Каля кабінета ўрача-нарколага чэргі бываюць часта. Тут не толькі збіраюцца людзі, якія праходзяць разнастайныя медкамісіі – асобныя наведвальнікі з’яўляюцца ў суправаджэнні чалавека ў міліцэйскай форме. Зразумела, такія пацыенты патрапілі сюды на прыём не проста так, і ўжо дакладна прыйшлі не па ўласным жаданні.
– Сапраўды, парою нашы кліенты трапляюць на наркалагічны ўлік па лініі міліцыі, – пацвярджае Ганна Вітальеўна. – Гэта людзі, якія сістэматычна парушаюць адміністрацыйнае заканадаў-ства. Напрыклад, сямейныя скандалісты, або тыя, хто ў п’яным выглядзе неаднойчы быў затрыманы органамі правапарадку ў грамадскіх месцах.
Дарога ў ЛПП
– Вялікая колькасць людзей на ўліку – маладыя мужчыны працаздольнага ўзросту, жыхары сельскай мясцовасці. Хаця апошнім часам і ў горадзе такіх сустракаецца шмат, – дзеліцца Ганна Вітальеўна. – Вось, глядзіш і міжволі думаеш: чалавек мае сям’ю, дзяцей, аднак нешта яму не падабаецца ў жыцці – ён сябруе з бутэлькай, учыняе дома сваркі, на рабоце стварае праблемы. Гэта ўжо не кажучы пра ўплыў на дзетак, і што ім выпадае перажываць. Ды і маладых нежанатых людзей з алкагольнымі праблемамі таксама нямала.
Зразумела, для многіх паўстае пытанне аб накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Накіраванне ў ЛПП адбываецца па ініцыятыве органаў унутраных спраў. Як правіла, накіроўваюцца дэбашыры, скандалісты, якія маюць праблемы з законам, і ім паказана ізаляцыя ад грамадства і прымусовая рэсацыялізацыя і рэадаптацыя. Варта заўважыць, што жанчыны ў ЛПП таксама трапляюць.
І што потым?
Перспектывы нерадасныя: калі чалавек стаў на ўлік у кабінеце наркалогіі, ён пазбаўляецца права кіравання аўтамабілем, з’яўляюцца і іншыя наступствы. Напрыклад, калі грамадзянін мае сям’ю і дзяцей, аб факце паведамляецца ва ўстанову адукацыі, праводзіцца сацыяльнае расследаванне – у сям’ю ідуць усе службы прафілактыкі, калі не прыйшлі ўжо раней. У выніку ўсё можа скончыцца наогул вельмі сумна: стратай сям’і або адбіраннем дзяцей, пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. На гэта людзі рэагуюць па-рознаму. Адны ставяцца абыякава, маўляў, няхай застануся без сям’і, для другіх – гэта сур’ёзны шок.
– Добра, калі ў чалавека наступае прасвятленне, ён робіць для сябе правільныя высновы, выпраўляецца, звяртаецца за дапамогай, – гаворыць ўрач. – Нагадаю, кожны чалавек з праблемамі алкагольнага характару мае права звярнуцца да ўрача-нарколага ананімна. Галоўная ўмова – дабравольнасць і прызнанне сваёй праблемы. Пры неабходнасці пацыента могуць пакласці ў стацыянар каб вывесці з запойнага стану. Потым яму неабходна пачаць лячэнне і знаходзіцца пад наглядам урача-нарколага. Метады лячэння прымяняюцца розныя: кадзіраванне, падшыўка, прыём неабходных прэпаратаў, назначаных урачом. Але ж галоўным застаецца тое, каб чалавек сам хацеў пазбавіцца ад алкагалізму і вярнуць жыццё ў нармальнае рэчышча. Дарэчы, мы накіроўваем пацыентаў у рэабілітацыйны цэнтр “Исток”, дзе людзям дапамагаюць, па-першае, навучыцца цвяроза думаць.
Ці можна вылечыцца?
– Пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці складана, бо яна фарміруецца на біяхімічным узроўні і застаецца з чалавекам на ўсё жыццё. Таму выхад толькі адзіны і ён жа самы дзейсны – поўнае адмаўленне ад алкаголю. Пацыент павінен разумець, што былых алкаголікаў не бывае. Ёсць толькі стадыя працяглай рэмісіі – калі ён утрымліваецца ад ужывання алкаголю, і гэтая стадыя можа працягвацца дзе-сяцігоддзямі да канца жыцця – калі чалавек уласна сам таго захоча. Іншымі словамі, ён можа жыць у цвярозасці, але хвароба ўжо з ім да самай смерці.
На ўліку ў наркалагічным кабінеце Бярэзінскай ЦРБ знаходзяцца 343 чалавекі, якія пакутуюць сіндромам залежнасці. Маецца яшчэ медыцынскі прафілактычны ўлік, у які трапляюць людзі з праблемным ужываннем, яны ў адным кроку ад залежнасці.
Кожны год урач кагосьці знімае з уліку. Але на жаль, на змену ім прыходзяць новыя пацыенты з алкагольнай залежнасцю. Сярод пацыентаў нямала жанчын. Жаночы алкагалізм небяспечны, як і мужчынскі. Да таго ж у жанчын хвароба працякае хутчэй і лечыцца складаней, што звязана з асаблівасцямі жаночага арганізма.
Тыя пацыенты, якія ехалі п’янымі за рулём, выпілі на рабоце, або ў грамадскім месцы, на ўлік хворых з залежнасцю ставяцца не адразу – з такімі праводзіцца прафілактычная работа, каб не дапусціць развіцця залежнасці. Аднак у любым выпадку, на такога чалавека ў паліклініцы ўжо ёсць “асабістая справа”, зыходзячы з якой вядзецца работа.
Пацыенты Ганны Аўраменка рознага ўзросту і адукацыі, сярод іх сустракаюцца і людзі з вышэйшай адукацыяй, і прафессіяналы сваёй справы, і працаўнікі, і інтэлігенты – перад згубным уплывам гарэлкі ўсе роўныя, як і перад смерцю, гарэлачны д’ябал паглынае кожнага, хто з ім пасябраваў, не звяртаючы ўвагу на сацыяльны статус. Будзем пра гэта помніць, дарагія чытачы, і дбаць пра цвярозае жыццё.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота прадастаўлена
Ганнай АЎРАМЕНКА.