Гартавалася на Бярэзіншчыне

Date 21.06.2022 Man
Comment 450
Гартавалася на Бярэзіншчыне

Вялікая Айчынная вайна і яе пачатак былі не толькі трагедыяй для народаў былога Савецкага Саюза, а і вялікім выпрабаваннем на стойкасць, гераізм і адданасць сваёй Радзіме.

 

Яна ў поўнай меры праявіла рэальную згуртаванасць многіх народаў і нацыянальнасцей краіны і нават сёння, праз многія дзесяцігоддзі пасля Вялікай Перамогі, мы з вялікай павагай і ўдзячнасцю ўспамінаем мужнасць сваіх бацькоў і дзядоў, ганарымся іх бессмяротным подзвігам, перадаём памяць аб іх нашчадкам.

Мы добра памятаем гісторыю пачатку вайны і  слаўны подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці. І падобнага роду подзвігаў з самага пачатку баявых дзеянняў было ўчынена вялікае мноства. Прычым, не толькі асобнымі салдатамі або ротамі, а цэлымі дывізіямі. Шлях адной з іх, сотай, ордэна Леніна стралковай дывізіі пад кіраўніцтвам генерал-маёра І. Русіянава, праходзіў праз Бярэзіншчыну ў ліпені 1941 года. Чым жа вызначыліся байцы гэтага фарміравання? Дывізія за праяўленую асаблівую доблесць, стойкасць і мужнасць загадам Народнага Камісара Абароны ўжо 18 верасня 1941 года была перайменавана ў першую гвардзейскую, і такім чынам паклала пачатак фарміраванню савецкай гвардыі.

Да гэтага воіны праслаўленай дывізіі ўдельнічалі ў жорсткіх абарончых баях пад Мінскам. Яны, умела выкарыстоўваючы звязкі гранат і, галоўным чынам, бутэлькі з гаручай сумессю, знішчылі вялікую колькасць пяхоты і танкаў праціўніка. Паспяховы вопыт барацьбы воінаў 100-й дывізіі з варожымі танкамі і іншай ваеннай тэхнікай шырока распаўсюджваўся  і ў іншых злучэннях Заходняга фронту. У сувязі з гэтым паступова пачаў прападаць узнікшы дзе-нідзе ў першыя дні вайны страх перад танкамі праціўніка.

Асабовы склад дывізіі добра акопваўся і маскіраваўся, і пры набліжэнні варожых танкаў закідваў іх гранатамі і бутэлькамі з гаручай сумессю, а пяхоту адсякаў ружэйна-кулямётным і мінамётным агнём і знішчаў яе.

А вось якія запісы захаваліся ў дзённіку баявых дзеянняў праслаўленай дывізіі ў час абарончых баёў на тэрыторыі нашага раёна ў ліпені 1941 года:

2 ліпеня 1941 года. Па загаду камандзіра 2 стралковага корпуса (у склад гэтага корпуса ўваходзіла 100-ая стралковая дывізія, камандаваў корпусам генерал-маёр А. Ермакоў) дывізія перайшла да абароны на рацэ Бярэзіне, маючы задачу не дапусціць ворага на ўсходні бераг і прыпыніць прарыў дробных часцей ворага ў напрамку на Магілёў, выйсці на рубеж Жорнаўка, Беразіно, Брадзец, маючы  пераправу на мосце Беразіно.

Вораг апярэдзіў нашы часці і заняў пераправу на рацэ Бярэзіне. Часці 155 стралковай дывізіі вялі бой за мост Беразіно. 85 стралковы полк (уваходзіў у 100-ую дывізію), падышоўшы к гэтаму часу, па загадзе камандзіра дывізіі выступіў на дапамогу 155-ай стралковай дывізіі, ведучы бой па захопе пераправы Беразіно. У выніку бою меліся страты. Колькасць не ўстаноўлена. Пераправа каля Беразіно не адбылася. Камандзір дывізіі генерал-маёр Русіянаў вырашыў абходам на Чэрнеўку пераправіць часці дывізіі. Пераправа праведзена паспяхова і часці на працягу 2 і 3 ліпеня працягвалі сканцэнтроўвацца ў лесе на ўсход ад Чэрнеўкі.

4 ліпеня 1941 года. Дывізія, выконваючы загад камандзіра дывізіі №3, працягвала сканцэнтроўвацца ў лесе на ўсход ад Чэрнеўкі, маючы задачу ў 22.00 выйсці на рубеж Жорнаўка, Беразіно, Брадзец і заняць абарону…

6 ліпеня 1941 года. Камандзір дывізіі правёў нараду… На гэтай нарадзе быў сфарміраваны атрад пад камандаваннем капітана Яшчанка ў складзе асобнага разведвальнага батальёна, 81 асобнага супрацьтанкавага атрада, 183 асобнага зенітна-артылерыйскага батальёна і ўзвода добраахвотнікаў 2 асобнага батальёна сувязі. Задача атрада – узрыў моста ў раёне Беразіно, авалодаць дарогамі ў раёне Беразіно (асноўнымі) і арганізаваць абарону на ўсходнім беразе ракі Бярэзіны. Усю аперацыю па авалоданні  Беразіно ўзначаліў начальнік штаба дывізіі палкоўнік  Груздзеў. За сфарміраваным атрадам было загадана камандзіру 85 стралковага палка вылучыць полк, маючы авангард пяхоты сумесна з 34 артылерыйскім палком і рухацца па маршруце: Гумны, Міхеевічы, Мосткі, Лясковічы, Журоўка, Навасёлкі, Лешніца.

7 ліпеня 1941 года. 20.00. 69 асобны абаронны разведвальны батальён з узводам сапёраў і ўзводам добраахвотнікаў  29 асобнага батальёна сувязі выступілі ў напрамку Беразіно з задачай не дапусціць ворага пераправіцца цераз раку Бярэзіну і знішчыць пераправы, што і было атрадам выканана. Разведдазор ад 69 асобнага разведвальнага батальёна, які дзейнічаў у напрамку вёскі Пагост, выявіў наяўнасць танкавых падраздзяленняў ворага, дзе ў гэты час  355 стралковы полк сумесна з 46 гаўбічна-артылерыйскім палком вялі бой. У выніку боя знішчана каля 16 танкаў…” 

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « «Поезд Памяти» к старту готов “Заўтра была вайна” »
« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31