Гэта не першы поспех нашых харчавікоў. Вось ужо колькі гадоў запар яны ўпэўнена нікому не аддаюць тытул чэмпіёнаў прэстыжнага конкурсу. Вось і сёлета бярэзінскія хлебапёкі і кандытары ізноў увайшлі ў лік прызёраў. Па рашэнні кампетэнтнага журы ў фаварыты агляду ўвайшлі пірожнае “Карзіначка шакаладная”, ласункі мучныя “Дробязь здобная” і батон “Юбілейны”. Усю гэту прадукцыю даўно ведае і ўпадабаў за добры смак і натуральнасць дасціпны пакупнік адразу ў трох раёнах – Чэрвеньскім, Крупскім і Бярэзінскім.
У трэндзе - класіка і натуральныя інгрэдыенты
І з гэтым не паспрачаешся, бо журы ўзнагародзіла залатым і бронзавым медалём добра вядомую прадукцыю – пірожнае “Карзіначка шакаладная” і ласункі мучныя “Дробязь здобная”. Гэта прадукцыя штодзень знаходзіць свайго пакупніка і адгружаецца ў фірменны магазін “Кладоўка” і іншыя магазіны.
Смак пірожнага вядомы амаль кожнаму гурману. І яго ні з чым не пераблытаеш. Гэта свежае пясочнае цеста з салодкім павідлам і пяшчотным бялковым крэмам, якія літаральна растаюць у роце за імгненне. Сёння іх выпускаюць на заводзе ўжо два віды і вырабляюцца яны практычна ўручную.
– Уся карзіначка выраблена выключна з натуральных інгрэдыентаў, – гаворыць начальнік аддзела прамысловасці Вольга Бурая, – нават павідла зроблена ў нас. Напэўна таму смак у пірожнага такі выключны і задаволіць любога гурмана. Ды і яшчэ не забывайцеся, што славутае пірожнае выраблена са шчырай душой і руплівымі рукамі нашых кандытараў Таццяны Лескавец, Таццяны Шмарлоўскай, Ніны Каравай і Вольгі Мурашка. Яны штодзень практычна вырабляюць па 300 пірожных.
Дарэчы, выключна смачнымі ў гэтых “салодкіх” жанчын атрымліваюцца і маленькія булачкі з дражджавога цеста з рознымі начынкамі, якія і складаюць набор “Дробязь здобная”. Яны могуць быть з тварагом, разынкамі і карыцай.
– Нават самы добры хатні кулінар, паласаваўшыся нашай здобай, ніколі не прызнае ў іх булачкі заводскай вытворчасці, – зазначае майстар Таццяна Лескавец. – Рэцэпт іх просты, ды толькі часу адбяруць у гаспадынь шмат. Цеста тут дражджавое, на звычайных дражджах, а не хуткіх. Яно павінна падысці, ды і патрабуе намаганняў кулінара. Таму нашы булачкі лепш есці свежымі з чаем і кавай. Упэўнена, што аднаго набору вам ніяк не хопіць нават на дваіх. Таму смела купляйце некалькі набораў. Тым больш, што кошт гэтай смакаты дэмакратычны і па кішэні людзям з любым даходам.
Гран-пры ў батона “Юбілейны”
Гэта стала поўнай нечаканасцю для бярэзінскіх харчавікоў. Але не для пакупнікоў, сярод якіх нямала і сталічных дачнікаў. Разбэшчаныя рознымі мучнымі прысмакамі, яны нязменна выбіраюць для сябе гэты бохан. Цалкам салідарныя з журы і бярэзінцы, якія вось ужо шмат гадоў выбіраюць гэты смачны і духмяны батон у якасці сняданку разам са сметанковым маслам, варэннем і сырам.
Не менш здзівіліся важкай узнагародзе і непасрэдна вытворцы смакаты. Напэўна таму, што гран-пры дэманструе пераемнасць слаўных хлебабулачных традыцый раёна. Вось ужо некалькі пакаленняў хлебапёкаў штодзень выпускаюць гэты батон. А непасрэдныя яго вытворцы – Наталля Старавойтава, Уладзімір Вайцюшэнка, Марына Гардзеенка, Яўгеній Карповіч, Галіна Гамеза, Наталля Наскавец і Алена Кудравец.
– Заўважу, што гэта члены толькі адной брыгады, якая кожную ноч выпякае для сваіх пакупнікоў свежы хлеб, – гаворыць брыгадзір Ала Саскавец. – Тут не толькі вопытныя работнікі, але і маладыя мужчыны, што асабліва радуе. Выпякаць хлеб заўсёды няпроста і фізічна цяжка. Таму мужчыны ў нашым калектыве ніяк не лішнія. Ды і не варта забывацца, што прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва – выдатныя кулінары. Таму, спадзяюся, дзякуючы іх руплівасці і стараннасці, захаванню тэхналагічных патрабаванняў мы яшчэ доўга будзем чэмпіёнамі ў хлебапякарнай справе, а спажыўцы – снедаць свежым і вельмі смачным хлебам.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.