Дзякуй, участковы міліцыянер

Date 07.06.2022 Man
Comment 365
Дзякуй, участковы міліцыянер

Нядаўна на адрас раённай міліцыі прыйшоў электронны зварот. Яго даслаў жыхар сталіцы Аляксандр Саўчук. Ён выказаў словы падзякі за прафесіяналізм і чуласць эміліцыянерам, якія двойчы прыходзілі яму на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Асобна мужчына адзначыў участковага інспектара міліцыі Бярэзінскага РАУС Максіма Кашлачова. Ён 29 красавіка не прайшоў міма бяды сям’і з шасцігадовай дачушкай.

Па дарозе з Хоцімска ў сталіцу нечакана ў іх выйшаў са строю датчык узроўню паліва і каля аграгарадка Пагост машына надзейна заглохла без паліва. Набыць гаручае ні за якія грошы не атрымлівалася. Паблізу не было ні заправачнай станцыі, ні знаёмых, а дачушка пачала замярзаць у салоне машыны. Давялося звярнуцца па дапамогу да ўчастковага інспектара міліцыі, які ў гэты час знаходзіўся на пункце аховы правапарадку ў будынку Пагосцкага сельскага Савета. Ён не адмовіў, запрасіў у свой службовы аўтамабіль, “злятаў” за каністрай і даставіў паліва да машыны. Ад грашовай кампенсацыі міліцыянер катэгарычна адмовіўся. І падкрэсліў, што яму цалкам дастаткова слова “дзякуй”.

Сам Максім Кашлачоў нічога асаблівага ў сваім учынку не бачыць

– Напэўна, кожны на маім месцы паступіў бы так, – гаворыць ён, – людзям жа трэба дапамагаць. І гэта не толькі таму, што я нашу міліцэйскі мундзір, але і па-чалавечы.

Службу ўчастковага інспектара міліцыі ён нясе ўжо другі год і заслужана карыстаецца павагай калег і кіраўніцтва міліцыі.

– Максім яшчэ з дзяцінства марыў пра навучальныя ўстановы МУС Рэспублікі Беларусь, – гаворыць пра Максіма Кашлачова намеснік начальніка РАУС Генадзій Рабіза, – ён са звычайнай сялянскай сям’і. Бацька ў яго адзін з лепшых земляробаў ААТ “Пагосцкі” з маленства прывучыў сына паважаць людзей, не цурацца ніякай працы. Будучы школьнікам, дапамагаў бацьку на жніве – працаваў памочнікам камбайнера. У акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь паступаў свядома і без ваганняў пасля заканчэння вучобы вярнуўся на службу ў наш аддзел міліцыі.

Трэба сказаць, што Максім сам дабіўся для сябе прызначэння на адміністрацыйны ўчастак у родным аграгарадку Пагост.

– Мне падаецца, што менавіта тут сярод знаёмых, суседзяў і сваіх таварышаў я буду надзвычай патрэбны як абаронца іх інтарэсаў і ахоўнік іх спакою, – лічыць Максім. – Ведаю, гэта няпроста несці міліцэйскую службу сярод сваіх, але мяне гэта ніколькі не палохае.

Максім і сапраўды жадае дапамагчы кожнаму на сваім участку.

– Ведаеце, куды прасцей падзяліцца з чалавекам палівам на дарозе, чым вярнуць труса бабулі, – гаворыць ён. – Магчыма яго не выкралі, а ён сам збег ад недагляду. Але жанчыне ад гэтага не лягчэй. Таму, пакуль гэта так, слоў падзякі да сябе ад людзей не папрашу.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER