Іх подзвіг не забыты

Date 15.02.2022 Man
Comment 594
Іх подзвіг не забыты

15 лютага ў Беларусі адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. А літаральна напярэдадні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч арганізавала ўшаноўванне былых афганцаў, якія сёння працуюць на ніве сельскай гаспадаркі.

Яны пастаянна знаходзяцца ў працы, паказваюць узоры адносін да сваіх службовых абавязкаў. Пра свой удзел у баявых дзеяннях узгадваюць неахвотна, бо і праз шмат гадоў у іх памяці не сцёрліся тыя грозныя часы, калі смерць з’яўлялася нябачным спадарожнікам кожнага салдата.

Сёння даводзіцца чуць меркаванні наконт апраўданасці і мэтазгоднасці той вайны на чужыне, панесеных стратах. Так, было іх нямала. Але нашы салдаты свой інтэрнацыянальны доўг выканалі з гонарам і пакінулі аб сабе ў афганскага народа толькі добрую памяць і павагу. За свае мужнасць і сумленне.

Адным з удзельнікаў вайны ў Афганістане з’яўляецца і механізатар ААТ “Багушэвічы” Мікалай Емельяненка. Былы вадзіцель, камандзір узвода, сяржант адслужыў на тэрыторыі братняй краіны 1,5 года. Вяртаўся на Радзіму ў час вываду савецкіх войскаў з Афганістана і з апошняй калонай аўтамашын пакідаў Кабул. Сёння Мікалай Аляксандравіч – запатрабаваны ў гаспадарцы механізатар. Яго ўмелым рукам падуладны і штурвал зернеўборачнага камбайна. У сямейным экіпажы разам з сынам механізатар уваходзіў у 2020 годзе ў лік камбайнераў-тысячнікаў.

Акрамя М. Емельяненкі, памятныя адрасы і кветкі ў той дзень прымалі таксама былыя воіны-інтэрнацыяналісты – механізатар ААТ “Бярэзінскі” Васіль Дыбаль і слесар ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Сяргей Несцяровіч.

Іх мірная стваральная праца, як і баявое хрышчэнне, атрыманае на чужой зямлі Афганістана, служаць для многіх калег па рабоце і маладога пакалення ўзорам патрыятызму, мужнасці і адданасці роднай зямлі, якой яны прысвяцілі свой мірны шлях аратых і сейбітаў.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER