Перспектыўны спецыяліст

Date 25.11.2024 Man
Comment 319
Перспектыўны спецыяліст

Загадчыца Высакагорскага ФАПа Вераніка Дарма працуе тут ужо другі год. Да нас гэтая прыветная дзяўчына з прыгожай усмешкай прыехала з горада Клімавічы, што на Магілёўшчыне, адразу пасля заканчэння Барысаўскага медыцынскага каледжа – па размеркаванні.

Па яе словах, на Высокай Гары спакойна і людзі добрыя, яны адразу прынялі клапатлівага і дасведчанага ў медыцынскіх навуках сельскага доктара. Асабліва ўзрадаваліся з’яўленню маладога спецыяліста дзеці, праўда іх мала на тэрыторыі, якую абслугоўвае ФАП.

– Да дзетак таксама прыходжу на дом, як і да дарослых, – гаворыць Вераніка. – Ёсць у нас адзін маленькі Багдан Габец, наведваю хлопчыка рэгулярна, каб аглядзець, паслухаць.

Малады спецыяліст прызнаецца, што на Бярэзіншчыну было прыемна прыехаць. Пасля родных Клімавіч патрапіць у Барысаў на вучобу выглядала не вельмі камфортна – новы горад падаўся нейкім даволі змрочным для ўспрымання, а вось Беразіно адразу лягло на душу насычанасцю фарбаў, асабліва ў летнюю пару. Тут утульныя вуліцы, прыгожы архітэктурны дызайн, шмат зеляніны.

Уласна сама дзяўчына падчас вучобы ў школе пра медыцыну не думала, але неяк само ўсё склалася ў справе выбары прафесіі, як прынята гаварыць – так сышліся зоркі. Сярэдні бал пасля школы быў даволі высокі, хацелася адразу паступаць вучыцца на медсястру, аднак прыёмная камісія навучальнай установы пераканала паступаць на спецыяльнасць «лячэбная справа».

– Прызнаюся, было адразу цяжка пару месяцаў, але потым вучоба захапіла і спадабалася. І калі на адпрацоўку на Бярэзіншчыну ехала – таксама хвалявалася вельмі-вельмі, – гаворыць Вераніка. – Аднак хутка ўсё наладзілася як мае быць.

Дарэчы, у наступным жніўні перыяд адпрацоўкі ў Веранікі заканчваецца, ці заставацца надалей у нас – дзяўчына пакуль не ўпэўненая, варта яшчэ паразважаць. Блізкай радні тут няма, а вось у Клімавічах чакае малады чалавек.

Аднак у далейшых планах наконт вучобы яна не сумняваецца, хоча прайсці дадатковыя курсы, павысіць кваліфікацыю, і ў перспектыве паступіць у вышэйшую навучальную медыцынскую ўстанову. Здаецца, гэтаму ўсё спрыяе, і па-першае, маецца ўласнае жаданне.

Дарэчы, дзяўчына яшчэ любіць і кнігі: у прафесійным плане аматарка навуковых дапаможнікаў і падручнікаў па псіхалогіі, а ў хвіліну адпачынку чытае раманы пра каханне.

 

Пра ФАП

Акрамя маладога спецыяліста, працуюць у Высакагорскім ФАПе яшчэ санітарка Алена Габец, якая тут ужо 21 год, і сезонны качагар Сяргей Габец.

На абслугоўванні ў дадзенай лячэбнай прафілактычнай арганізацыі 13 населеных пунктаў, у ліку якіх Старыя Гумны, Ялоўка, Тылькаўка, Харчычы і іншыя. Насельніцтва зоны абслугоўвання складала на пачатак года 240 чалавек, з іх 6 дзяцей.

Тут наладжана пастаянная па-стаўка лекавых сродкаў, аптэка ўкамп-лектаваная ўсім неабходным. Лекі можна заказваць па рэцэптах, усё дастаўляецца своечасова і аператыўна.

За дзень у ФАП наведваецца па 7-8 чалавек. Праўда, зараз у сезон рэспіраторных захворванняў пацыентаў бывае і больш, дзень на дзень не ўгадаеш. Таксама людзі звяртаюцца за прышчэпкамі ад грыпу.

Рэгулярна праводзяць прыём пацыентаў два разы на месяц урач агульнай практыкі і ўрач-педыятр Бярэзінскай ЦРБ. Праводзяцца тут па папярэднім запісе ўльтрагукавыя даследаванні. А вось калі прыязджаў выязны флюарограф, Вераніка ўласна сама абзваньвала насельніцтва і хадзіла па дамах, каб запрасіць лю-дзей на абследаванне.

Кіраўніцтва Бярэзінскай ЦРБ адзываецца пра Вераніку Дарма выключна ў станоўчым рэчышчы – як пра адказнага і добрага маладога спецыяліста.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER