Першае выпрабаванне

Date 15.02.2022 Man
Comment 456
Першае выпрабаванне

Для галоўнага інжынера сельгасфіліяла “Ома” Вадзіма Танковіча сёлетняя веснавая сяўба – асаблівая, першая на новай пасадзе. Маладым спецыялістам пасля заканчэння Клічаўскага каледжа прыйшоў ён у “Арэшкавічы”, а праз які час уладкаваўся ў “Ома”. Пачынаў з самых асноў: сезон адпрацаваў на сушылцы, потым па году быў слесарам і трактарыстам, яшчэ 3 гады – забеспячэнцам, і вось летась у маі атрымаў такую адказную пасаду. Хвалюецца малады чалавек перад адказным экзаменам: ці атрымаецца задуманае, ці будзе гатова своечасова тэхніка, ці не падвядзе ў час адказнай кампаніі.

Адчуваюць хваляванне свайго маладога інжынера і механізатары, спагадаюць яму і стараюцца не даваць залішніх прычын для неспакою. Ды і выпрацаваная гадамі сістэма пастаноўкі тэхнікі на зіму, яе захоўванне і падрыхтоўка да актыўнай работы ў гэтым сельгаспрадпрыемстве ніколі не давала збояў. Яно і зразумела: хто ж з механізатараў будзе абыякава ставіцца да рамонту сваёй тэхнікі, на якой заўтра выходзіць у поле, і марнаваць час ад вымушаных прастояў, не выпрацоўваць даведзеныя нормы, губляць у зарплаце і ўпускаць спрыяльныя для сяўбы дзянёчкі? Ды і ў рамонтнай брыгадзе, члены якой дапамагаюць трактарыстам, таксама сабраліся людзі вопытныя і адказныя – слесары, газаэлектразваршчык, токар.

– Да выхаду ў поле, – расказвае В. Танковіч, – тэхніка ў асноўным гатова. Яе падрыхтоўкай мы заняліся адразу ж пасля пастаноўкі на зіму. Самым складаным для нас з’яўляецца замена рухавіка на ўжо не новым трактары МТЗ-3022. Палічылі, што яго рамонт абыдзецца значна даражэй, вось і вырашылі ўнесці сваё ноу-хау, паставіўшы на месца адпрацаванага рухавік ЯМЗ. На жаль, мы на гэтым шляху не першаадкрывальнікі. З больш дробных работ – давядзенне да ладу агрэгата для раскідвання мінеральных ўгнаенняў і абпырсквальніка.

Усяго на лінейку гатоўнасці мяркуем паставіць 21 адзінку тэхнікі. Зразумела, не ўся яна будзе задзейнічана на сяўбе. Але ж не за гарамі тэхагляд, і сустрэць яго неабходна належным чынам.

Для вядзення работ у сельгасфіліяле ёсць тры энерганасычаныя трактары, тры сеялкі, 9-корпусны і два 4-корпусныя плугі. У планах — набыць 6-корпусны. Гэтая навінка ўнікальная тым, што дазваляе рэгуляваць шырыню захопу, а выкарыстоўваць можна як энерганасычаным трактарам, так і МТЗ-1221. Гатовы таксама і іншыя агрэгаты.

Асноўны цяжар кампаніі возьмуць на сябе тры нашы асноўныя механізатары, не раз правераныя подобнымі выпрабаваннямі. Гэта Васіль Булойчык, Леанід Драгун і, вядома ж, Аляксандр Валасевіч. Ён зараз рамантуе раскідвальнік угнаенняў. На сяўбе будзе працаваць на новым МТЗ-3022, які набылі па лізінгу толькі летась увосень. Акрамя таго, у А. Валасевіча яшчэ дзве адзінкі тэхнікі – кормаўборачны і зернеўборачны камбайны. І на кожным з іх механізатар паказвае адмысловую работу.

Зразумела, – дадае Вадзім Аляксандравіч, – хваляванне перад маючай адбыцца кампаніяй вялікае. Але я заўсёды адчуваю надзейную падтрымку з боку дырэктара філіяла Дзмітрыя Калацэя (яму, ведаю, таксама няпроста трымаць планку гаспадаркі-лідара), а таксама саміх механізатараў. Спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі пасяўную, як і ў мінулыя гады, нам удасца правесці паспяхова.

Праз некаторы час пасля завяршэння пасяўной В. Танковіча будуць чакаць новыя няпростыя выпрабаванні. Але іншага кшталту. Ён адправіцца на вучэбную сесію ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, студэнтам-завочнікам ён стаў яшчэ летась…

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER