Прадстаўлялі гэту незвычайную выставу супрацоўнікі Беларускага аддзялення Міжнароднага цэнтра Рэрыхаў Уладзімір Папоў і Вікторыя Куніца.
— На Бярэзіншчыне прадстаўлена каля 40 мастацкіх работ Мікалая Канстанцінавіча, — распавядае Уладзімір Міхайлавіч. — Шмат месца ў іх надаецца небу, аблокам, бясконцым прасторам… Гімалайскія эцюды Мікалая Рэрыха — унікальны феномен у сусветным мастацтве. Яны адкрылі нам прыгажосць горнага свету Усходу, дух Гімалаяў, дзе Космас у адным патоку зліваецца з планетай і чалавекам.
Першыя наведвальнікі выставы – старшакласнікі Бярэзінскай гімназіі – не хавалі
свайго захаплення.
– Выстава мяне вельмі ўразіла, – падзяліўся сваімі думкамі вучань 10 “Б” класа Аляксей Дайнэка. – Рэрыхі – незвычайная з’ява ў гісторыі чалавецтва. Прыгажосць гор, буйства фарбаў, незвычайнасць адценняў святла і ценяў. Я неяк спрабаваў маляваць, але ў мяне не атрымоўваецца…
Мастацкая спадчына Рэрыха налічвае больш за сем тысяч работ. Многія свае карціны мастак аб’ядноўваў у серыі. Мабыць, самая грандыёзная з іх — серыя «Гімалаяў». У творах гэтай серыі Мікалай Канстанцінавіч адлюстраваў ледавікі Каракарума, камяністыя выступы Тыбецкай горнай мясцовасці, горныя азёры і бурныя рэкі, добрыя травы Васілісы Прамудрай, Панцеляймона-лекара. На многіх карцінах Рэрыха — горныя манастыры, храмы, выразаныя ў скалах на высокай вышыні… Мастак ствараў іх на працягу многіх гадоў. Толькі падчас экспедыцыі па Цэнтральнай Азіі пад кіраўніцтвам Рэрыха ў 1923-1928 гадах мастак стварыў больш за 500 карцін, прысвечаных Гімалаям…
Вобразы Гімалаяў сталі сэрцам яго творчасці. Бо людзям вядома, што той, хто шукае духоўнага ўздыму, павінен глядзець у бок Гімалаяў. Мікалай Рэрых лічыў, што мір на зямлі — гэта неабходная ўмова для выжывання планеты і для бесперапыннага працэсу духоўнай эвалюцыі, і заклікаў людзей знаходзіць агульную мову ў свядомасці прыгажосці і ведаў.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.