“Дарога да святыняў” ляжыць праз Беразіно

Date 03.09.2026 Man
Comment 23
“Дарога да святыняў” ляжыць праз Беразіно

XXXIII Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая стартавала ў Мінску 2 верасня дабралася да Бярэзіншчыны.

Удзельнікі гэтага паломніцтва нясуць з сабою святыні, якія з’яўляюцца традыцыйнымі сімваламі – лампаду з Жыватворным агнём запаленым каля Гроба Гасподняга ў Іерусаліме і цудадзейны Загор’е-Сталавіцкі абраз Прасвятой Багародзіцы.

Маршрут экспедыцыі пралягае праз Беразіно, Клічаў, Бабруйск, Магілёў, Горкі, Мсціслаў і завяршыцца ў Касцюковічах, дзе адбудуцца ўрачыстасці з нагоды свята Дня беларускага пісьменства. Працягласць шляху перавысіць 1200 кіламетраў. У пералічаных гарадах і блізкіх да іх вёсках запланаваныя духоўна-асветніцкія сустрэчы, экспедыцыя наведае мемарыяльныя комплексы і месцы баявой славы, сацыяльныя установы, школы.

Як адзначыў напачатку мерапрыемства намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі, старт экспедыцыі афіцыйна распачынае мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства. «Тое, што ўдзельнікі экспедыцыі ідуць праз гарады з добрым словам, сустракаюцца з моладдзю, нясуць гісторыю і гавораць пра чыстае і светлае, - гэта выдатна».

 

Паважаных гасцей на Бярэзіншчыне сустракалі ў раёне Глухога Тока начальнік упраўлення па ідэалогіі і справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Кацярына Аўрамчык і фальклорна-абрадавы гурт “Радзіна” Новінскай установы культуры. Сэрцы паломнікаў да глыбіні кранулі паэтычныя радкі вітання ў выкананні кіраўніка калектыву Святланы Клімовіч: “У Бярэзінскі раён часта едуць госці, сеем жыта, маем плён, ды не сеем злосці”. З гэтымі словамі ўдзельнікам экспедыцыі быў гасцінна і ад душы паднесены шчодры каравай. Пасля гарачага прывітання настаяцель храма святога вялікамучаніка Грыгорыя Перамаганосец айцец Аляксей Маслянкоў расказаў гасцям пра праваслаўныя прыходы Бярэзінскай зямлі.

 

Далейшая дзея разгарнулася ў гарадскім парку каля помніка воінам і партызанам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут адбылася ўрачыстая сустрэча Жыватворнага агню з храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме і ўдзельнікаў экспедыцыі з настаўнікамі і педагогамі, прадстаўнікамі грамадства і работнікамі сацыяльнай сферы, а таксама неабыякавымі бярэзінцамі.

Была адслужана ліція, памяць паўшых герояў прысутныя ўшанавалі набажэнствам за ўпакой і ўскладаннем вянкоў і кветак да помніка. “Няма большай любові, чым аддаць жыццё за сяброў сваіх”, - прагучалі на мерапрыемстве словы Ісуса Хрыста, якія можна прачытаць у Евангеллі, і гэты выраз стаў галоўным лейтматывам усяго сходу. Расказаўшы пра святыні, прывезеныя экспедыцыяй, іх духоўную каштоўнасцьі значнасць у жыцці, удзельнікі паломніцтва перайшлі да пачатку кульмінацыйных падзей у праграме мерапрыемства – Крыжовага ходу да Нікольскага храма. Варта заўважыць, што экспедыцыя “Дарога да святыняў” на Бярэзіншчыне ўжо не ўпершыню, праходзіла яна праз наш край дваццаць гадоў таму, у 2006-м, што таксама было прыгадана ўдзельнікамі мерапрыемства, якія помняць той час.

У Нікольскім храме адбыўся малебен, падчас якога гучалі малітвы за наш горад, краіну і мірнае неба над Беларуссю. Былі запалены лампады і свечкі ад Жыватворнага агню. З вітальным словам да гасцей і паствы звярнуўся Благачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі настаяцель Нікольскага храма протаіерэй Ілья Ганчарук. Выказаў словы падзякі за сустрэчу, а таксама распавёў пра ранейшыя маршруты экспедыцыі храніцель Жыватворнага агню протаіерэй Аляксандр Пачопка. Намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Алеся Цітова выказала словы падзякі ўдзельнікам экспедыцыі ад імя старшыні Бярэзінскага райвыканкама Андрэя Сакалоўскага і ад усіх прысутных – за тое, што ў першую чаргу ў маршрут экспедыцыі было ўключана Беразіно.

- Дваццаць гадоў так хутка праляцела з часу, калі экспедыцыя пабывала ў Беразіно ў мінулы раз. І я ўпэўненая, што наш горад, і самае галоўнае, – нашыя жыхары, якія сёння сабраліся ў храме, падзеляцца цеплынёй сваёй душы з удзельнікамі экспедыцыі, якія ў сваю чаргу давязуць гэтую цеплыню бярэзінскіх сэрцаў да Магілёўшчыны і Касцюковіч і з удзячнасцю перададуць яе жыхарам іншых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь падчас свята Дня беларускага пісьменства. Таму вялікі дзякуй усім удзельнікам “Дарогі да святыняў”, - адзначыла Алеся Аляксееўна.

 

Потым на тэрыторыі храма ўдзельнікамі мерапрыемства была высаджана Алея малітвы за сям’ю. Як патлумачыў айцец Ілья, гэтае месца стане знакавым і сімвалічным для маладажонаў, якія будуць вянчацца ў храме. Прыгожыя туйкі гарманічна ўпісваюцца ў архітэктурна-ландшафтны ансамбль з каменным абразом святых Пятра і Феўронні – нябесных заступнікаў сям’і і шлюбу. Сімвалічна таксама і тое, што ў кожную ямку, прыгатаваную для дрэў, паломнікі дадалі па жменьцы зямлі, узятай з розных месцаў маршрута экспедыцыі, каб падкрэсліць еднасць усёй зямлі беларускай. Дадалася да яе і жменька зямлі бярэзінскай.

Увянчала мерапрыемства мастацкае чытанне вершаў у выкананні паэта Вадзіма Спрынчана і іншых.

 

 

 

 

 

 

 

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « В средней школе №2 прошла торжественная линейка