Чым жывеш, РЦК?

Date 18.01.2022 Man
Comment 647
Чым жывеш, РЦК?

Калі святы для большасці людзей выглядаюць перспектывай гулянняў і адпачынку, то для калектыву раённага цэнтра культуры ў такія дні напружаная праца.

І чым больш разнастайныя і цікавыя канцэртныя нумары, чым прыгажэй усё выглядае на сцэне, тым больш энергіі і творчых сіл укладзена ў дзею работнікамі культуры. З той прычыны хочацца пацікавіцца: чым жа сёння жыве галоўная культурная ўстанова Бярэзіншчыны?

На месцы не стаім

– Мінулы год быў для нас насычаны падзеямі, –расказвае дырэктар Бярэзінскага РЦК Марыя Бурымская. – Прынамсі, як і ўсе папярэднія гады. Працавалі ў многіх накірунках. Гэта і ХІІ абласны фестываль “Бярэзінская рампа”, і ХVІ раённы конкурс юных талентаў “Зорачкі надзеі” з правядзеннем абласнога марафону “ART-mix”, і раённы фестываль “Пасхальной радости сиянье”, і раённы фестываль-кірмаш “Дажынкі-2021”, і конкурс “Міс Аграпрам-2021”, і тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі, і творчы праект «Вянок сяброў», прысвечаны Году адзінства, з удзелам вядучых самадзейных вакальных калектываў Мінскай і Магілёўскай абласцей; а таксама дзіцячыя квест-гульні, музычна-забаўляльныя праграмы, маладзёжныя святы, раённыя акцыі і безліч іншага. Гэта без уліку арганізацыі і правя-дзення абавязковых свят: такіх як Масленіца, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дзень абаронцаў Айчыны, Дзень Незалежнасці і іншых. Калі казаць сухой мовай лічбаў, то цалкам установамі культуры Бярэзіншчыны было праведзена 2963 мерапрыемствы за год. Дарэчы, з іх 507 – на платнай аснове. На працягу года ў нас працавала 66 розных клубных фарміраванняў, з іх 39 – для дзяцей. Так што, калі ў каго з бярэзінцаў і ўзнікне часам пытанне кшталту “Чым займаюцца работнікі цэнтра культуры?”, скажу дакладна: на месцы не стаім.

Варта адзначыць прыемны момант: рэжысёр народнага тэатра Мікалай Пытляк у пераднавагоднія дні быў адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”. Узнагароду ўручыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергеенка ў Палацы Рэспублікі.

Свая «разынка»

– Любое свята трэба рыхтаваць загадзя, часам за некалькі месяцаў. Вось сёння мы ўжо пачалі працаваць над праграмай да Дня жанчын 8 Сакавіка. Плануецца шырокая і насычаная канцэртная праграма. Абмяркоўваем з калегамі, як павінна выглядаць сцэна, дзелімся ідэямі, планамі пастановак, вымалёўваем канчатковую карцінку. Самае цікавае раскрываць не буду, захаваю таямніцу. Аднак скажу, што мяркуецца гумарыстычнае афармленне. Разважаем зараз, з чаго будзе манціравацца сцэна.

Дарэчы, між сабою канцэрт на 8 Сакавіка мы называем “справаздачным”, бо на ім мы паказваем усё, чаго дасягнулі летась, плюс новыя творчыя знаходкі. Потым з нумарамі згаданага канцэрта мы працуем на працягу года.

Акрамя гэтага, ёсць жа і іншыя мерапрыемствы. Напрыканцы студзеня будзе “Снежная мелодыя”, якую мы рыхтуем разам са школай мастацтваў, у лютым – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і іншае. Кожнае святочнае мерапрыемства патрабуе сваёй «разынкі», асобнага падыходу, уласнага мастацкага вырашэння. Гэта цікава!

Рады дзецям

– На Новы год правялі раённую акцыю “Запалім ёлку разам”, бярэзінцам запомнілася шэсце Дзядоў Марозаў са Снягуркамі ад працоўных калектываў Бярэзіншчыны. Але асобнай тэмай у нас заўсёды дзеці, мы вельмі рады, калі яны прыходзяць да нас. І сёлета для дзетак на Новы год паказалі спектакль “Новогоднее счастье”. Пачынаецца як мілая добрая казка, але потым глядач трапляе ў каралеўства мышэй, і гэта галоўныя персанажы. У спектаклі занята 60 юных акцёраў узорнага драматычнага тэатра пад кіраўніцтвам Аляксея Бабашава, узорнага ансамбля танца “Вясёлка” (кіраўнік Аксана Панкевіч) і калектыву эстраднага танца “Яркія фарбы” (кіраўнік Алена Барысёнак).

