Суіцыд: беражыце дзяцей

Date 23.01.2023 Man
Comment 155
Суіцыд: беражыце дзяцей

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, суіцыд з’яўляецца другой прычынай смяротнасці сярод маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў. Падлеткі ў сілу ўласнага ўзросту знаходзяцца ў зоне рызыкі. У гэты ўзроставы перыяд іх эмацыянальны фон найбольш падвержаны вонкавым уплывам і вельмі неабаронены.

Менавіта ў гэты час бацькам і педагогам неабходна быць найбольш уважлівымі да паводзінаў дзіцяці. Аб прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў сярод падлеткаў мы размаўляем з урачом-псіхіятрам Бярэзінскай ЦРБ Наталляй Бурэйка.

– Наталля Уладзіміраўна, якія фактары ўплываюць на развіццё суіцыдальных паводзінаў у падлеткаў?

– Калі казаць пра рызыкі суіцыдальных паводзінаў, то гэта праблема аховы здароўя ва ўсім свеце. Самымі ўязвімымі, зразумела, з’яўляюцца падлеткі. Калі мы кажам пра пра суіцыдальныя паводзіны, варта мець на ўвазе біяпсіхасацыяльную мадэль паводзінаў. Гэта сукупнасць бія-, псіха- і сацыяльных фактараў, якія аказваюць уплыў на асобу падлетка.

Біяфактары – гэта пол, узрост, канстытуцыя цела, перанесеныя захворванні. Псіхалагічныя фактары – гэта асабовыя, кагнітыўныя, афектыўныя асаблівасці, у тым ліку і паводзінаў. Важную групу складаюць сацыяльныя фактары – бліжняе атачэнне, атмасфера ў сям’і, узаемаадносіны з бацькамі, аднагодкамі.

– Якія існуюць перадумовы для развіцця суіцыдальных паводзінаў?

– У якасці перадумоў мы можам размаўляць, напрыклад, пра праблемы развіцця Я-ідэнтычнасці падлетка і ролі “дыфузнай” ідэнтычнасці ў яе станаўленні. Немагчымасць дасягнення уласнай ідэнтычнасці можа прывесці да непрыстасаванасці, дэперсаналізацыі і атчужанасці, таму многія падлеткі могуць кінуцца да “негатыўнай” ідэнтычнасці, што ў наступным можа аказаць дэструктыўны ўплыў на развіццё асобы. Таксама перадумовамі могуць быць сітуацыі крызіса і стрэса, неадэкватная і няўстойлівая самаацэнка, наяўнасць дэпрэсіўнай сімптаматыкі, нізкія паказчыкі якасці жыцця, канфлікты ў бліжнім акружэнні, як з аднагодкамі (напрыклад, буллінг), так і з бацькамі.

– Па якіх маркерах можна вызначыць, што дзіцяці патрапіла ў групу рызыкі?

– Тут усе маркеры варта разглядаць у комплексе. Гэта наяўнасць крызіснай сітуацыі, дэпрэсіўнага фона, цяжкая канфліктная псіхалагічная атмасфера, схільнасць да ўжывання псіхаактыўных рэчываў, фіксацыя на непрыемных перажываннях, падаўленасць, афектная лабільнасць, неадэкватная самаацэнка. Калі прысутнічаюць хоць нейкія з пералічаных маркераў, гэта сігнал да таго, што бацькам і настаўнікам трэба быць яшчэ больш уважлівымі.

– Як правільна весці прафілактычную работу ў адносінах да падлетка, які знаходзіцца ў групе рызыкі?

– Важна, каб у дзіцяці была магчымасць расказаць пра свае пачуцці, дарослыя не павінны правакаваць яго на тое, каб ён заглушаў іх, трымаў у сабе, нельга ігнараваць дзіця. Падлеткавы ўзрост – перыяд, калі ідзе станаўленне самасвядомасці і рэфлексіі, дзіця мае патрэбу выказацца, выразіць сябе. Таму для прадухілення суіцыдаў у падлеткавым узросце неабходна аказваць тэрапеўтычную падтрымку, падлетак павінен ведаць, што ў любым выпадку яму ёсць куды пайсці і да каго звярнуцца.

Існуюць дзяржаўныя ўстановы, у якіх аказваецца кваліфікаваная дапамога: РНПЦ псіхічнага здароўя, Мінскі абласны клінічны цэнтр. На базе Бярэзінскай ЦРБ можна атрымаць псіхіятрычную і наркалагічную дапамогі, працуе псіхатэрапеўтычны кабінет.

Неабавязкова прыходзіць з яркімі сімптомамі. Заўсёды можна звярнуцца за кансультацыяй, парадай. У псіхатэрапеўтычным кабінеце вядзецца ананімны прыём. У любым выпадку ўся інфармацыя пра пацыента – урачэбная тайна. Не варта забывацца і пра “тэлефон даверу”.

Кругласутачныя тэлефоны для экстрэннай псіхалагічнай дапамогі Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія”:

8-01 7-311-00-99 (гарадскі);

8-029-101-73-73 (А1).

Тэлефон урача-псіхіятра Бярэзінскай ЦРБ: 68-601.

Гутарыў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Новости БелТА

Комментарии

Подписка

Видео о районе

Календарь

« Февраль 2023 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28