Ён – сапраўдны Творца, бо адзін з самых цікавых і неардынарных работнікаў культуры, яго меркаванні аб прафесіі ўражваюць і прымушаюць задумацца. Прадумванне якасных пастановак, жаданне разабрацца ва ўсіх аспектах тэатральнай дзейнасці – усё гэта для Мікалая Мікалаевіча не проста словы, а задачы і ўстаноўкі, на якіх грунтуецца яго дзейнасць у тэатры ўжо шмат гадоў.
20 лістапада рэжысёру споўніцца 70 гадоў. І гэта не проста дастойная дата, а своеасаблівая нагода задумацца пра здзейсненае і запланаванае, асабліва перад яшчэ адной важнай падзеяй. Сёлета спаўняецца чвэрць стагоддзя фестывалю аматарскіх тэатраў “Бярэзінская рампа” і ён ужо ў трынаццаты раз парадуе бярэзінцаў тэатральным уік-эндам з 25 па 27 лістапада. Наш пачэсны юбіляр – адзін з яго першых арганізатараў і пастаянных удзельнікаў, чые спектаклі па традыцыі і пачынаюць фестываль. Мы сустрэліся з Мікалаем Мікалаевічам, каб пагаварыць пра жыццё, тэатр і абласны фестываль.
Я – рэжысёр
– На мой погляд, рэжысёр сёння павінен быць незаўважаным. У свой час я сам браў удзел у сваіх першых тэатральных пастаноўках. Скажу чэсна, гэта вельмі складана, бо неабходна было выконваць акцёрскую задачу і адначасова ацэньваць усё, што адбываецца на сцэне. Вядома, я атрымліваў задавальненне! Але яшчэ і зразумеў, што мне падабаецца больш падказваць, як увасобіць ідэю, чым самому яе рэалізоўваць.
Ды і няма ў мяне ніякіх амбіцый. Я ж не з тых рэжысёраў-крыкуноў, якія займаюцца не рэалізацыяй і адаптацыяй тэксту аўтара, а крычаць сваімі спектаклямі: «Паглядзіце, які я круты! Як жа я ўмею паставіць! Які я дасціпны і вынаходлівы!». Мне па душы знайсці невядомае ў вядомым, незвычайнае ў звычайным.
Мода і тэатр
– Мода, сапраўды, прыйшла ў тэатр. Часам сёння яна ўяўляе сабой кітч. Адчуваецца засмечанасць не толькі рэжысёрскім, але часам і акцёрскім эпатажам. А калі гаварыць пра сцэнаграфію, то могуць выдаць такое рашэнне: «Глядзіце, які я мастак». А спектакль ужо існуе асобна. У гэтым і ёсць важнасць работы: рэжысёр павінен «дацягнуць» спектакль да пэўнага ўзроўню. Крый божа, пачуць ад гледача «Якія добрыя касцюмы». Гэта значыць, касцюмы перацягнулі коўдру на сябе і не дазволілі пабачыць астатняе. Таму я і хачу цяпер быць больш сціплым, хачу працаваць праз артыста, з артыстам і менавіта гэтым дасягаць сцэнічнай выразнасці, а не крыклівымі спробамі паказаць сябе.
Сёння шмат спектакляў з’яўляюцца падставай для самавыяўлення творчых людзей. Толькі я не хачу гэта блытаць з рэжысурай. Ды і шанцавала мне па-сапраўднаму на добрых акцёраў. Гэтыя словы адрасую многім сваім артыстам, але ў першую чаргу Любові Ткачэнка, Ігару Ганчарову, Алегу Вараб'ёву, Дзмітрыю Маскалькову і інш.
Дарэчы, у бярэзінскіх самадзейных акцёраў нямала ўзнагарод абласнога фестывалю аматарскіх тэатраў за лепшае выкананне галоўных і эпізадычных роляў.
