Зямля любіць парадак

Date 27.12.2022 Man
Comment 698
Зямля любіць парадак

У непрадказальнасці жыццёвых паваротаў Рыгор Антановіч пераканаўся на ўласным лёсе. І хоць вялікіх узрушэнняў не было, наўрад ці паверыў бы будучы юнаком, што акажацца ў далёкім невядомым раёне і стане, як зараз модна казаць, клеркам.

Пачыналася ўсё з выбару прафесіі пасля заканчэння школы. Цяга да зямелькі-карміцелькі, якая заўсёды выручала працавітых прадстаўнікоў Столінскага раёна, адкуль родам Рыгор, стала асновай для атрымання будучай спецыяльнасці агранома. Вучоба ішла даволі паспяхова і поўнілася новымі адкрыццямі, галоўным з якіх стала адкрыццё юнай дзяўчыны-прыгажуні, якая яшчэ да заканчэння тэхнікума стала жонкай. На той час, калі маладога спецыяліста чакала размеркаванне, у яго сям’і ўжо з’явіўся на свет сыночак.

Вось так утраіх і аказаліся Анатановічы на Бярэзіншчыне. Чаму менавіта сюды прывяла іх сцяжынка, сказаць цяжка, відаць паўплывалі расказы маладых землякоў пра наш край і яго хараство, вось і выправіліся сюды. Праўда, прыступіць да работы па выбранай спецыяльнасці ў калгас імя Ільіча, што існаваў у вёсцы Сяліба, не атрымалася – месца аказалася занятым. Аднак і адмаўляць маладому спецыялісту ніхто не стаў – прапанавалі аналагічную пасаду ў саўгасе “Уша”. З таго ўжо далёкага 1986 года адрас пражывання сям’і Антановічаў не памяняўся.

А вось у жыцці Рыгора Уладзіміравіча наступныя перамены аказаліся істотнымі і крута памянялі яго кар’еру. Хаця і работа ў мясцовай гаспадарцы яго вельмі задавальняла. За час працы ў ёй пабыў аграномам па кормавытворчасці, брыгадзірам, начальнікам участка… А тут ва Ушанскі сельсавет запатрабавана спецыяліст землеўпарадкавальнай службы. Прапанавалі заняць гэты пост маладому энергічнаму мужчыну. Пагадзіўся, спачатку меркаваў – часова, як высветлілася – назаўсёды. Больш за чвэрць стагоддзя прайшло з той пары, нават не верыцца.

- За гэты перыяд наша служба існавала спачатку на базе сельскіх Саветаў, затым падобных мне спецыялістаў цэнтралізавана аб’ядналі ў Мінскую абласную землеўпарадкавальную службу пры Бярэзінскім райвыканкаме. Сёння мы прадстаўляем аддзел землеўпарадкавальнай службы Бярэзінскага райвыканкама, - расказвае Рыгор Анатановіч. – Штат калектыву ў нас невялікі – усяго пяць спецыялістаў. Таму, зразумела, і нагрузка на кожнага даволі вялікая. Так, пад маім кантролем знаходзяцца тэрыторыя Бярэзінскага і частка Капланецкага сельсаветаў (у межах былых Брадзецкага і Сялібскага Саветаў), а таксама ААТ “Першамайскі”. Не менш загружаны і мае калегі, так што сядзець без спраў не даводзіцца.

А якія справы разглядаюць спецыялісты землеўпарадкавальнай службы? Перш за ўсё гэта ўрэгуляванне зямельных адносін, якое ўключае ў сябе ўзворванне зямель, іх выкарыстанне па прызначэнні, прыцягненне да адказнасці сельгасарганізацый, кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак і прыватных домаўладальнікаў за нядбайнае выкарыстанне зямель. Сюды ж дадайце выдзяленне ўчасткаў для абслугоўвання і будаўніцтва дамоў, для арганізацыі работы фермерскіх гаспадарак. Нямала даводзіцца выязджаць і па так званых “гарачых” пытаннях, сярод якіх бываюць нават і спрэчкі, разборам якіх займаецца спецыяльна створаная камісія.


З 1 студзеня 2023 года ў сілу ўступае новы зямельны кодэкс, які ўносіць нямала карэктываў у дзеючае сёння заканадаўства. У прыватнасці, у ім прадугледжаны парадак узаконьвання ўзведзеных раней пабудоў, грамадзянам даецца магчымасць павялічваць свае ўчасткі для апрацоўкі і г.д. Зразумела, што новаўвядзенні запатрабуюць ад спецыялістаў зямслужбы і новых ведаў, новых падыходаў да вырашэння ўзнікаючых праблем.

- Але як бы ні было, зямля павінна быць запатрабаванай, прыносіць карысць і апрацоўвацца, - тлумачыць Рыгор Уладзіміравіч. – Ужо сёння ў нас няма пустуючых участкаў, а ў тых домаўладаннях, дзе людзі не пражываюць або не апрацоўваюць зямлю, участкі абразаюцца па самыя межы. Разам з тым вядзецца і работа іншага кшталту – па выдзяленні зямельных участкаў пад фермерскую гаспадарку і новае будаўніцтва. Так, сёлета адзін з фермераў пажадаў для развіцця гаспадаркі абзавесціся трыма тысячамі гектараў зямлі ў апаведнасці з распрацаванай ім праграмай развіцця фермерскай гаспадаркі.

Зямля яму выдзелена ў межах ААТ “Брадзец”, а наколькі яна будзе эфектыўна выкарыстоўвацца, мы будзем весці пільны кантроль. Ёсць у нас магчымасць таксама даваць участкі пад асабістае будаўніцтва. Для гэтага спецыяльна на сайце райвыканкама і Дзяржкаммаёмасці ўказаны свабодныя і незанятыя ўчасткі ў кожным населеным пункце, якія можна выкупіць. І такія выпадкі таксама адзначаюцца. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца ўчасткі, што размешчаны ўздоўж рэк і недалёка ад райцэнтра.

Так, спраў у работнікаў землеўпарадкавальнай службы, сапраўды, нямала. Работа гэта даволі спецыфічная і няпростая, бо заўсёды звязана з людзьмі. У падобным Рыгор Уладзіміравіч пераконваўся неаднойчы на ўласным вопыце. І тым не менш, так і не здрадзіў выбранай шмат гадоў сцяжынцы, якую прайшоў ужо да самага завяршэння і без смутку і шкадавання глядзіць на пройдзены шлях.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER