Раім прачытаць

Date 23.11.2021 Man
Comment 858

Расказваем далей пра цікавыя кнігі і новыя выданні, якія ёсць у раённай бібліятэцы.

Віктар ПРАЎДЗІН, “ПАРЫЖ, ЭЙФЕЛЕВА ВЕЖА І…”

Новы раман вядомага беларускага пісьменніка пра наш супярэчлівы час. Лёс звычайнага чалавека, які жыве ў ХХІ стагоддзі, займаецца бізнесам, пададзены аўтарам у захапляльнай форме. А пачынаецца твор банальнай гісторыяй. Галоўны герой вяртаецца з камандзіроўкі, жонка ў гэты дзень яго не чакала і прымала кавалера…

Напоўніцу разгортваецца жыццё і селяніна, і бізнесмена, і прадпрымальнікаў, і кіраўнікоў: ад галоўных рэдактараў газет і старшыні СВК, ад пастуха, пастушкі і трактарыстаў да чыноўнікаў з дэпутацкім мандатам. Развагі пра чалавечыя адносіны, дзе ёсць каханне і здрада, пра апантаную працу сапраўдных хлебаробаў і пра тых, хто без “украсці і выпіць” жыць не можа. Вось што асабіста мне падабаецца ў творах Віктара Праўдзіна, дык гэта поўная адсутнасць у тэксце “лішніх” абзацаў, дзеянні разгортваюцца імгненна, аператыўна і дынамічна. У літаратара, які прысвяціў добрую частку жыцця службе ў міліцыі, па-іншаму і быць не можа, тым і вабіць.

Адрасавана нашаму сучасніку з пажаданнем добрага настрою.

Федар ВУГЛОЎ. “СЭРЦА ХІРУРГА”.

Унікальны твор, лічыцца лепшым медыцынскім раманам ХХ стагоддзя, напісаны задоўга да з’яўлення цікавасці да медыцынскіх серыялаў і кніг. Перад намі рэальны дзённік хірурга, у якім праўда ўсё – ад першага да апошняга слова. Расповед пачынаецца з блакаднага Ленінграда, дзе Фёдар Вуглоў пачаў працаваць у бальніцы.

У кнізе маюцца захапляльныя апісанні аперацый, складаных выпадкаў, загадкавых дыягназаў. Напісана нібыта трылер, пачынаеш чытаць і з першай старонкі немагчыма адарвацца ад гісторый з практыкі знакамітага хірурга. Вылучаюцца закручаны сюжэт, майстэрства ў стварэнні фабулы, кульмінацыі і развязкі – гэта сапраўдная класіка, побач з якой многія сучасныя бестселеры выглядаюць бездапаможнымі пародыямі. Кніга “Сэрца хірурга” перакладзена на многія мовы свету. Сам аўтар у 90-гадовым узросце быў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса, як самы старэйшы практыкуючы хірург. Быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Расіі. У дадзеным выданні змешчана пасляслоўе “Як стаць добрым хірургам”, у якім акадэмік Вуглоў дзеліцца шматгадовым досведам, настаўляе маладых урачоў.

Іёна ГРЭЙ. “ЛІСТЫ ДА СТРАЧАНАЙ”

Кнігі падобнага кшталту ў нашай рубрыцы яшчэ не разглядаліся.

2011 год. Юная спявачка Джэс, якая кінулася наўцёкі ад старога жыцця, ад жорсткага каханка-менеджара, нечакана знайшла ў сельскай глухмені ў закінутым старадаўнім доме скрынку з лістамі 70-гадовай даўніны. У лістах тых – светлая і самотная гісторыя кахання часоў Другой сусветнай вайны. Гісторыя прыгажуні Стэлы Холанд, яе няўдалага шлюбу з Чарзам Торнам і каханнем да амерыканскага лётчыка Дэна Расінскі – адзінага мужчыны, які намагаўся зрабіць яе шчаслівай. Дэн і Стэла расталіся некалькі дзесяцігоддзяў назад, але ці ўсё для іх страчана ў той даўняй гісторыі? Джэс і яе сябар Уіл вырашаюць знайсці аўтараў лістоў, галоўных герояў той забытай любоўнай перапіскі.

Кніга пра змаганне за шчасце. Сюжэт утрымлівае нечаканыя павароты. І дарэчы, знайдзеныя лісты дапамагаюць выправіць жыццё ўласна самой Джэс.

Два паралельных светы і ў той жа час два падобныя лёсы. Раман для чытання ўвечары перад сном. Нядрэнны пераклад. Шмат пра пачуцці, мала бытавых падрабязнасцей. Але ў цэлым пацешна.

Аглядаў кніжкі Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Кніжны інклюзіў Не в силе Бог, а в правде »