Перад членамі пункта стаіць малады чалавек. На пытанне, за што ён трапіў на пасяджэнне, адказвае: з-за дробязі – разбіў у магазіне бутэльку каньяку… Усяго толькі з-за гэтага? Усё так, калі б не тыя абставіны, што папярэднічалі прыведзенаму факту. Спачатку выявілася, што для гэтага “цэннага груза” не знайшлося месца ў кошыку пакупніка. Затым аказалася, што кошыка таго наогул не было. А ў сувязі з тым, што ў руках пакупнік быццам-бы трымаў іншы тавар, бутэльку ён засунуў… падпаху ў спадзяванні непрыкметна вынесці яе з гандлёвай залы. А яна – вазьмі, ды і выслізні са схованкі. І аб падлогу.
- Я ж заплаціў за той каньяк, - абураўся мужчына. – Дык не, яшчэ і ахову выклікалі. А навошта, калі інцэндэнт і без таго быў вычарпаны?
Відаць, што спробу крадзяжу тавару, як галоўны фактар складання пратакола, наш герой у разлік “інцыдэнта” не бярэ. А за падобнага роду ўчынкі трэба ж адказваць. У дадатак да характарыстыкі мужчыны можна дадаць, што зараз ён нідзе не працуе, а нагодай для звальнення сталі частыя прагулы на рабоце. Думаю, не трэба расказваць, па якой прычыне. Для таго, каб мужчына не трапіў у большую бяду, яму прапанавана ў бліжэйшы час прайсці курс лячэння ў нарколага і працаўладкавацца.
Такія ж рэкамендацыі ад членаў пункта аховы правапараку атрымалі і яшчэ двое запрошаных на пасяджэнне бярэзінцаў. Аднаму з якіх 40 гадоў, другому няма і трыццаці. Тым не менш, абодва ўжо даўно “сябруюць” з работнікамі РАУС і часта траплялі ў іх поле зроку. Сёння мужчыны - патэнцыяльныя кандыдаты на адпраўку ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Для таго, каб трапіць туды, кожнаму з іх дастаткова яшчэ хаця б аднаго міліцэйскага пратакола. Дык ці не наступіў той апошні момант узяцца за розум, каб канчаткова не зламаць сабе жыццё і не пераступіць тую рысу, за якой нічога, акрамя далейшага падзення ў бездань, не будзе? Навошта ж свядома заганяць сябе ў тупік?
У тупіку аказаўся і яшчэ адзін запрошаны на пасяджэнне бярэзінец. Ён таксама час ад часу трапляе ў поле зроку міліцыі будучы нападпітку. Здавалася б, дэбошаў не ўчыняе, у п’яным стане па вуліцах на шатаецца, прагулаў на рабоце не робіць і там характарызуецца толькі са станоўчага боку. У чым жа тады справа?
Як вынікае са слоў самога небаракі, прычынай прыводаў у міліцыю з’яўляецца яго жонка. Як толькі пачуе запах спіртнога ад мужа, адразу бярэцца за трубку тэлефона і выклікае нарад. Падобны малюнак паўтараецца вось ужо каторы раз. Прычына таму – няўжыўчывасць з мужам і пастаўлены яму ўльтыматум: “Ты або паедзеш ў вёску, або трапіш у ЛПП!”, ні больш, ні менш, іншых варыянтаў кабета і не разглядае. Хаця іх – вялікае мноства.
Дом гаспадару дастаўся ў спадчыну ад бабулі. Па просьбе жонкі (маўляў, жыву тут на птушыных правах), муж адпісаў ёй палову займаемай плошчы. Аднак той часткай, што засталася яму па законе, ён карыстацца па сваім жаданні не можа. Нават калі сюды сёлета прыехала пасля пажару з вёскі састарэлая 80-гадовая маці, інвалід першай групы, жонка гаспадара заявіла, што старая тут жыць не будзе і выправадзіла яе на вуліцу – начуй дзе хочаш. Сын толькі паціснуў плячыма ды развёў рукамі: прабач, матуля, прытуліць цябе не магу, хоць ты і маеш права тут жыць…
Здаецца, куды больш, як красамоўны прыклад паводзін жанчыны. У адносінах да поўнасцю скаронага і безадказнага мужа яны праяўляюцца і ў іншых сітуацыях. Вось чаму, калі на рабоце неабходна адстаяць змену ў выхадны ці святочны дзень, мужчына заўсёды выклікаецца добраахвотнікам і зыходзіць з дому, бо тут яму спакайней, чым быць у кругу сваёй сям’і, дзе ён церпіць знявагу не толькі ад сваёй жонкі, але і ад дачкі з зяцем. Іншы раз ён лічыць за лепшае нават пераначаваць у кагосьці з сяброў. Адсюль, ад разумення безвыходнасці свайго становішча, калі-нікалі можа і ў чаргу зазірнуць. І то, каб жонка не даведалася, крый божа, а то зноў на суткі выправадзіць.
- Гэты мужчына ў нас працуе ўжо чацвёрты год, - расказвае яго непасрэдны майстар участка. – Больш спакойнага чалавека я не сустракаў. Працаўнік ад душы, ніякіх нараканняў да яго няма. Калі ж здараюцца выпадкі яго нявыхаду на работу, то прычына тут толькі адна – зноў з падачы жонкі трапіў на суткі. Ведаю, што пра яго (у адрозненне ад жонкі) толькі добрым словам адзываюцца і суседзі: сяброўскі, пры неабходнасці прыходзіць на дапамогу. Шкада чалавека.
- Я б ужо і сам у тую вёску з’ехаў, - уздыхае мужчына, - няхай распараджаюцца тут усім. Але да пенсіі засталося крышачку, не кідаць жа работу. Але і трываць таксама не магу. А як перад матуляй няёмка, што не змог адстаяць яе перад жонкай. Ды толькі што я магу?
І ўсё ж выйсце павінна быць. Законнае і абараняючае. Як выказаліся члены савета, самы лепшы варыянт у гэтай сітуацыі - афіцыйны развод (была ўжо такая спроба, ды жонка адмовілася), падзел дома (хаця ён ужо афіцыйна падзелены) з вызначэннем канкрэтнай долі і канкрэтнай займаемай плошчы, устаноўка двух асобных ізаляваных уваходаў для абодвух саўладальнікаў жылля з устаноўкай перагародкі ўнутры дома. Наколькі такі варыянт стане аптымальным, пакуль невядома. Але зрабіць такую спробу, вядома ж, варта. Тады, глядзіш, знойдзецца на вызначанай для сына плошчы і месца для прытулку састарэлай матулі…
Такія вось розныя лёсы і асобы паўсталі перад членамі пункта грамадскага правапарадку на чарговым пасяджэнні. Прывялі кожнага сюды вынікі праблем, у якія трапілі гэтыя людзі, ступаючы крок за крокам усё далей па няпростай жыццёвай дарозе. А пачынаецца яна з першага неабдуманага кроку.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.