прадугледжваюцца масавыя кантакты, напрыклад, работнікі медыцыны, навучальных устаноў, прамысловых прадпрыемстваў, гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, дзяржаўных устаноў і іншых. Ім усім настойлівая парада – зрабіць прышчэпкі.
– Раскажыце пра супрацьпаказанні і непажаданыя рэакцыі.
– Асноўным супрацьпаказаннем з’яўляецца непераноснасць прышчэпак. Гэта вельмі індывідуальна, калі ў анамнезе назіраюцца цяжкія алергічныя рэакцыі. Непажаданыя рэакцыі могуць быць наогул ад любой вакцыны, не толькі ад грыпу і каранавіруснай інфекцыі. Гэта пачырваненне, дыскамфорт у месцы ін’екцыі, павышэнне тэмпературы, грыпападобны сіндром, які праходзіць на працягу сутак. Пры падобных рэакцыях можна аблегчыць стан нестэроіднымі прэпаратамі: ібупрафенам, парацэтамолам.
– Многія пытаюцца, ці трэба абследавацца перад вакцынацыяй супраць каранавірусу?
– Не трэба. Даследаванне на ўтрыманне імунаглабулінаў з’яўляецца лішнім, бо не ўплывае на эфект вакцынацыі.
– Раней, калі чалавек перахварэў “COVID-19”, трэба было чакаць мінімум 6 месяцаў, каб вакцынавацца. Ці змянілася гэтае правіла?
– Новыя даследаванні дазволілі скараціць гэты тэрмін. Так, адпаведна з Загадам №1044 ад 08.08.2022 Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь “Аб парадку правядзення вакцынацыі супраць “COVID-19”, прышчэпку можна зрабіць ужо праз 2-8 тыдняў. Пасля лёгкай формы захворвання вакцынавацца можна не раней, чым за 2 тыдні, у сярэдне-цяжкай форме не раней за 4 тыдні, у цяжкай форме не раней за 6 тыдняў. Калі ж цяжая форма патрабавала выкарыстанне апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх і мела ўскладненні, то не раней за 8 тыдняў пасля выздараўлення.
– Зараз каранавірусная інфекцыя часцей за ўсё пераносіцца адносна лёгка, і многія людзі сумняваюцца ў мэтазгоднасці рабіць прышчэпку. Ці абгрунтавана такое стаўленне?
– Адна справа, калі здаровы арганізм пераносіць захворванне ў выглядзе грыпападобнага сіндрому. Зусім іншае, калі ў чалавека ў наяўнасці букет паталогій: дыябет, бранхіяльная астма, анкалогія, у дадзеным выпадку інфекцыя пераносіцца вельмі цяжка. Падобных выпадкаў шмат. Лёгкая форма захворвання зусім не сведчыць, што праблема знікла, або зменшылася яе актуальнасць. Таму варта пашкадаваць сябе і зрабіць прышчэпку. Да таго ж, наступствы пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі на жаль бываюць даволі цяжкімі.
– Чым небяспечны посткавідны сіндром?
– У асноўным узнікненнем хвароб сістэмы кровазвароту, здараецца шмат інсультаў, кардытаў, парушэнняў сардэчнага рытму і іншых праблем са здароўем. Напрыклад, калі ў чалавека назіраецца павышаны ціск, і ён у дадатак курыць, можна прагназаваць, што пасля каранавіруснай інфекцыі ў далейшым могуць узнікнуць ускладненні ў выглядзе бранхіяльнай астмы, энфізэмы, перараджэнні лёгачнай тканкі, паражэння дыхальнай сістэмы. Нядаўна быў выпадак: паступіў малады чалавек 1991 года нараджэння з парушэннем сардэчнага рытму, у яго праз тры тыдні пасля перанесенага захворвання каранавіруснай інфекцыяй з’явіўся кардыт. І такіх выпадкаў шмат.
Посткавідны сіндром можа праяўляцца ў чым заўгодна. Могуць здарыцца неўралагічныя, псіхалагічныя, псіхіятрычныя праблемы, абвастрэнне хранічных захворванняў, нават новыя рэцыдывы анкапрацэсу. Могуць быць парушэнні сну, бессань, панічныя атакі. Асабліва ў жанчын назіраецца праблема эстэтычнага характару – ломкасць пазногцяў, выпадзенне валасоў, узнікненне розных фобій, назіраюцца працяглыя галаўныя болі. Наогул зараз развіццё новых захворванняў у арганізме звязваецца з наступствамі перанесенай каранавіруснай інфекцыі.
– Здараецца, чалавек толькі адчуе сімптомы рэспіраторнага захворвання, адразу бяжыць у аптэку за антыбіётыкамі…
– Гэтага катэгарычна нельга рабіць! “COVID-19”, як і грып, гэта вірусныя інфекцыі, і антыбіётыкі іх вылечыць не могуць у прынцыпе. А вось выкарыстанне антыбіётыкаў без рэкамендацыі ўрача можа нанесці ўрон здароўю. Таксама з’явіцца рэзістэнцыя да лякарства, і яно можа не дапамагчы ў наступны раз, калі спатрэбіцца на самой справе. Атрымліваецца небяспечная сітуацыя: чалавек ад віруса не вылечыцца, а шкоду сабе зробіць. Таму я катэгарычна супраць ужывання антыбіётыкаў без рэкамендацыі ўрача.
Дазваляецца выкарыстоўваць толькі нестэроідныя прэпараты: парацэтамол, ібуклін, ібупрафен. Наогул жа самалячэнне – гэта вялікае зло.
– Як сябе паводзіць, калі ўсё ж захварэў?
– Правілы паводзінаў застаюцца нязменнымі. Трэба прытрымлівацца рэспіраторнага этыкету, карыстацца маскамі і іншымі сродкамі індывідуальнай аховы, таксама патрабуецца значнае піццё і мінімальныя фізічныя нагрузкі. Абавязкова самаізаляцыя. Пры лёгкай форме каранавіруснай інфекцыі бацькі могуць самастойна вырашыць не адпраўляць дзіця ў школу на працягу 5 дзён.
– У ідэале – як часта трэба вакцынавацца ад каранавіруснай інфекцыі?
– Спачатку трэба зрабіць пярвічную вакцынацыю тым людзям, якія да гэтага часу яшчэ не рабілі прышчэпак. Потым – бустэрная, і ў ідэале – бустэрная вакцынацыя павінна быць трохкратная. У далейшым, варта меркаваць, гэта стане звычайнай сезоннай вакцынацыяй, як і пры грыпе.
– Пералічыце месцы, дзе можна прышчапіцца.
– Вакцынацыя ў нас ажыццяўляецца ва ўсіх пунктах вакцынацыі на ФАПах, участковых бальніцах, амбулаторыях ўрача агульнай практыкі. Таксама ў паліклініцы ў дарослым і дзіцячым працэдурных кабінетах. У сезон захворвання людзі часцяком баяцца ісці ў лячэбныя ўстановы, каб пазбегнуць магчымага заражэння, на гэты выпадак дзейнічае пункт вакцынацыі ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву (басейн). Там заўсёды прысутнічае медыцынскі работнік, які замерае ціск, сатурацыю, тэмпературу, пульс, удакладніць анамнез, пракансультуе наконт прышчэпак.
Напрыканцы хочацца ў чарговы раз нагадаць, што ў прышчэпках нічога страшнага няма. Лепш вакцынавацца і ад каранавіруснай інфекцыі, і ад грыпу, і нічога не баяцца. Напрыклад, я сама прайшла пярвічную вакцынацыю, і зрабіла тры бустэры. Медыцынскія работнікі вакцынаваліся ўсе. Таму заклікаю ўсіх жыхароў Бярэзіншчыны зрабіць прышчэпкі. Будзьце здаровыя, не хварэйце!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.