Адзенне колеру “хакі”
Гады няўмольна бяруць сваё і аддзяляюць нас ад той памятнай даты, калі апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана, дзе 9 гадоў 51 дзень выконвалі інтэрнацыянальны абавязак савецкія юнакі.
Якія б ні былі палітычныя ацэнкі афганскай вайны, але ў сэрцы жыве абавязак захоўваць памяць пра загінуўшых, праяўляць клопат пра інтэрнацыяналістаў, якія жывуць зараз. Яны чэсна выканалі воінскі абавязак, даказаўшы вернасць гістарычным традыцыям сваёй краіны і сёння даражаць франтавым братэрствам, падтрымліваюць адзін аднаго і сем’і сваіх баявых сяброў, добрасумленна працуюць у арганізацыях нашага раёна, удзельнічаюць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі.
“Адзенне колеру “хакі”, кароткія стрыжкі і грубаватыя боты, горы, верталёты і… цынкавыя труны. Слёзы, гора… Траур па сынах і мужах. Асірацелыя дзеці, зламаныя лёсы дзяўчат і жанчын. Усё гэта пераплялося ў адзін тугі вузел, назва якому – вайна – трагедыя народа, пакалення, апаленага ліхалеццем. І няхай прайшло звыш 30 гадоў, і тая вайна адыходзіць у гісторыю, аднак звініць звон памяці ў гонар тых, хто змагаўся і аддаў жыццё, не запляміўшы гонар і сумленне салдата!
Штодзень гінулі людзі
Штогод у Афганістане ваявалі 100 тысяч савецкіх салдат, за 10 гадоў лічба склала 1 мільён 28 тысяч. 832 чалавекі з Беларусі, 75 з якіх – з Бярэзінскага раёна. Тая вайна, па самых сціслых падліках, забрала жыцці каля 15 тысяч вайскоўцаў, каля 12 тысяч атрымалі раненні і 10 тысяч сталі інвалідамі.
Сярэднямесячныя страты налічвалі 131 чалавек, а штодзенныя – 4. У ліку загінуўшых 4 генералы, 2129 афіцэраў, 632 прапаршчыкі, 11349 сяржантаў, 139 рабочых і служачых. З 75 удзельнікаў дажылі да гэтага дня крыху больш за 40.
Афганскай прапіскай пазначаны ў нашым раёне не толькі горад, але і аграгарадкі: Любушаны, Багушэвічы, Паплавы, вёскі: Якшыцы, Міхалёва, Вяшэўка, Жорнаўка, 25 ваеннаслужачых адзначаны ўзнагародамі: 2 – ордэнамі Чырвонай Зоркі, 11 – медалямі “За адвагу”, 5 –“За баявыя заслугі”, 12 – “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа” і яшчэ 3 – “За выдатнасць у ахове дзяржаўнай граніцы. “Воінская доблесць”.
Загінулі, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак, нашы зямлякі Уладзімір Шумскі і Сяргей Карканіца. Адзін пахаваны з вайсковай пашанай у вёсцы Уша, другі – у вёсцы Асмолаўка. Сяргей Карканіца пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Ён мужна змагаўся з бандай душманаў у акружэнні. Уладзімір служыў шафёрам, абслугоўваў аэрадром і там, адбіваючы ад душманаў аўтакалону, сустрэў сваю смерць. Яго матуля дагэтуль беражліва захоўвае не толькі яго юнацкія фотаздымкі і лісты, але яшчэ і медаль “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”.
Сяргей Карканіца
Уладзімір Шумскі
Кожнаму салдату трэба ставіць помнік
Памяць людская і асабліва тых, хто вярнуўся жывым з Афганістана, назаўсёды захавае імёны загінуўшых там герояў, лічыць старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алег Купіч:
– 15 лютага 1989 года камандуючы 40-й арміяй генерал-лейтэнант Барыс Громаў апошнім пераступіў мяжу, якая раздзяляла СССР і Афганістан. “За мной ніводнага салдата, афіцэра, прапаршчыка няма. На гэтым наша больш чым дзевяцігадовае знаходжанне там завершана. Я хачу сказаць яшчэ, што нашым салдатам, якія прайшлі гэтыя выпрабаванні, трэба помнікі ставіць”, – заявіў Барыс Громаў журналістам, стоячы на мосце праз раку Амудар’ю. Ён ведаў, пра што гаварыў.
– Што асабіста для Вас значыць Афганістан?
– Для мяне гэта не проста краіна, контуры якой я вызначаў на палітычнай карце па геаграфіі будучы школьнікам. Гэта перыяд у маім жыцці, які застаўся назаўжды ў памяці, у душы. Без перабольшвання скажу, што Афганістан – гэта незагойная рана на сэрцы. Нельга забыць той цяжар вайны, які мы, воіны-інтэрнацыяналісты, зведалі там: боль, адчай, горыч страт сяброў-саслужыўцаў. І паверце, для нас гэта не пустыя словы.
– Як Вы трапілі ў гэту паўднёвую краіну?
– Напэўна, як і ўсе, бо мы, народжаныя ў СССР і на ўспамінах жывых сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, ніяк не маглі ўхіліцца ад пачэснага воінскага абавязку. Мы ж марылі стаць героямі і апраўдаць давер бацькоў і дзядоў. Таму навіна пра Афганістан мяне ніколькі не напалохала.
– Што адчувалі, калі ступілі на чужую зямлю з трапа самалёта?
– Як і іншыя салдаты, я не ведаў, што нас чакае на чужыне, што будзе заўтра, паслязаўтра, колькі часу мы прабудзем у Афганістане. Але там на свае вочы ўпершыню я ўбачыў, як страляюць у чалавека, як яго забіваюць кулямі аўтаматных чэргаў, навучыўся рэальна цаніць жыццё.
– А ці часта прыходзілі весткі з дому?
– Вядома, з бацькамі я перапісваўся. Але вось з-за ваеннай цэнзуры нам нельга было паведамляць, што тут ідзе вайна, што кожны дзень для нас можа стаць апошнім. Ды і не хацелася, каб сваякі хваляваліся за нас. Ад кожнага ліста з дому сціскалася ў грудзях, настальгічна балела сэрца і моцна хацелася дамоў, дзе снежныя сумёты па калена, дзе шуміць наша рака, дзе шчабечуць птушкі, бо на чужыне перад намі ўзвышаліся толькі бясконцыя горы, распасціраліся жоўтыя пяскі. І такі малюнак перад вачамі быў на працягу доўгіх месяцаў.
– Вяртанне на радзіму, сустрэча з роднымі і сябрамі былі незабыўнымі, так?
– Вядома, як і ва ўсіх. У гарачых абдымках з вачэй міжволі цяклі слёзы радасці, бо, здавалася, гэта пачуццё не мела тады межаў. Але быў і пэўны гонар, што не скарыўся, не пабаяўся, выстаяў і не падвёў сваіх таварышаў. У снах і цяпер чую ваенную трывогу, бачу твары баявых сяброў, якія назаўсёды засталіся на афганскай зямлі.
– Цяпер, калі амаль не засталося сярод нас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, менавіта ад воінаў-інтэрнацыяналістаў у вялікай ступені залежыць патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Якая работа вашым грамадскім аб’яднаннем праводзіцца ў дадзеным накірунку?
– Воіны-інтэрнацыяналісты, і я ў тым ліку, заўсёды з радасцю прымаем запрашэнні да ўдзелу ў сустрэчах з вучнямі школ, з наведвальнікамі бібліятэк, дамоў культуры. Самі з’яўляемся ініцыятарамі правядзення падобных мерапрыемстваў. Дзеці, моладзь абавязкова павінны ведаць праўдзівыя звесткі пра тую вайну. Цяпер існуе мноства мастацкіх кінастужак, дакументальных відэафільмаў аб вайне ў Афганістане 1979-1989 гадоў. Але, на жаль, факты, пададзеныя ў іх, далёкія ад рэчаіснасці. Таму наша задача, як відавочцаў і ўдзельнікаў тых крывавых падзей, – данесці да маладога пакалення праўду, каб юнакі і дзяўчаты – будучае нашай незалежнай краіны – раслі сапраўднымі партыётамі Беларусі.
– Што галоўнае для Вас у гэтых мерапрыемствах?
– Па-першае, шчырасць. Мне прыемна бачыць зацікаўленыя і жывыя вочы дзяцей. Трэба не баяцца ім гаварыць аб сваіх пачуццях на вайне. Там жа на самой справе жудасна і цана жыцця ідзе на імгненні. Па–другое, трэба расказваць так, каб выклікаць у дзятвы адваротную сувязь, жаданне суперажываць і задаваць самае нязручнае пытанне. Такі давер абернецца тым, што нашы адносіны абудзяць у падлетка пачуцці, якія ніколі не перакрые лухта з інтэрнэту. Яны рэальна навучацца думаць і не дадуць сябе падмануць.
– Якімі будуць Вашы пажаданні воінам-афганцам, якія неслі нялёгкую службу ў “гарачых кропках”?
– Пажадаць хачу здароўя, дабрабыту ў сем’ях, шчаслівай долі нашым дзецям і ўнукам. Хочацца верыць, што наша афганскае брацтва, сяброўскія адносіны былых воінаў-інтэрнацыяналістаў застануцца непахіснымі на ўсе будучыя гады, каб мы маглі наладзіць яшчэ мноства цікавых мерапрыемстваў і выхаваць не адно пакаленне патрыётаў.
– Вялікі Вам дзякуй за цікавую размову!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА і з архіва рэдакцыі.