Дзяцінства прыпала на вайну

Date 27.12.2022 Man
Comment 679
Дзяцінства прыпала на вайну

Дзень першага студзеня для Аляксандра Хадаронка святочны ўдвая, бо адзначае ён не толькі наступленне чарговага Новага года, а і свой дзень нараджэння, на гэты раз ён будзе юбілейным, 85-м, як і ў гісторыі Міншчыны.

Шмат перажыта за гэты час, добры след на зямлі пакінуты. І сапраўды, на зямлі, бо сорак гадоў жыцця было аддадзена служэнню сельскай гаспадарцы. Сведчаннем працоўных дасяг-ненняў ззяе на грудзях ветэрана ордэн “Знак Пашаны”. Выраслі дзеці, радуюць сваімі поспехамі ўнукі, падзяляе радасці і нястачы жонка, з якой пражыта вось ужо 50 гадоў сумеснага жыцця. Ёсць чым падзяліцца мужчыну з іншымі, ёсць што расказаць, ды і прыгадаць таксама. Асобнай тэмай такіх успамінаў – няпростых, горкіх і балючых – з‘яўляецца тэма Вялікай Айчыннай вайны, з якой прыйшлося сустрэцца твар у твар у самым раннім дзяцінстве.

Жыла тады сям’я Хадаронкаў у невялічкай вёсачцы Клёнаўка, што непадалёк ад Котава (сёння у ёй засталіся лічаныя насельнікі). Гадаваліся ў ёй шасцёра дзетак – пяць хлопчыкаў і дзяўчынка. Саша быў сярэднім. Калі пачалася вайна, яму ішоў чацвёрты годзік. І дзіцячыя ўспаміны той пары засталіся яркімі на ўсё жыццё.

Бацька з першых жа дзён вайны адправіўся на фронт, таму ўсе нягоды жыцця пад акупацыяй, клопатам аб тым, як пракарміць малых і не даць іх у крыўду, поўнасцю ляглі на плечы матулі. Як жа няпроста было ёй! Галадалі, ды яшчэ як! У вёсцы ніякай жыўнасці не засталося. Хадзілі леташнюю перамерзлую бульбу капаць, маці праснакі пякла. Да гэтага часу помніцца іх смак. Ратаваў лес, які знаходзіўся тут жа побач, асабліва летам. Збіралі ягады, грыбы. У ход ішлі таксама злоўленыя птушкі – сарокі, шпакі, нават вароны. Апарвалі і елі. Цягалі з гнёздаў (калі пашанцуе) птушыныя яйкі.

З лесу ж нярэдка наведваліся партызаны, многія з вяскоўцаў тады былі ў ліку народных мсціўцаў. Мірныя жыхары дапамагалі ім чым маглі. А што магла даць ім матуля Аляксандра, калі самі ў пастаяннай нястачы. Ведалі пра партызан і фашысты, таму таксама часта заязджалі ў Клёнаўку.

- Аднаго разу толькі маці дастала з зямлянкі прыхаваныя там ласкуты саматканай тканіны, а яны тут як тут, - узгадвае Аляксандр Стэфанавіч. - Хутчэй пакідала ўсё на печ, нас – туды ж, накрыла старым шынялём і загадала маўчаць. Прыйшлі фрыцы, сталі рыцца ў хаце. Убачылі шынель на печы і адразу давай пароць дуламі аўтаматаў: “Партызанен! Партызанен”! Добра што страляць не пачалі з перапуду. А адтуль мы, як той гарох, долу пасыпаліся. Пабіліся моцна аб падлогу, але церпім, перапужаныя. Молім бога, каб не пазабівалі. Страху нацярпеліся!..

Хапала яго і ў іншыя дні акупацыі. Для таго, каб у меншай ступені падвяргаць сям’ю рызыцы, матчын брат, які быў партызанам, аднойчы прыехаў за жанчынай з дзецьмі на кані і павёз у іншае месца, таксама да сваякоў - у вёску Дубоўручча, што ў Чэрвеньскім раёне. Яе горкую гісторыю сёння ведаюць многія: вёску спалілі карнікі, у агні загінулі 270 чалавек, у ліку якіх аказаліся стрыечны брат і дзядька Аляксандра Стэфанавіча.

Таму неўзабаве давялося вяртацца назад, добра што каня пакінулі сям’і. Ён потым не раз выручаў, калі фашысты наведваліся ў Клёнаўку: папярэджаная аб маючым візіце партызанамі, маці загадзя закідвала дзетак на калёсы і выпраўлялася на тым кані ў лес хавацца. Там у гушчары былі выкапаны зямлянкі і вяскоўцы ў іх пераседжвалі небяспеку.

Зямлянка ж, але ўжо другая, выкапаная на месцы знішчанай хаты, добрых дзесяць гадоў служыла сям’і і была асноўным месцам жылля. Адбілася ў памяці, што ў ёй заўсёды было сыра з-за частых дажджоў, вада ад якіх пранікала ў кожную шчыліну.

Жыць было няпроста і тады, калі са шпіталя вярнуўся бацька. У выніку ранення ў яго была перабіта правая рука, таму які з яго мог быць работнік? А працы хапала – і ў калгасе, куды штодзень хадзіла маці, і дома, калі пачалі будаваць новую хату, і па гаспадарцы, па меры таго, як ёю абзаводзіліся.

- З успамінаў той пары самым светлым успамінам засталася людская чалавечнасць, якая панавала сярод аднавяскоўцаў, - прыгадвае Аляксандр Стэфанавіч. – Галадалі ўсе, але ніхто нават не падумваў замахнуцца на чужое, штосьці ўкрасці. Дзяліліся апошнім. Калі ў кагосьці да вясны заставалася прыхаваная для пасадкі бульба, раздавалі кожнаму – хоць па 2-3 штукі, але ўсім.

- Калі ў вёсцы з‘явілася першая кароўка, яна стала агульнай карміліцай для ўсіх. Такім жа чынам, з дапамогай суседзяў, завялі з часам уласную гаспадарку – спачатку трусоў, затым курэй… У тых умовах толькі за кошт агульных намаганняў і можна было выжыць, паасобку не атрымалася б, у нашым выпадку - дык адназначна. Таму я вельмі ўдзячны людзям, а таксама сваім бацькам, якія ў цяжкі час вайны выратавалі нас, а затым далі годнае жыццё, якое кожны з нас, іх дзяцей, пражыў недарэмна, прысвяціўшы яго людзям.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER