Даць больш з таго, што можам зрабіць

Date 21.12.2023 Man
Comment 712
Даць больш з таго, што можам зрабіць

Па знешнім выглядзе таго ці іншага будынка можна смела меркаваць аб тым, наколькі руплівы гаспадар у ім жыве. У гэтым плане Багушэвіцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі яскрава сведчыць пра тое, што знаходзяцца і працуюць тут людзі неабыякавыя, адказныя, і яны клапоцяцца аб утульнасці не толькі для сябе, а і тых, хто штодзённа наведвае гэтую ўстанову. Тут пастаянна падтрымліваюць належны парадак, абнаўляюць кабінеты і іх абсталяванне, праводзяць касметычны рамонт.

Не стаў выключэннем у гэтым плане і 2023 год. Тут, па-першае, пафарбавалі сцены, ад чаго кабінеты амбулаторыі сталі святлейшымі. Па-другое, аснасцілі ўсім неабходным кабінет лабараторыі, дзе зараз можна без выезду ў райцэнтр здаць аналізы. Па-трэцяе, у амбулаторыі з’явіўся дэфібрылятар, чым пахваліцца можа далёка не кожная амбулаторыя. Па-чацвёртае, адбылося абнаўленне пакояў, дзе знаходзіцца дзённы стацыянар. Сярод навінак гэтага года таксама сучасная стаматалагічная ўстаноўка (урач-стаматолаг прыязджае сюды двойчы на месяц, а ўрач-стаматолаг-хірург – па асобным графіку). Больш зручным стаў і сам уваход у будынак: зараз абноўлены ганак аснашчаны і пандусам для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Да паслуг пацыентаў у амбулаторыі ёсць і ўласная аптэка з шырокім асартыментам тавараў, у якой можна набыць любыя лекі (пры адсутнасці неабходных – іх заказваюць і прывозяць з Беразіно).

Дарэчы, пра Беразіно. Багушэвіцкая амбулаторыя пры выкананні ўскладзеных на яе функцый не застаецца сам-насам з узнікаючымі праблемамі, бо цесна супрацоўнічае са спецыялістамі райбальніцы, якія ў адпаведнасці з графікам выязджаюць у сельскія медустановы. Частымі гасцямі (не радзей аднаго разу ў месяц) тут з’яўляюцца не толькі стаматолагі, а і хірург, гінеколаг, анколаг, неўролаг, псіхіятр, які наведвае на даму асоб, што стаяць на дыспансерным уліку. У амбулаторыі можна зрабіць і некаторыя віды даследаванняў. Для правядзення больш глыбокіх з іх – УЗД, ФГДС, устаноўка холтара – з райбальніцы рэгулярна выдаюцца талоны.

Агульны ж агляд пацыентаў, устанаўленне пярвічнага дыягназу, назначэнне лячэбных прэпаратаў або працэдур ажыццяўляе на месцы загадчыца амбулаторыі, урач агульнай практыкі Анастасія Косціна. Медустанову ў Багушэвічах яна ўзначальвае трэці год і за гэты час вельмі палюбіла і мясцовыя краявіды, і саміх людзей, не шукае сабе іншай долі, бо поўнасцю задаволена сваім першым месцам работы.

– Усе праблемы, што часам узнікаюць, – расказвае яна, – вырашальныя. У гэтым плане я адчуваю вялікую падтрымку галоўнага ўрача Бярэзінскай ЦРБ Крысціны Крук. З якім бы пытаннем ні звярнуўся да яе, заўсёды атрымаеш кваліфікаваны адказ і адчуеш дапамогу пры яго вырашэнні. Таму працаваць абы-як проста сорамна, імкнешся паказаць дастойныя вынікі, што мне заўсёды ўдаецца. Але я не ганюся за лічбамі, а імкнуся ў першую чаргу да таго, каб даць людзям як мага больш з таго, што мы можам зрабіць у плане захавання іх здароўя і даўгалецця.

А колькасць жыхароў, якіх абслугоўвае амбулаторыя, складае 1750 чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі, як гаворыць Анастасія Уладзіміраўна, ад Костаўшчыны да Прыцерпы, у тым ліку і зона, якую абслугоўвае Міхалёўскі ФАП, а таксама некалькі вёсак Паплаўскага сельсавета. І тут істотную дапамогу Анастасіі Косцінай аказвае замацаваны за амбулаторыяй перасоўны медыцынскі комплекс (ён абслугоўвае і шэраг іншых населеных пунктаў па ўсім раёне), на якім яна часта выязджае да сваіх пацыентаў і сустракаецца з імі непасрэдна па месцы жыхарства. Ёсць у амбулаторыі і свой аўтамабіль для вырашэння гаспадарчых пытанняў. Іншы раз доктар выкарыстоўвае яго для таго, каб даставіць у ЦРБ хворага чалавека, якому самастойна дабрацца да райцэнтра вельмі складана.

Так з дня ў дзень і працуюць работнікі амбулаторыі, аказваючы неабходную медыцынскую дапамогу людзям, праводзячы прафілактычную работу, прадастаўляючы паслугі дзённага стацыянара. Паралельна з гэтым станоўча вырашаюцца пытанні правядзення дыспансерызацыі (дзеці школьнага ўзросту прайшлі яе ўсе, амаль тысяча грамадзян ва ўзросце 40+ гадоў, што больш даведзенага заданнем, перакрыты паказчык і па групе насельніцтва ва ўзросце да 40 гадоў). І яшчэ адна лічба: з пачатку года ў дзённым стацыянары амбулаторыі пабывала 190 чалавек, значыць, і гэтая паслуга запатрабавана ў вяскоўцаў.

Радуе доктара і той факт, што жыхары навакольных вёсак актыўна прышчапляюцца ад грыпу. Прычым, вельмі часта праяўляюць у гэтай справе ўласную ініцыятыву і клопат пра сваё здароўе. Аналагічна паводзяць сябе многія і ў адносінах вакцынацыі ад кавіду. І ў амбулаторыі ўжо гатовы да наступлення чарговага сезона. Прыходзьце, звяртайцеся, вам тут абвязкова дапамогуць.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER