У раёнкі 90-ы дзень нараджэння

Date 02.11.2021 Man
Comment 789

Першы нумар нашай раённай газеты выйшаў 2 лістапада 1931 года.

У той час яна мела назву “Сцяг Леніна». Сёння бярэзінская газета адзначае юбілей – роўна 90 гадоў яна спраўна некалі тройчы, а цяпер двойчы на тыдзень прыходзіць у дамы сваіх падпісчыкаў. Для друкавананага выдання гэта даволі сталы і мудры ўзрост.

Насустрач стагоддзю

Унікальнасць газеты ў тым, што яна ў адрозненні ад іншых выданняў усяго аднойчы мяняла сваю назву, але задача заставалася ранейшай – занатоўваць на сваіх старонках гісторыю раёна, услаўляць лепшых працаўнікоў роднай зямлі, крытыкаваць за пралікі, раіць, дапамагаць, падтрымліваць, расказваць пра значныя і не вельмі падзеі, пра ўсё цікавае, адметнае, вызначальнае.

– Юбілей для мяне і калег асаблівы, – адзначае галоўны рэдактар газеты «Бярэзінская панарама” Юлія Букель. – Усе мы марым не проста дажыць да стагоддзя газеты, але і не страціць тых пазіцый, якіх удалося дасягнуць за апошнія гады.

І сапраўды, нямногія раёнкі могуць пахваліцца такой гісторыяй і творчым даўгалеццем, як «БП».

– За апошнія гады шмат змяненняў адбылося з нашай газетай, – працягвае Юлія Віктараўна. – Мы змянілі дызайн і вёрстку выдання, раз у месяц выходзім у поўнакаляровым варыянце, у ў поўнай меры перагледзелі ракурс на інфармацыйную палітыку газеты. Ды і працаваць у нашым калектыве за ідэю, з азартам і энтузіязмам умеюць, працоўны дзень ніяк не абмяжоўваецца васьмiгадзінным графікам, а працоўны тыдзень – толькі пяццю днямі.

Вярнуць былую школу юнага журналіста

Сёння «БП» – сучаснае, паспяховае, канкурэнтаздольнае выданне, заслуга ў гэтым належыць зладжанаму вопытнаму калектыву рэдакцыі. Так, «правай рукой» рэдактара з’яўляецца яго намеснік Анатоль Палынскі. У рэдакцыю ён прыйшоў адразу пасля заканчэння школы, пачынаў звычайным карэспандэнтам, працяглы час быў рэдактарам, падрыхтаваў не аднаго маладога журналіста. Калегі паважаюць яго, а чытачы выбіраюць яго матэрыялы па краязнаўчай тэматыцы, сельскай гаспадарцы, жыццёвыя замалёўкі і нарысы пра людзей.

– Некалі ў наш час у рэдакцыі плённа працавала школа юнага журналіста, – зазначае Анатоль Яўгенавіч, – з якой выйшла нямала карэспандэнтаў самых розных выданняў. Адрадзіць яе ўжо ў выглядзе школы блогераў – наша запаветная мара.

Па матчыных сцежках

Амаль 23 гады таму ў халодны лістападаўскі дзень прыйшла ў рэдакцыю па сцежках сваёй матулі з раённай бібліятэкі адказны сакратар Мілана Трапянок. Пачынала з працы на радыё, а затым амаль дваццаць два гады ўзначальвала аддзел пісьмаў і
сацыяльных праблем. Сярод упадабаных тэм – адукацыя, культура, дзейнасць праваахоўных органаў, маладзёжныя праблемы. Яна аўтар шэрагу праектаў.

– Камусьці падасца сумным столькі гадоў шчыраваць на адным месцы, – гаворыць яна. – Але журналістыка –гэта такі бязмежны акіян інфармацыі і формаў падачы, засвоіць якія цэлага жыцця не хопіць!

Ад фэнтэзі да рэальнасці

Зусім нядаўна ў наш калектыў вярнуўся карэспандэнтам Аляксандр Бычкоўскі. Ён не толькі беларускі аўтар твораў у стылі фэнтэзі, але і чалавек, які цудоўна піша на самыя розныя тэмы, выкладвае цікавыя пасты ў сацыяльных сетках.

– Журналістыка – гэта справа не для кожнага, – перакананы ён. –Паспрабуйце сабраць матэрыял і занатаваць яго для чытача ў дасціпнай форме!

Вачыма Алены Громавай

Вялікі стаж працы ў рэдакцыі мае і фотакарэспандэнт Алена Громава. Няма ў нашым раёне чалавека, які б яе не ведаў, бо яе можна сустрэць на малочнатаварных фермах і палях, у школах і на розных мерапрыемствах. Гэта праз яе фотааб’ектыў мы знаёмімся з цікавымі людзьмі, удзельнічаем у акцыях і назіраем за мерапрыемствамі.

Спачатку чытае карэктар

Як бачым, вопыту калектыву «БП» не пазычаць, як і карэктару Зінаідзе Гурэцкай. У свой час яна спраўна вучыла дзяцей, а сёння карпее над памылкамі ў матэрыялах.

– Нават не ведаю, дзе працаваць лягчэй: у школе альбо ў рэдакцыі, – заўважае Зінаіда Васільеўна, – у дзень кожны раз даводзіцца чытаць шмат самых розных матэрыялаў.

Падрастае маладая змена

Пасля карэктуры матэрыял трапляе да двух тэхнічных работнікаў – Уладзіслава Сіняка і Івана Жукоўскага. Яны маладыя спецыялісты, якія выбралі першым месцам працы рэдакцыю. Трэба аддаць ім належнае, яны – вялікія майстры вёрсткі, бо дзякуючы іх ведам і ўменням на свет з’яўляецца будучы газетны аркуш.

Мілы наш бухгалтар

А які калектыў без бухгалтэрыі. Надзейна кіруе нашымі фінансамі і сочыць за тым, каб дэбет схадзіўся з крэдытам Святлана Афанасьева. А сумнявацца ў тым, што ўсё будзе ў ажуры, не дае ўсяго адзіны факт, што нарадзілася яна ў Дзень друку, 5 мая. Яе калега па кабінеце – загадчыца аддзела рэкламы Клаўдзія Сыраквашка. У яе руках надзейна трымаецца папаўненне даходаў рэдакцыі, бо яна знойдзе ключык да кожнага, нават самага капрызнага рэкламадаўца.

Традыцыі доўгажыхарства

Шмат гадоў свайго жыцця адпрацавала справаводам, а нядаўна пачала сумяшчаць работу на радыё Ала Караганава.
– Быў перыяд, наш калектыў не ведаў ніякіх кадравых пытанняў, людзі прыходзілі сюды і працавалі да самай пенсіі, але час не стаіць на месцы, – гаворыць яна. – На змену сталым прыходзяць маладыя работнікі. Спадзяюся, што ім у спадчыну перадасца наша рэдакцыйнае доўгажыхарства.

Вадзіцель “Прессы”

Ды і пэўнай творчай жылкай валодае і наш вадзіцель Сяргей Віннік. Яму даводзіцца няпроста, бо ў дзень кіламетраж дасягае сотні кіламетраў. Аднак, як добра, што машына знаходзіцца ў яго надзейных руках і не ведае паломак.

Галоўнае – вернасць чытачу

– Кіраўніцтва нашай рэдакцыі заўсёды падтрымлівае маладых журналістаў і дае магчымасць для творчай самарэалізацыі кожнаму, – адзначае Юлія Віктараўна. – Вось я, будучы адказным сакратаром, паспела неаднойчы ўславіць газету на розных творчых конкурсах. Мяркую і на далей з калектывам штурмаваць няпросты журналісцкі Алімп, імкнуцца каб раённая газета заўсёды верай і праўдай служыла свайму чытачу.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Три поездки за неделю Калі ззяе светлы праменьчык »