Сенсацыя = эксперымент
– На мой погляд, сучаснаму тэатру трэба пазбавіцца ад сенсацыі, каб выжыць у рынкавы час. Сенсацыя – гэта эксперымент, які прапагандуецца на кожным кроку. Калі ж яе няма, то лічаць, што такі тэатр сумны, нецікавы, традыцыйны. Гэта не так. Эксперымент, які бесперапынна прапагандуецца, губіць сапраўдны тэатр.
Сёння шмат пастановак, і яны часам нагадваюць бабулін дыванок: пашытыя з розных кавалкаў і розных нітак. Насычаны спектаклі настолькі, што складана ў іх разабрацца. А ў пастаноўцы хочацца бачыць невыпадковыя дэталі, а не выпадковасці, бо яны – прыкмета дылетантызму. Усё павінна быць падпарадкавана задуме. І гэта таксама менавіта тое, да чаго я сёння імкнуся.
Прафесійнасць
– У спектаклях вельмі многае залежыць ад рэжысёрскай задумы і абранага матэрыялу. Задумку знайсці складана: яна альбо ёсць, альбо яе няма. Але калі яе знаходзіш, знутры цябе проста абпальвае. Галоўнае, каб гэта была сапраўдная знаходка.
Сёння я вучуся нестандартна бачыць матэрыял. І гэта частка майго шляху. На папярэднім фестывалі быў спектакль па п’есе Аляксандра Вампілава “Старэйшы сын”. Канкурыраваць з культавым фільмам, дзе быў заняты цэлы атрад таленавітых акцёраў, было нерэальна, ды і не хацелася мне капіраваць чужую задумку. Таму не трэба гаварыць, як доўга я падыходзіў да гэтага спектакля, колькі перадумаў, падбіраў акцёраў. Гэты спектакль для мяне самы пакутлівы.
Не менш нерваў забраў і спектакль “Хайп” па п’есе Улады Альхоўскай. Тут тройчы даводзілася замяняць акцёраў на галоўную ролю. Гэта пастаноўка ў жанры псіхалагічнай драмы пачне сёлетні тэатральны фестываль.
Ды і рэжысёр не павінен быць дылетантам. Таму што на ім – велізарная адказнасць. Бо, акрамя творчай дзейнасці, ён удзельнічае ў абмеркаванні адміністрацыйнай, гаспадарчай часткі. Вядома, ты можаш прайсці міма. Але гэта як? На табе ж яшчэ дэкарацыі, касцюмы, а на фестывалі ў дадатак і іншыя арганізацыйныя пытанні. Таму рэжысёр самадзейнага тэатра – пасада няпростая і вельмі адказная.
Слова пра крытыку
– Сёння мала крытыкі, а больш крытыканства. Калі казаць пра крытыку, то сапраўдная крытыка павінна быць зацікаўлена ў тым, каб тэатр стаў лепшы. Сёння ж любы блогер дазваляе сабе проста раптоўныя выпады. А вось сапраўдная канструктыўная крытыка заўсёды цікавая, заўсёды развівае. Таму я прыслухоўваюся да заўваг і меркаванняў сваіх калег, членаў журы. Але і маю сваё ўласнае меркаванне.
Так, мой самы любімы спектакль па п’есе Аляксея Дударава – “Вежа”. І зусім не таму, што там быў задзейнічаны мой сын, а за асаблівую шчырую вясковую атмасферу ў гэтай п’есе.
Ніяк не чакаў я каштоўнага “Гран-пры” і за пастаноўку па п’есе Рыгора Горына “Забыць Герастрата”. Гэта ўзнагарода – поўная нечаканасць!
Тэатр павінен быць падзеяй
– Рынак сёння пагібельна ўздзейнічае на мастацтва. Тэатр у большай ступені становіцца забавай, прыходзіць ужо сапсаваная рынкам публіка, у якой выпрацавана псіхалогія спажывання. Прыходзіць глядач у залу, ён не настроены шукаць і знайсці, ён настроены толькі спажываць. У ідэале тэатр павінен быць падзеяй. Глядач павінен ведаць, на якую п’есу ідзе, павінен разумець, пра які час ідзе гаворка, каб прыйсці на спектакль і адчуць задуму рэжысёра, гульню акцёраў, адкрыць нешта новае для сябе. Вось чаму мне вельмі прыемна, што пасля кантрольнага прагону спектакля гледачы імкнуцца не толькі ўручыць шыкоўны букет, але і падзяліцца думкамі наконт прем’еры, з нечым не пагаджаюцца і пакідаюць залу ўсхваляванымі. Гэта лішні раз нацэльвае, на мой погляд, на тое, што ніяк нельга ствараць на патрэбу публіцы бульварны тэатр, неабходна адшукаць свайго гледача.
Любая навацыя, калі яна не захоплівае ўсеагульную ўвагу гледача, сыходзіць у пясок. Сёння ў тэатры забыліся пра слова, якое агучыў Арыстоцель шмат стагоддзяў таму: «катарсіс» – духоўнае перараджэнне чалавека ад убачанага, ад твора, які трапіў у душу. Рэжысёр ва ўсе часы – менавіта той чалавек, які здольны публіку давесці да стану катарсісу.
Юбілей фестывалю “Бярэзінская рампа”
– Сёлета фестываль праходзіць у 13 раз. Лічба нешчаслівая, але ў забабоны не веру. Памятаю, што пачыналі мы фестываль пяццю спектаклямі, але здаралася, пастановак было і больш. Ці будзе юбілейны фестываль адрознівацца ад астатніх? Не думаю! Ужо даўно пастаноўкі самадзейных тэатраў ставяцца практычна прафесійна і знаходзяць свайго гледача, бо ставяцца спецыяльна для конкурснага мерапрыемства.
Адзінае, на што звяртаю ўвагу, што на гэты раз будучы тэатральны ўік-энд атрымаецца практычна з камедыйным ухілам.
Народны маладзёжны тэатр “Штурх” Палаца культуры “БелАЗ – Холдынг” пакажа музычную камедыю “Ханума, вах!”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр імя У. Радзівіл – “Дружная сямейка”, народны тэатр Палаца культуры “БелАЗ – Холдынг” – лірычную камедыю “Шлюб па-неапалітанску”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь драматычны тэатр “Відарыс” Палаца культуры імя М.Горкага горада Барысава – “Дзіўная місіс Сэвідж”, народны тэатр драмы і камедыі імя У. Галубка Слуцкага гарадскога Дома культуры – “Пінская шляхта”, Мінскі абласны драматычны тэатр – “Валянціна”. Практычна ўсе тэатральныя калектывы вядомы і ўпадабаны нашай аўдыторыяй.
Мікалай Пытляк і юбілей
– Я не люблю ніякага самапіяру. Таму адзначаць юбілей не збіраюся, бо мне ўжо ўсяго раней нажадалі. Ды і не атрымліваецца пакуль пасядзець за сталом з сябрамі і сям’ёй. Гэта ізноў пра асаблівасці рэжысёрскай прафесіі. Вельмі не хочацца, каб нагадвалі пра ўзрост. Тэатр – мастацтва маладых душой. Ды і рашуча выступаю за сціпласць і не пераношу эпатажу. Магчыма таму ў мяне самая вялікая скарбонка галоўных узнагарод фестывалю “Бярэзінская рампа”. Аднак не толькі гэта грэе душу, бо было шмат цікавых пазаконкурсных пастановак, паспяховых гастроляў і незабыўных сустрэч. Чаго я сам сабе жадаю? Не, не ўзнагарод! Усяго толькі яшчэ два разы прыняць удзел у тэатральных фестывалях і сабраць паўнюткія залы гледачоў!
* Мілана ТРАПЯНОК.