Тры вірусы
- Трыдэмія пачалася ў замежных краінах на Захадзе, і зараз эпідэміёлагі чакаюць з’яўленне ў бліжэйшы час таксама ў Беларусі, - расказвае Тамара Іванаўна. – Гэта значыць, будуць адначасова цыркуляваць тры вірусы: відазменены COVID-19, грып і рэспіраторна-сінцытыяльны вірус (скарочана РСВ). У заходніх краінах ад гэтага трайнога міксу пачалі пакутаваць дзеці. Для дарослых таксама ўтвараецца пэўная небяспека.
За два-тры гады пандэміі каранавіруснай інфекцыі вірус грыпу адсунуўся на задні план, і захваральнасць грыпам была значна ніжэй. Да таго ж, у гэтым плане моцна паўплываў факт выканання людзьмі рэспіраторнага этыкету: тут і сацыяльнае дыстанцыянаванне, і нашэнне масак, і пастаяннае мыццё рук. У выніку дадзеных мер пад’ёмаў грыпу не было, але супраць інфекцыі паслабеў папуляцыйны імунітэт. Таму чакаецца наступленне грыпознай эпідэміі. Прычым эпідэміёлагі мяркуюць, што будзе штам H1N1, які больш вядомы як “свіны грып”.
У 2009 годзе ўспышка штама была вельмі вялікай, яна суправаджалася цяжкімі ўскладненнямі ў выглядзе пнеўманій, хварэла вельмі шмат людзей. Сёлета гэта ўсё можа паўтарыцца. Да таго ж, названыя тры вірусы ў кангламераце могуць выклікаць цяжкія наступствы.
Галоўная ж небяспека крыецца ў тым, што ў малых дзяцей няма такога імунітэту, як у дарослых, ён значна слабейшы. Таму дзеці ў групе павышанай рызыкі.
Уласцівасці РСВ
- Рэспіраторна-сінцытыяльны вірус – гэта звычайнае прастуднае захворванне, якое суправаджаецца павышэннем тэмпературы, дарэчы, не вельмі высокім, таксама кашлем, болем у горле, насмаркам. Гэты вірус пастаянна цыркулюе, у асноўным ён паражае дзяцей малодшага ўзросту, 2-3 гадоў. Звычайна працякае ў лёгкай і сярэдняй форме цяжкасці. Аднак зараз названы вірус у складзе мікса, і калі дзіця захварэе адначасова і на РСВ, і на грып, то наступствы могуць быць цяжкімі і непрадказальнымі. Дарэчы, менавіта ад гэтага вірусу вакцыны не існуе.
Можна ўратавацца
- Трэба рабіць прышчэпкі, пакуль не позна. Мы вакцынуем дзяцей ад грыпу вакцынай “Грыпол”, пачынаючы з 6-месячнага ўзросту. Ад каранавіруснай інфекцыі для дзяцей прымяняецца кітайская вакцына “Verocell”. Ёй спачатку прышчаплялі дзяцей з 12 гадоў, аднак доследы дазволілі знізіць узроставую планку і зараз, адпаведна з загадам Міністэрства аховы здароўя, можна вакцынаваць дзяцей з 5 гадоў.
Для вакцынацыі дзяцей патрабуецца пісьмовая згода бацькоў. Але сітуацыя ў гэтым плане ўскладняецца тым, што некаторыя з бацькоў адмаўляюцца прышчапляць дзяцей ад грыпу. Калі ў 2009 годзе шмат людзей пакутавала ад штама H1N1, то прышчапляліся ад грыпу ахвотна. Зараз, пасля таго як 2-3 гады захваральнасць грыпам была нізкай, здаецца, усе забыліся пра той перыяд, калі было шмат пнеўманій, і бацькоў даводзіцца ўгаворваць.
У любым выпадку вакцынацыя – асноўны метад прафілактыкі. Чалавек, прышчэплены ад каранавіруснай інфекцыі і ад грыпу, у большай ступені абаронены ад наступлення трыдэміі, міксу з трох вірусаў. Нават калі і захварэе, захворванне перанясе лягчэй, чым той, хто не прышчапіўся. І, зразумела, важна выконваць рэспіраторны этыкет – карыстацца дызынфіцыруючымі сродкамі, мыць рукі, праветрываць памяшканні, і ўсё ж лепш насіць маскі.
Куды звяртацца
- Вакцынавацца можна ў паліклініцы Бярэзінскай ЦРБ. Дарослым – у працэдурным кабінеце. Для дзяцей прадугледжаны асобны працэдурны кабінет. У гімназіі і сярэдняй школе №3 працэс вакцынацыі адбываецца наступным чынам: школьныя медсёстры спачатку атрымліваюць згоду бацькоў, потым вядуць дзяцей у паліклініку ў кабінет здаровага дзіцяці, потым у працэдурны. У сярэдняй школе №2 арганізаваны асобны прышчэпачны кабінет, туды вакцынаваць школьнікаў ездзіць доктар Марыя Усік. У сельскай мясцовасці прышчэпкі робяцца ў амбулаторыях і ФАПах.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.