Пастаноўка мела поспех. “Новогоднее счастье” паказвалі 8 разоў, яго паглядзелі больш 1000 школьнікаў горада і раёна. Дарэчы, перад самым Новым годам прэм’ера была разам з навагоднімі падарункамі, дзеткі атрымалі задавальненне.

Працягваем эксперымент

– Наогул, шмат сіл аддае пастаноўкам навагодніх дзіцячых спектакляў Аляксей Бабашаў. Хочацца сказаць некалькі слоў пра гэтага таленавітага рэжысёра, які распрацоўвае сцэнарыі свят, піша п’есы і працуе з дзецьмі.

У нас была вялікая палеміка наконт таго, што паказваць юным гледачам, і што хочуць паказаць на сцэне юныя акцёры. Час дыктуе свае ўмовы. Мы доўга гэта абмяркоўвалі і прыйшлі да высновы, што сучасныя дзеці павінны атрымліваць сучасную казку, тую ж добрую і прыгожую, але – сучасную! Таму адмовіліся ад старога рэпертуару і ўжо трэці год запар праводзім эксперымент: даём дзецям магчымасць рабіць тое, што яны самі хочуць.

Дарэчы, першы “эксперыментальны” спектакль “Перазагрузка-2020” мы паказалі на Новы год у 2019-м, і гэта быў поспех. Дзеці былі ў захапленні! Мы ездзілі з пастаноўкай у суседнія раёны – юныя гледачы проста не чакалі ўбачыць нічога падобнага. Удзельнікі тэатраў іншых раённых устаноў культуры падыходзілі да нас і гаварылі, што таксама хочуць так іграць, а не выкарыстоўваць класічны стары рэпертуар.

Летась калектыў узорнага драматычнага тэатра разам з узорным лялечным тэатрам “Сюрпрыз” пабывалі на дзіцячым абласным тэатральным фестывалі “Чароўны куфэрак”. Наш спектакль меў эфект бомбы.

Як нараджаецца крэатыў

– У нас кожны работнік падыходзіць да абавязкаў творча: ад рабочага да мастака-афарміцеля. Звычайна рыхтуемся да мерапрыемстваў так: збіраемся разам і пачынаем абмяркоўваць ідэі. Усё ўзгадняем сумесна і працуем у цеснай звязцы. У рэжысёра –сваё бачанне, у гукарэжысёра – уласныя прапановы, харэографы прапануюць сваё, таксама да абмеркавання падключаюцца мастак-афарміцель, мастак-пастаноўшчык, касцюмер і гэтак далей. На выхадзе атрымліваецца свята. Любое мерапрыемства раённага цэнтра культуры – гэта вынік зладжанай работы нашых спецыялістаў. Іначай ніяк! Нельга не адзначыць касцюмера Алену Красоўскую, мастака-афарміцеля Валянціну Красікаву і мастака-пастаноўшчыка Ірыну Цюхай і многіх іншых. Таксама ў нас працуюць рабочыя Дзмітрый Лескавец і Аляксандр Колтун – гэта людзі з добрымі сэрцамі і залатымі рукамі. Наогул, кожны наш калега-супрацоўнік варты асобнага артыкула ў газеце. Гэта творчыя асобы, гонар нашага РЦК.

3100 – за год

– Дарэчы, адпаведна з рэспублі-канскім планам “Культура Беларусі”, разлічаным на 5 гадоў, на сёлета ўсім установам культуры Бярэзіншчыны запланавана правесці 3100 мерапрыемстваў. Гэта няпростая задача, аднак мы ўсе звычныя спраўляцца з цяжкасцямі, тым больш, што задачы перад намі стаяць творчыя. Падобнае цалкам магчыма, пры граматнай расстаноўцы сіл і сродкаў гэтага паказчыка можна дасягнуць. Гэта падштурхоўвае да творчых пошукаў і дае магчымасць рэалізавацца новым крэатыўным ідэям, якіх у нашага калектыву, паверце, хапае шмат. Гэта работа, якая нам усім даспадобы, якая нас натхняе і яднае. Тым і жывём: жаданнем унесці культуру ў жыццё кожнага бярэзінца.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з архіваў Бярэзінскага РЦК.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Віншуем з кнігай! Что посмотреть на выходных? »