І справа тут зусім не ў “багатым інвестары”, які ўкладвае вялікія сродкі ў развіццё эканомікі гаспадаркі. Умовы працы ў Міхалёве не адрозніваюцца ад тых, што існуюць у іх суседзяў, ды і землі не багацейшыя. А вось людзі… Іх адносіны да справы, зладжанасць у вырашэнні агульных праблем, сумесная работа на атрыманне годнага выніка заўсёды давалі і даюць свой плён.
Не выключэннем аказаўся і гэты год, сёлетняе жніво, якое ў “Оме” парадавала нават ветэранаў сельгаспрадпрыемства.
– Наш філіял быў створаны ў 2004 годзе. І за гэты час выніка ў 40,1 цэнтнера з гектара мы дасягнулі ўпершыню, – расказвае дырэктар філіяла Дзмітрый Калацэй. – Найбольш важкім быў паказчык 2019 года, калі мы сабралі па 38,2 цэнтнера на круг. Так што сёлетні год нас прыемна парадаваў. Засмучае толькі адно: мы аказаліся ўсяго ў адным кроку ад прызавога п’едэстала раённага спаборніцтва, заняўшы толькі чацвёртае месца па яго ўмовах. Значыць, нашы больш істотныя перамогі яшчэ наперадзе. А з такім калектывам рэальна ставіць любыя мэты.
Сапраўды, людзі тут падабраліся неабыякавыя. Касцяк складаюць тыя, хто сельскай гаспадарцы праслужыў не адзін дзясятак гадоў. Гэта галоўны аграном Уладзімір Шагойка, галоўны заатэхнік Вольга Фядотава, галоўны ветурач Іван Волкаў, атрад механізатараў – Аляксандр Міхайлавіч Валасевіч, Аляксандр Барысавіч Валасевіч, Уладзімір Хахол, Васіль Булойчык, многія работніцы жывёлагадоўчай галіны. Яны – залаты фонд сельгаспрадпрыемства, іх намаганнямі і фарміраваліся дасягнутыя поспехі. Ды і зараз яны паказваюць прыклад самаадданай працы ў кожнай з сельскагаспадарчых кампаній, шчодра перадаюць свой вопыт маладому пакаленню.
А папаўненне ў філіяле падбіраецца годнае. І гэта не галаслоўнае сцвярджэнне: на раённых Дажынках менавіта маладых працаўнікоў “Омы” будуць ушаноўваць. Так, камбайнавы экіпаж у саставе камбайнера Леаніда Драгуна і яго памочніка Сяргея Гайдука заняў у раённым маладзёжным спаборніцтве ганаровае другое месца. А Сяргей Буры і яго напарнік Васіль Пінчук сталі трэцімі ў гэтым ганаровым спісе. Дарэчы, Васіль Пінчук вызначыўся ў час жніва і як вадзіцель, заняты на адвозцы збожжа ад камбайна. Ён прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў Бярэзіншчыны.
На гэтым лік перадавых работнікаў сельгасфіліяла “Ома”, якія будуць прадстаўлены на свяце Дажынак у пятніцу, не абмяжоўваецца. На сцэну для ўручэння граматы будзе запрошаны і Канстанцін Чорны – аператар зернесушыльнага комплексу. Сёлета працаваў ён у пары са сваім сынам, які пасля службы ў арміі нароўных з бацькам займаўся дапрацоўкай зерня. Зараз ён ужо далёка – працуе ў службе аховы на Беларускай атамнай электрастанцыі. А Канстанцін Аляксандравіч, атрымаўшы невялікі перапынак перад тым, як на КЗС пачне паступаць зерне кукурузы, заняты пратручваннем насення.
Але вернемся да моладзі. У філіяле за апошнія два-тры гады яе істотна пабольшала. Асабліва ў радах трактарыстаў-машыністаў. Тут акрамя ўзгаданых ужо Леаніда Драгуна, Сяргея Бурага і Васіля Пінчука працуюць Дзмітрый Лапа, Аляксандр Мешыч. У ліку моладзі і галоўныя спецыялісты філіяла – аграном Кірыл Хадорчанка і галоўны інжынер Уладзімір Тамковіч. Дарэчы, прыклад станаўлення Уладзіміра даволі паказальны. Пачынаў ён у “Оме” пасля заканчэння каледжа механізатарам, затым выконваў абавязкі забеспячэнца, а неўзабаве яму даверылі сённяшнюю адказную пасаду. Спраўляецца. Яно і зразумела, бо сам спачатку прайшоў добрую школу. А вось для папаўнення трывалай тэарэтычнай базы ведаў сёлета паступіў на завочнае аддзяленне Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У ёй, дарэчы, вучыцца і Кірыл.
– Тое, што да нас прыходзяць маладыя кадры, – заканамерная з’ява, – дзеліцца думкамі Дзмітрый Калацэй. – Без амаладжэння калектыву ў яго няма перспектывы. Таму і робім мы стаўку на моладзь. Як паказвае жыццё, мы на правільным шляху. А для таго, каб заахвоціць папоўніць наш калектыў, патрэбна стварыць належныя мовы і працы, і быту. І калі ў плане абнаўлення кагорты механізатараў больш-менш мы не бачым праблемы, то з работнікамі жывёлагадоўлі яна праяўляецца больш востра.
Таму ў філіяле пачалі займацца жыллёвым пытаннем. На думку дырэктара філіяла работнікі ферм павінны жыць у тым жа населеным пункце, дзе і працуюць, інакш патрэбнай аддачы ад іх намаганняў не будзе. І вось у гаспадарцы ўжо завершаны рамонт інтэрната на 2 сям’і (сюды нядаўна ўжо засялілася даярка), набыты дом для засялення туды будучых жывёлаводаў. Па прапанове генеральнага прадпрыемства філіяла прапрацоўваецца пытанне аб бясплатнай перадачы жылля тым работнікам, якія адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы 20 гадоў. Мяркуюцца адпаведныя захады і для паляпшэння ўмоў працы жывёлаводаў на фермах. Ды і механізатарам набываецца новая сучасная тэхніка. Літаральна ў час жніва тут ныбылі новы камбайн, які адразу ж уступіў ва ўборку. У хуткім часе заменяць і апошні старэнькі “Дон” на больш сучасны камбайн.
Сельгасфіліял “Ома” зарэкамендаваў сябе ў раёне як прадпрыемства, якое стабільна працуе, развіваецца, дасягае высокіх паказчыкаў і бачыць сваю перспектыву. Упор на маладыя кадры і амаладжэнне калектыву, безумоўна, будзе толькі спрыяць гэтаму.
* Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.