Аўтарытэт Ігара Леанідавіча цалкам заслужаны. Гэта ж ён адзін з нямногіх педагогаў Мінскай вобласці, чые вучні ў свой час вярталіся з прэстыжных трэцяга і чацвёртага этапаў прадметнай алімпіяды па інфарматыцы не з адным дыпломам пераможцы, а цэлым стосам важкіх узнагарод.
Толькі ў спаборніцтвах эрудытаў у 2007 годзе рашуча паказалі сябе Віталій Ізмер, Дзмітрый Халецкі, Андрэй Кавалёнак і іншыя. Праўда, падлічваць дыпломы і падзячныя водгукі настаўнік не любіць. Куды бліжэй яму поспехі сваіх таленавітых вучняў.
– Прызёр міжнароднай алімпіяды Павел Сакаў нядаўна перабраўся ў Абхазію, Алег Дзенісюк з сям’ёй жыве ў Амстэрдаме, Мікіта Кулічок і Антон Лапыцька ўжо працуюць у айці-галіне, – расказвае Ігар Леанідавіч. – Мне прыемна, што некалі выбраная імі інфарматыка дагэтуль прыносіць ім задавальненне і дазваляе пашыраць свае працоўныя і ўласныя далягляды.
Спачатку матывацыя
Гаворыць гэта педагог з вялікай упэўненасцю. Сярод яго вялікай арміі вучняў – студэнты прэстыжных факультэтаў вядучых вышэйшых устаноў, топавыя ІТ-спецыялісты замежных і беларускіх кампаній. Усе яны ўзялі за жыццёвыя правілы ўрокі ў выкладчыка інфарматыкі
І. Л. Чарнушэвіча, вывелі для сябе індывідуальную формулу поспеху ў ходзе прадметных алімпіяд па гэтай дысцыпліне самых розных узроўняў. Большасць з іх удзячна педагогу за перамогі ў прадметных алімпіядах па інфарматыцы і бліскучае ажыццяўленне запаветнай мары – зрабіць праграмаванне паспяховым ладам жыцця. У чым жа сакрэт гэтай формулы?
Ён просты, – сцвярджае Ігар Леанідавіч, – і даступны кожнаму, хто жадае нечага дабіцца ў жыцці.
– Па – першае, гэта матывацыя, – гаворыць педагог, – у большасці вучняў яна прысутнічае, спрыяе гэтаму па-ранейшаму вялікая папулярнасць ІТ – прафесій у грамадстве. Аднак варта навучыцца рэальна ацэньваць свае сілы і задачы, паступова ісці наперад. Як прыклад, магу назваць Паўла Сакава. Гэты юнак у шостым класе заняў сёмае месца на абласной алімпіядзе, а затым чатыры гады запар быў у бясспрэчных пераможцах абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Ды і не варта забывацца, што Павел уславіў нашу краіну на міжнародных спаборніцтвах, дзе канкурэнцыя была неверагодная!
Праўда, на шляху да такіх значных перамог не ва ўсіх хапае цярпення, бо яшчэ вельмі запатрабаваны навык самастойнай работы.
Удача выбірае працавітых, настойлівых і арыгінальных
– У маёй практыцы няма вучняў, якім перамога прыйшла на ўдачу, – дадае Ігар Леанідавіч. – Яна заўсёды заслужана і выпакутавана, бо ўсе мае пераможцы наведвалі дадатковыя заняткі па інфарматыцы амаль з 5 класа, карпелі над рашэннем задач у канікулы і вольны час, даймалі мяне сваімі пытаннямі амаль круглыя суткі. І з такім запасам працаздольнасці і ўпартасці атрымлівалі ў дададак да ведаў і практыкі неабходную ўпэўненасць у сабе і дастойную работу.
Таму быць вучнем Ігара Леанідавіча вельмі і вельмі няпроста. Ён жа не толькі патрабавальны і прынцыповы педагог, але яшчэ вельмі цікавы і начытаны чалавек, чыё кола інтарэсаў ніяк не абмяжоўвае настаўніцкая справа.
– Магу на занятках прадэкламаваць верш альбо абмеркаваць прачытаную кнігу, – расказвае ён пра сябе, – бо хачу навучыць дзяцей думаць, разважаць, аналізаваць і самастойна знаходзіць стымул рухацца па жыцці наперад.
Нічога дзіўнага ў гэтым педагог не знаходзіць, бо датэтуль вызначаецца як чалавек няўрымслівы, вечна неспакойны, незадаволены і з крытычнай душой, не лянуецца вучыцца ў сваіх вучняў, ставіцца да іх з павагай і разуменнем.
– Поспех вучняў на алімпіядзе – вядома, важны складальнік прафесіяналізму педагога, але не самы галоўны, – раскрывае свой сакрэт Ігар Леанідавіч. – Куды больш патрэбна даросламу чалавеку выведзеная яшчэ ў школе формула свайго жыцця, дзе і немагчымае магчыма. Яна мяне і сёння не падводзіць, таму і кожны год на абласныя спаборніцтвы адпраўляецца цэлы алімпійскі атрад з нашага раёна.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.