Пакуль мы адзіныя – мы непераможныя

Date 16.09.2022 Man
Comment 1003
Пакуль мы адзіныя – мы непераможныя

Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень народнага адзінства. На календары Рэспублікі Беларусь гэта самае маладое дзяржаўнае свята афіцыйна з‘явілася зусім нядаўна, але паспела ўжо набыць папулярнасць, павагу і аўтарытэт.

Яно і не дзіўна, бо дата 17 верасня 1939 года для кожнага беларуса даўно ўвайшла ў жыццё як дзень аб’яднання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Заходняй Беларусі. Менавіта ў гэты дзень адбылося з’яднанне беларускага народа ў адзіную краіну і пачаўся новы адлік нашай дзяржаўнасці.

Шлях гэты, вераломна перарваны літаральна праз два гады пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, быў складаным і няпростым. Але беларусы разам выстаялі ўсе нягоды ў тым страшным выпрабаванні, ачысцілі сваю зямлю ад фашысцкай навалы, адбудавалі свае гарады і вёскі і сёння плячом да пляча ўмацоўваюць эканоміку і стабільнасць незалежнай Беларусі.

Дзень народнага адзінства для нас праяўляецца не толькі ў памяці аб падзеях больш як 80-гадовай даўніны. Гэтая гістарычная дата з’яўляецца толькі адпраўным пунктам для таго, каб нагадаць нам аб тым, што мы – беларусы – народ міралюбівы, братэрскі, адзіны ў сваіх памкненнях да лепшага і заўсёды адкрыты для іншых. Беларусаў заўсёды вызначала іх добразычлівасць. Відаць, гэтая рыса склалася ў нас за стагоддзі з-за таго, што мы часта пакутавалі і на сабе адчулі, што такое бяда. Таму мы заўсёды выступаем за мір, не пакідаем у нястачы прадстаўнікоў іншых народаў, гасцінна прадастаўляем для іх сваю зямлю. Для нас паняцце “народнае адзінства” ў кантэксце свята мае больш шырокі сэнс і не абмяжоўваецца толькі адзінствам беларусаў як нацыі.

Наша адзінства праяўляецца і ў штодзённых клопатах і вырашэнні праблем. Любыя з іх заўсёды вырашаюцца лягчэй, калі бяруцца за іх разам, сумесна, талакой. Так і працуем мы, на такіх прынцыпах жыцця выхоўваем падрастаючае пакаленне, каб і яно ведала свае гістарычныя карані, было адзіным і адначасова не чужым для іншых.

Што здольна аб’яднаць народ? Нацыянальная ідэя! І яна ў нас ёсць. Яе складальнікі – слаўная шматвяковая гісторыя, самабытныя нацыянальныя традыцыі, мілагучная родная мова, найпрыгажэйшыя ў свеце краявіды і талерантны беларускі народ.

У нас на Бярэзіншчыне ладзіцца шмат мерапрыемстваў для людзей рознага ўзросту. Канцэрты, выставы, аўтапрабегі, велапрабегі, "круглыя сталы", дзе можна абмеркаваць любыя пытанні. Мы доўга чакалі, і нарэшце, дзякуючы Мінаблвыканкаму, летам у нас адчыніўся сучасны маладзёжны цэнтр, дзе для маладых людзей праходзяць дыскатэкі. Ды і не толькі сярод моладзі гэты цэнтр карыстаецца папулярнасцю: вечары ладзяцца і для людзей больш сталага ўзросту і для дзетак.

З нагоды свята гэтымі днямі на Бярэзіншчыне ладзіцца шмат тэматычных мерапрыемстваў.
Так, у час раённых Дажынак прайшла акцыя “Хлеб адзінства”. У чым яе сутнасць? Кожная арганізацыя, прадпрыемства раёна, індывідуальныя прадпрымальнікі - адным словам, амаль усе бярэзінцы - выпеклі невялічкія кавалачкі хлеба з новага ўраджаю. Мы аб’ядналі гэтыя кавалачкі ў каравай! Атрымаўся, напэўна, самы вялікі каравай з хлеба новага ўраджаю Мінскай вобласці. Вось так сімвалічна кожнага з нас, бярэзінцаў, аб’яднаў хлеб галоўнага свята “Дажынкі”.
І невыпадкова, што мы, бярэзінцы, адзначылі гэтае свята напярэдадні Дня народнага адзінства. Бо, пагадзіцеся, менавіта хлеб, годная праца – гэта тое, што аб’ядноўвае кожнага з нас.

Так, наша будучыня – гэта маладое пакаленне. І старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук вялікую ўвагу надае моладзі. Мы сустракаемся з маладымі людзьмі, абмяркоўваем тыя праблемы, якія іх хвалююць, шукаем разам шляхі вырашэння. А колькі турзлётаў рознага ўзроўню прайшло ў турыстычным цэнтры Жорнаўка гэтым летам!

Кіраўнікі арагнізацый і прадпрыемстваў горада і раёна таксама вялікую ўвагу надаюць сваім маладым супрацоўнікам. І гэта ўжо мае свае вынікі: моладзь актыўна далучаецца да мерапрыемстваў, свят, аўтапрабегаў.

Другая аналагічная акцыя для прадстаўнікоў маладога пакалення насіла назву “Мы разам – мы адзіныя”. Не засталося незаўважаным гэта мерапрыемства ў працоўных калектывах, установах культуры і адукацыі.

Хочацца кожнаму з нас пажадаць, каб і надалей мы былі такімі згуртаванымі, адзінымі і жылі ў міры і спакоі. Бо пакуль мы адзіныя – мы непераможныя!

Галіна САКАЛОЎСКАЯ,
начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER