Прыйшла калядзіца на нашу зямліцу

Date 21.01.2024 Man
Comment 1784
Прыйшла калядзіца на нашу зямліцу

Шматлюдна і многагалосна было днямі ў вёсцы Новіны: у чарговы раз адзначался традыцыйнае свята беларускага народнага календара “Цягнуць Каляду на дуба”. Прапісалася яно тут вось ужо больш як чвэрць стагоддзя назад, адноўленае мясцовымі культработнікамі, атрымаўшае тытул нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі, і штогод нязменна ладзіцца 21 студзеня/

 

 

Сонечнае марознае надвор’е (на небе ні хмурынкі) паспрыяла таму, што на свята сабралася ў параўнанні з мінулымі гадамі вялікая колькасць яго прыхільнікаў. Былі тут госці з навакольных вёсак, з Беразіно, з Мінска, відэарэпартаж здымала тэлекампанія канала “Беларусь-1”.

 

Яшчэ да таго, як адправіцца ў шлях да запаветнага дуба, дзе адбываецца кульмінацыя свята, у  мясцовым Доме культуры распачаліся падрыхтоўчыя работы. Трэба было стварыць і належным чынам упрыгожыць саламяную ляльку – Каляду, прыбраць у прыгожыя стужкі коней і вазкі, якія на чале калоны адправяцца да месца правядзення абраду. А пакуль што прыбываючых гасцей у СДК віталі музыкі вясёлымі найгрышамі, былі тут і народныя танцы, у скокі пускаліся і малыя, і старыя. Гаспадыня свята Святлана Клімовіч цікавіцца ў прысытных, наколькі тыя старанна прытрымліваліся калядных традыцый, ці не грашылі ў гэтыя святыя дні, а тым, хто займеў за гэты час нейкія правіннасці, прапанавала зняць з  сябе гэтыя грахі, перасёкшы на ганку венік-галяк, а потым яго рэшткі высыпаць на перкарыжаванні дарог.

 

І вось нарэшце наступае час вынасу Каляды. Яе, як водзіццца,  трымае на руках самая паважаная жанчына вёскі, якая суправаджае ляльку да самага канца шляху. А ён, хоць і не зусім кароткі, пад гучныя песні і жарты, пераадольваецца хутка і непрыкметна. Санкі з Калядой робяць тры кругі вакол дуба, пасля чаго наступае самы адказны момант свята: з дрэва здымаецца старая лялька, якая, як аберагальнік роднай зямлі, ахоўвала наваколле ад бед і няшчасцяў, і на яе месца ўсталёўваецца толькі што прывезеная Каляда. А  тая, што адслужыла свой век, трапляе ў полымя разведзенага кастра. Вакол дуба арганізуюцца карагоды, частаванне гасцей, смажанне на агні сала…

Абрад на гэтым не завяршаецца, бо ўсе прысутныя дружнай кагортай – хто на кані, хто на машыне, а хто і пехатой, пад спевы калядных песень – вяртаюцца ў Дом культуры. Тут усіх чакае сяточная вячэра  з традыцыйным “катом”, каўбасным дрэвам, дамашнімі прысмакамі і частункамі. Гэтая частка мерапрыемства не абыходзіцца без абавязковых спеваў народых песень, танцаў, конкурсаў, забаў і гульняў. Іх у арганізатараў свята назапашана заўсёды багата, так што сумаваць нікому не даводзілася. Мерапрыемства, як і належыць, прайшло цікава, весела і незабыўна.

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER