Ужо зараз яны ўпрыгожаны жывымі кветкамі і сталі цудоўным месцам для фота-здымкаў і сэлфі, адпачынку і правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў.
Дарэчы, гэтыя малыя архітэктурныя формы набыты за кошт сродкаў, заробленых бярэзінцамі на суботніку. І яшчэ. Добраўпарадкаванне сквера па вуліцы Камсамольскай на гэтым завершана не будзе. Мяркуецца, што ўжо сёлета тут павінен з‘явіцца яшчэ адзін даволі маштабны элемент добраўпарадкавання. Які? Не будзем раскрываць тайну.
Паралельна з гэтым у горадзе з’яўляюцца і іншыя малыя архітэктурныя формы, кветнікі і клумбы, якія нараджаюцца дзякуючы намаганням работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І вельмі крыўдна ад таго, што не кожнаму, відаць, прыходзіцца даспадобы такога роду прыгажосць. Інакш чым можна патлумачыць факты, калі клумбы псуюцца і топчуцца, а кветкі вырываюцца з каранямі і знішчаюцца? Вунь колькі падобных слядоў можна ўбачыць. Інакш як вандалізмам такія дзеянні не назавеш, а паводзіны – не патлумачыш.
Заклікаць такіх людзей да сумлення ці пачуцця прыгожага, відаць, бессэнсоўна. Лепш нагадаць ім, што за псаванне або знішчэнне зялёных насаджэнняў можна паплаціцца, і нятанна.
Нагадаем змест аднаго з артыкулаў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якім прадугледжана адказнасць за:
- незаконнае выдаленне, перасадку ў населеных пунктах драўняна-куставой расліннасці, якая не ўваходзіць у састаў ляснога фонду, або пашкоджанне такой расліннасці, або яе знішчэнне;
- пашкоджанне або знішчэнне кветнікаў, газонаў, размешчаных у населеных пунктах.
Дык вось, грамадзяніна за сарваныя ці выкапаныя кветкі або кустарнікі могуць аштрафаваць на суму да 30 базавых велічынь, індывідуальнага прадпрымальніка – ад 10 да 200 базавых велічынь, юрыдычную асобу – ад 20 да 300 базавых велічынь.
Складаннем пратаколаў за псаванне або знішчэнне гарадскіх насаджэнняў займаюцца адказныя асобы Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
І яшчэ хочацца нагадаць, што некаторыя аб’екты азелянення і малыя архітэктурныя формы (у прыватнасці, у скверы каля бібліятэкі) кругласутачна знаходзяцца ў полі зроку камер відэаназірання. Не стварайце сабе непрыемныя сітуацыі. Лепш прыходзіць на адпачынак толькі з добрымі намерамі і адкрытым сэрцам.
Не забудзьце вось яшчэ пра што: работы па добраўпарадкаванні – гэта і ваш абавязак, дакладней, кожнага з нас. Паклапаціцеся пра абкошванне расліннасці на зямельным участку, які прылягае да вашай тэрыторыі, правільна збірайце смецце і не раскідвайце яго, сачыце за чысцінёй і падтрымлівайце яе. Толькі мы самі зможам зрабіць наш горад больш утульным і прывабным.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.