Святкаванне Дня Перамогі на возеры

Date 09.05.2022 Man
Comment 1079
Святкаванне Дня Перамогі на возеры

Насычанае разнастайнымі мерапрыемствамі святкаванне Дня Перамогі ўзняло патрыятычны дух, парадавала і проста ўзняла настрой бярэзінцаў і гасцей горада сёння ў зоне адпачынку на возеры.

 

 Шыкоўную канцэртную праграму з выступленнем салістаў і творчых калектываў прадаставіў раённы цэнтр культуры. У выкананні вядомых бярэзінскіх артыстаў гучалі песні, словы і мелодыя якіх не пакінулі раўнадушным нікога.

Асобным радком на мерапрыемстве варта адзначыць выступленне вядучага Аляксея Бабашава, які засяродзіў увагу прысутных на розных аспектах захавання гістарычнай памяці і сэнсу нашай Перамогі, значэння слова Радзіма.

Шматлікія атракцыёны вабілі малодшае пакаленне. Можна было пакатацца з горкі на самакаце і роліках, памаляваць на арт-сцяне, паўдзельнічаць у майстар-класе па стварэнні мастацкіх выбараў. Аматараў дзіцячых татушак чакаў аквагрым.

Для юных і дарослых спартсменаў былі прадугледжаны тэніс, дартс, барацьба на руках і іншыя захапляльныя гульні.

Цікавым пунктам значыўся Бярэзінскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, у праграме якога была дэманстрацыя работы вадзяной сістэмы пажаратушэння. Дзеткі былі ў захапленні ад відовішча (дарэчы, дарослыя таксама).

Многіх вабіла магчымасць памаляваць. Арт-сценка вельмі хутка запоўнілася аўтографамі, імправізаванымі эцюдамі, і як асабіста мне падалося, імправізаваным постмадэрнізмам. Напрыклад, дзяўчынка Маша Варабей малявала зорку. А Усціння Захожая разам з татам Аляксандрам старанна выводзілі кветачкі (на фота).

На свяце было шмат цікавага. Агульны настрой узмацняўся яшчэ і спрыяльным надвор’ем. Гледачы канцэрта падтрымлівалі авацыямі артыстаў. У асобным кутку можна было пачаставацца смачным шашлыком. А ў процілеглым сектары тэрыторыі маладыя людзі ўсчалі гульню, падобную на валейбол.

І калі праводзілі галоўную выснову, можна упэўнена сказаць адно: сённяшняе святкаванне Дня Перамогі з’яднала прысутных у адным дыханні і пачуццях, думках і меркаваннях. Не гледзячы на розны сацыяльны статус і род заняткаў, усе прысутныя на свяце нібыта сталі роўнымі, згуртаванымі духам барацьбы з праявамі фашызму і імкненнем замацаваць памяць пра подзвіг нашых гераічных дзядоў і бабуль, дзякуючы якім мы жывём у мірнай прыгожай краіне.

Аднак, чым шмат чытаць, лепш пазнаёміцца з водгукамі прысутных на свяце і паглядзець фотаздымкі.

Анатоль ЗЯБКО:

- Уражанні ад свята цудоўныя, асабліва на мітынгу спадабалася выступленне вядучага, такое эмацыянальнае, добрае, зараджае правільнымі думкамі слухачоў. Не збітымі выразамі, не казённымі, выдатна арганізавана свята.

Васіль КІСЕЛЬ:

- Вельмі ўрачыста. Вельмі добрыя словы былі сказаныя вядучым, вельмі актуальныя. У той час, калі ўся Еўропа забылася пра сваё мінулае, мне думаецца, у яе няма будучыні. Ну а нам трэба помніць подзвіг нашых салдат, каб падобнае не паўтарылася. Са святам усіх!

Алена і Дмітрый ЕРМАКОВЫ:

- Свята – гэта заўсёды добра, і асабліва калі гэта Свята Перамогі. На душы адразу ўзнікаюць радасць і сум, і нават крохі слёзы. Сёлетняе святкаванне арганізавана добра. Нашы дзеткі ўжо выраслі, таму на атракцыёны не ходзім, аднак мы прыйшлі паглядзець канцэрт. Адным словам, вельмі душэўна атрымалася.

Яўгеній КОТАЎ:

- Цудоўнае свята. Шмат людзей вакол з добрым настроем. Мы таксама прыйшлі парадавацца, далучыцца да агульнага святкавання. Адчуванні ва ўсіх выдатныя і лагоднае надвор’е спрыяе. Прыйшлі адзначыць Дзень Перамогі, паслухаць канцэрт, сустрэцца з сябрамі.

Сяргей ПІСКУН:

- Тое, што мы адзначаем Свята Перамогі – вельмі добра для нас, мы помнім наша мінулае. Нашы дзеці прыходзяць сюды і таксама будуць помніць. Нашы бабулі і дзядулі шмат нам расказвалі пра вайну. І мы расказваем нашым дзецям. Усёй з сям’ёй глядзім ваенныя фільмы. Цудоўна, што ёсць такое свята, якое азначае, што мы перамаглі фашызм і нацызм.

Зарына ГОЦМАН:

- Выдатнае свята, цудоўна паслухаць спевакоў, паглядзець канцэрт. Наогул, мне здаецца, актуальнасць Дня Перамогі ніколі не знікне, асабліва гэта слушна цяпер, калі паглядзіш, што робіцца ў свеце. Таму варта помніць, як наш народ перамог у тым моцным супрацьстаянні, каб падобнае не паўтарылася.

Аляксей ЗУБЦОЎ:

- Помню з маладых гадоў, як раней святкавалі Дзень Перамогі. І вось сёння нібыта на хвіліначку вярнуўся ў той час. Усё шчыра, ад душы, з належным размахам. Дзякуй па першае, ветэранам, якія прынеслі нам Перамогу. Дзякуй і арганізатарам і ўдзельнікам сённяшняга святкавання. І дзеткам ёсць чым заняцца, і дарослым цікава паглядзець і паслухаць. Нам з сям’ёй спадабалася!

 

 

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER