Кавалеўскія – удзельнікі “Уладара сяла”

Date 23.06.2023 Man
Comment 1182
Кавалеўскія – удзельнікі “Уладара сяла”

– Сям’я  для нас заўсёды на першым месцы, – гаворыць галава сям’і Кавалеўскіх  Пётр. – Усё ў нашым жыцці праходзіць праз прызму таго, карысна яно для нашай сям'і ці не карысна.

– Самае галоўнае – разумець, што сям’я – гэта ў першую чаргу каханне, – дадае яго жонка  Святлана. – А каханне мае на ўвазе клопат, цярплівасць, здольнасць саступаць і дараваць, дзейнічаць, аказваць і адчуваць падтрымку.

У сям’і Кавалеўскіх гадуюцца чацвёра дзяцей: старэйшы Дзіма закончыў  8-ы клас, Даша –  5-ы клас, Ліза – 3-і. Самаму малодшаму Пашу  – 4 гады.  Жывуць Кавалеўскія ў аграгарадку Любушаны, а днямі вярнуліся з горада Старыя Дарогі, дзе прайшоў абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”.  За гэты ганаровы статус змагаліся 16 сем’яў з розных куткоў Мінскай вобласці.

– Мы вярнуліся з вялікай колькасцю ўражанняў, – распавядае гаспадар. – Я не адразу, але падтрымаў запал маёй жонкі. Яна ініцыятыўная, актыўная, жыццелюбівая... Давялося і агародніну з завязанымі вачыма перабіраць, і жонку на тачцы вазіць, і ляльку спавіваць. А жонцы – цвікі забіваць, і разам венікі вязаць, дровы рыхтаваць ды дранікі на калодзе гатаваць... У агульным заліку мы занялі 9 месца і былі ўзнагароджаны Дыпломам фіналіста абласнога этапу сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2023”. Нашай сям’і сёлета спаўняецца 12 гадоў, і для нас гэта падарожжа застанецца незабываемым. Мы вельмі ўдзячныя тым, хто нас падтрымліваў на працягу гэтага праекта і садзейнічаў, чым мог. Сярод іх – дырэктар Любушанскага клуба-бібліятэкі Таццяна Несцяровіч, вядомы бярэзінскі музыка Міхась Папруга, вадзіцель Бярэзінскага лясгаса Мікалай Тарасевіч, творчы чалавек Наталля Ярмоліна, прадстаўнік ГА “БРСМ” Аксана Крывянкова. Усім ім вялікі дзякуй.

Дарэчы, Пётр Кавалеўскі больш за 15 гадоў працуе памочнікам ляснічага Любушанскага лясніцтва Бярэзінскага лясгаса. З лесам звязана ўсё яго жыццё – ён вырас каля лесу, сам з дынастыі лесаводаў, у якой ужо чатыры пакаленні мужчын звязваюць свой лёс і лёс сваіх сем’яў з лесам.

– Ведаеце, я заўсёды адчуваю побач надзейнае плячо мужа, яго падтрымку, – гаворыць Святлана Уладзіміраўна. – Ён – мая апора і верны памочнік у рэалізацыі маіх задумак і ідэй. Так, напрыклад, калі я асвойвала справу майстра манікюру, вучылася на анлайн-курсах, былі патрэбны немалыя затраты на набыццё неабходных інструментаў і матэрыялаў, Пётр падтрымаў мяне па ўсіх, як кажуць, напрамках. І нават падарыў прафесіянальны апарат для манікюру-педыкюру “Моротон-7”. Маё захапленне стала не проста справай для душы, а і дазваляе мець заробак у сямейную скарбонку.

 

Памеранскі шпіц Зефір –  любімец усёй сям’і

 

Святлана Уладзіміраўна мае на сваім рахунку 21 сертыфікат майстра манікюру-педыкюру, 2 Дыпломы “TOP MASTER” і 1 сертыфікат майстра-бравіста.

На цяперашні час самы вялікі сямейны праект  Кавалеўскіх – пераўтварэнне іх маленькай драўлянай хаты ў вялікі дом з усімі сучаснымі камунікацыямі.

– Нам, як мнагадзетнай сям’і, прапаноўвалі будаваць кватэру ў горадзе Беразіно, – гавораць бацькі, – але што для вялікай сям’і адна- ці двухпакаёвая кватэра?!  У вёсцы мы маем не толькі свой зямельны ўчастак, сваю хатнюю гаспадарку, тут лес – побач, рэчка – побач. Тут з сонцам устаеш і радуешся кожнаму ранку і шырокім вясковым прасторам. З дзецьмі мы  – і ў лес за грыбамі-ягадамі, і на рэчку купацца, і на веласіпедах – да стадыёна, каб пагуляць там у футбол. А зараз сумеснымі намаганнямі пакрысе  займаемся будаўніцтвам свайго дома.

І хаця ў шматдзетнай матулі шмат клопатаў па доме і з дзецьмі, з будаўніцтвам, але Святлана знаходзіць час і для свайго захаплення спевамі. Яна – удзельніца мясцовага вакальнага калектыву народнай песні “Славяначка”.

Так, і ў праекце “Уладар сяла” яна паказала свае музычныя здольнасці, прадстаўляючы “Візітную картку” сям’і. Частавала ўсіх караваем і расказвала пра сваю любоў да роднай вёскі (цяпер аграгарадка) і знаёміла ўсіх з гісторыяй паходжання яе назвы.

Пётр Кавалеўскі з любімым музычным інструментам

 

Пётр таксама музычна-творчы чалавек, мае дзве гітары і падтрымлівае развіццё рознабаковых здольнасцей сваіх дзетак. Першыя музычныя  поспехі  робіць дачушка Ліза, яна займаецца ў музычным гуртку  Любушанскага клуба пад кіраўніцтвам  мастацкага кіраўніка Алены Сакавай. Дашы больш падабаюцца гуманітарныя навукі, летась яна паказала добрыя вынікі на алімпіядах па рускай і беларускай мовах. Дзіма цікавіцца спортам, займаецца футболам і настольным тэнісам, і нават мае шмат медалёў і грамат за ўдзел і перамогі ў спаборніцтвах. Як старэйшы, ён  – галоўны памочнік бацькі ў пытаннях новабудоўлі, а таксама ў нарыхтоўцы дроў на зіму, навядзенні парадку на тэрыторыі двара, і за малодшым брацікам прыглядвае, і сястрычкам, калі трэба, штосьці падкажа, і матулю за хатнімі справамі падтрымае. Гэтымі чэрвеньскімі днямі Дзіма наведвае лагер працы і адпачынку, што дзейнічае пры школе...

А яшчэ, дарэчы, любяць у сям’і Кавалеўскіх пачараваць над рознымі стравамі і прысмакамі  на кухні. Свае здольнасці кухараў яны ўсе дэманстравалі і на праекце “Уладар сяла”.

– У нас ёсць такі звычай, – дадаюць яны, – спачатку трэба гасцей пачаставаць і толькі потым пра справы гутарыць!

Даша дэманструе вінаград, што расце на падворку

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
« Декабрь 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31