Тут месца хапіла не толькі васьмі камандам з ліку работнікаў упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, кіраўнікоў устаноў адукацыі, намеснікаў кіраўнікоў адукацыі, цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і зборнай камандзе прадстаўнікоў сацыяльнай галіны раёна, гарачым балельшчыкам, паважаным гасцям, але і прыгажуні-ёлцы з рознакаляровымі агеньчыкамі і цацкамі. Гэта азначала для ўсіх работнікаў сацыяльнай галіны толькі адно – ўзяла старт дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.
Раз, два, тры – ёлачка гары!
– Па традыцыі ў кожнай установе адукацыі з 14 снежня па 14 студзеня наступнага года праходзіць дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, – такімі словамі віталі ўдзельнікаў раённай спартландыі вядучыя. – Яна ўжо больш за чвэрць стагоддзя робіць шчаслівымі дзяўчынак і хлапчукоў, зараджае іх бадзёрым радасным настроем і дорыць надзею на казку. Акцыя ўключае ў сябе некалькі мерапрыемстваў няпярэдадні Новага года. Гэта – “Цуды на Ражство”, “Добрае сэрца”, “Падары дзецям казку”.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця раённай спартакіяды прынялі ўдзел паважаныя госці – галоўны ўрач райбальніцы Крысціна Крук, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Вольга Калячка, кіраўнік цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Яўгеній Котаў, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Бярэзінская панарама” Анатоль Палынскі, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Аўрамчык, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вадзім Буйніцкі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Сакалоўская, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Бондар, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Дубовік, начальнік Бярэзінскага ўчастка паштовай сувязі Вікторыя Лагоўская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Толкач і іншыя. Ім выпаў пачэсны гонар атрымаць сімвалічныя калядныя зоркі з рук зорнай дзявочай валейбольнай каманды пад кіраўніцтвам трэнера Мікалая Міхалева са спартыўнай школы і ўпрыгожыць імі навагоднюю ёлку. Узамен валейбалісткі атрымалі віншаванні з Новым годам і салодкія падарункі.
Такі казачны навагодні настрой і шчырыя пажаданні кіраўнікоў павінны ўзмацніць іх волю да перамогі і абавязкова прынясуць ўдачу ў надыходзячым годзе.
Ці лёгка скакаць у мяхах?
Вось і надышоў час спаборніцтваў. У праграме спартакіяды было некалькі выпрабаванняў, дзе ад кожнага члена каманды патрабавалася не толькі паказаць сваю хуткасць, спрытнасць і згуртаванасць. А як без яе ў камандных спаборніцтвах!
– Праграма прадумана з улікам таго, каб была па сілах кожнаму, – заўважыла адзін з арганізатараў мерапрыемства, намеснік дырэктара спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Таццяна Булойчык, – бо сярод удзельнікаў нямала маладых спецыялістаў, людзей сярэдняга ўзросту і нават пенсіянераў. Таму стаўка рабілася на самыя простыя фізічныя практыкаванні, а самым цяжкім сярод іх аказаліся скокі ў мяхах.
І сапраўды, скакаць у мяхах даволі няпроста, але трэба ведаць кемлівасць сацыяльных работнікаў. Некаторыя з іх умудрыліся замяніць скокі бегам і рабілі гэта вельмі шпарка. А яшчэ былі заданні з выкарыстаннем фітболу і гімнастычнай палкі, абручом і стужкамі, гімнастычным дыванком, нудлам і малым мячом.
– Увесь сакрэт у тым, што ўсе спаборніцтвы насілі эстафетны характар, – зазначае Таццяна, – дзе выконваць заданні даводзілася ў пары альбо ў групах. Таму не менш чым хуткасць і ўвішнасць цаніліся згуртаванасць, належная арганізацыя і вядучая роля капітана. Барацьба паміж камандамі была напружаная і вялася да самай апошняй хвіліны, бо ўсе дэманстравалі пераможны настрой.
– Нам добра вядома, што не ўсе стануць пераможцамі, – гаварылі ўдзельнікі спартландыі, – але кожнаму з нас хацелася быць карыснай камандзе і абавязкова фінішаваць першым. Мы нават цалкам забыліся пра ўзрост, свае хваробы і радаваліся поспеху, як малыя дзеці.
Адміністрацыйнага рэсурсу не было
А вось суддзям было няпроста, бо барацьба ішла за кожную секунду і не заціхалі спрэчкі. Таму было прынята рашэнне не крыўдзіць сваім вердыктам ніводную каманду і зарадзіць усіх перад навагоднімі святамі жартаўлівым і радасным настроем.
Так, самай хітрамудрай была прызнана каманда ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У намінацыі “За дакладнае разуменне задачы з трэцяга разу” вызначылі прадстаўнікоў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а намінацыю “Весела жыць не забароніш!” забрала сабе каманда кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна. Надзейным тылам была прызнана каманда намеснікаў кіраўнікоў устаноў адукацыі, а званне самай крэатыўнай суддзі прысудзілі камандзе раёнага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.
Усё вырашылі секунды
А хто ж стаў лепшым у агульнакамандным заліку? Тут усе вырашылі лічаныя секунды. Так, трэцяй стала каманда цэнтральнай раённай бальніцы, большасць якой складалі маладыя спецыялісты. Другое месца заняла каманда ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. А пераможцам, дарэчы, бясспрэчным, аказалася зборная каманда работнікаў сацыяльнай галіны на чале з капітанам Кацярынай Аўрамчык. У ліку каманды-пераможцы работнікі вузла паштовай сувязі, рэдакцыі раённай газеты, цэнтра гігіены і эпіэміялогіі, Чырвонага Крыжа, прафсаюзныя лідары.
Пераможцы атрымалі з рук намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Навіцкага і начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алесі Цітовай (дарэчы, яны былі і ў складзе сваіх каманд) медалі і кубкі, а намінанты – сувеніры.
Цяпер – дзяліцца добрым настроем з дзецьмі
– Спадзяюся, што наша ідэя спартыўнага і забаўляльнага старту дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ўсім прыйшлася па душы, – гаварыла па завяршэнні мерапрыемства Алеся Цітова. – Мы запалілі калядную ёлачку, весела і карысна правялі вольны час, назвалі самых спрытных і хуткіх, павадзілі карагоды, прагналі сваю хандру і ўжо цалкам гатовы з новымі сіламі віншаваць дзяцей з навагоднімі святамі, атуліць іх верай у казку і шчасце. Мяркую, што гэта будзе атрымлівацца ў работнікаў сацыяльнай галіны не менш шчыра, ярка ізапамінальна, як і гэта спартакіяда. Мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі будуць працягвацца.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.