Менавіта яна дае старт 1 верасня, а таксама вызначае накірункі работы настаўнікаў, выхавацеляў, адміністрацыі ўстаноў адукацыі, называе лепшых з лепшых педагогаў, ушаноўвае ветэранаў педагагічнай працы і маладых спецыялістаў, а яшчэ натхняе педагагічныя калектывы на якасную і творчую работу на ніве навучання і выхавання дзяцей.
Сёлетняя жнівеньская канферэнцыя распачалася, як і ў папярэднія гады, не з яркага відовішча на вялікай сцэне раённага цэнтра культуры, а з работы інтэрактыўных пляцовак, на якіх школы і дзіцячыя садкі прэзентавалі свой вопыт. Іх работа разгарнулася ў фае цэнтра культур, а таксама на плошчы. Як аказалася, у кожнай установы адукацыі свой твар і свае адметнасці. Як і свая адметная школьная форма. Яе прадэманстравалі вучні, якія наладзілі сапраўднае дэфіле ў школьнай форме прама на цэнтральнай плошчы горада.
Жывымі і зацікаўленымі ўдзельнікамі гэтага шоу, прэзентацый, самой канферэнцыі сталі старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і і турызме райвыканкама Алеся Цітова, кіраўнікі прадпрыемсваў і ўстаноў горада і раёна, настаўнікі.
- Як вядома, сёлетні год абвешчаны ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці, - тлумачыць Алеся Аляксееўна, – што задало тон усей педагагічнай дзейнасці. У навучальных установах былі распрацаваны цікавыя выставы і эскпазіцыі, з’явіліся новыя навацыйныя праекты, якія абавязкова дапамогуць у выхаванні сапраўдных патрыётаў і грамадзян.
Падчас урачыстасці педагогі раёна прымалі віншаванні ад старшыні райвыканкама Дзяніса Дзішука. Яны атрымаліся надзвычай шчырымі і пранікнёнымі.
- Вучыце дзяцей па-сапраўднаму, вучыце як у апошні раз, не шкадуючы сіл і і ведаў, - заклікаў Дзяніс Ігаравіч педагогаў.- Усё гэта вернецца Вам надзейнай будучыняй. З надыходзячым навучальным годам, здароўя і поспеху Вам у вашай нялегкай справе!
Шэраг лепшых па прафесіі атрымалі з рук Дзяніса Ігаравіча падзякі старшыні райвыканкама.
Прыемным дадаткам да слоў, віншаванняў сталі і ўзнагароды начальніка ўпраўлення па адукацыі. спорце і турызме райвыканкама Алесі Цітовай. Іх атрымаў унушальны атрад педагогаў і выхавальнікаў, якія летась дасягнулі пэўных поспехаў на ніве адукацыі і выхавання. Не спыняцца на дасягнутым, увесь час удасканальваць свае прафесійнае майстэрства і не стамляцца дарыць сваё сэрца дзецям усіх педагогаў нацэльваюць словы з даклада Алесі Аляксееўны:
- Педагогамі шмат зроблена, але яшчэ шэраг пытанняў трэба рашыць. Вельмі важна навучыць маладое пакаленне адрозніваць праўду ад вымыслу. Наша задача - даць такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам. Беларусь сёння - гэта мір і спакой. Патрэбна навучыць дзяцей шанаваць гэта. Кожны ўрок і занятак павінен мець канкрэтнае выхаваўчае і ідэалагічнае напаўненне. І не толькі ў школе, але і ў тэатры, музеі, на спартыўных пляцоўках і стадыёнах.
Словы гэтыя, як галоўны наказ, былі адрасаваны не толькі вопытным педагогам, а і маладым спецыялістам.якія рыхтуюцца даць свае першыя ўрокі дзецям. А пакуль іх цёпла вітаюць на галоўнай сцэне вучні, ім уручаюць падарункі, гучаць шчырыя словы падтрымкі.
Магчыма, лепшым натхняльнікам моладзі на нялёгкую педагагічную працу стане душэўнае, амаль сямейнае ўшанаванне педагогаў-юбіляроў, якія практычна ўсё сваё жыццё прысвяцілі школе. Іх віталі апладысментамі, ім уручалі кветкі і падарункі, ім былі адрасаваны вершаваныя радкі віншаванняў.
Па традыцыі педагагічная жнівеньская нарада заканчваецца канцэртам. Сёлета яго удзельнікамі сталі таленавітыя школьнікі і дзіцячыя калектывы раённага цэнтра культуры. Уражвалі педагогаў не толькі чыстыя галасы вакалістаў і вытанчаная пластыка танцораў, але і надзвычай прыгожыя здымкі на фоне вялікага экрана ў час іх выступленняў. На іх красаваўся наш родны горад, шчаслівыя твары дзяцей. Вось дзеля чаго педагогам і выхавальнікам патрэбна штодзень гарэць на працы, аддаваць свае сэрцы вучням. Дзеля такой будучыні нашых нашчадкаў!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.