Селянін і смачна накорміць і пазабаўляе

Date 29.06.2022 Man
Comment 524
Селянін і смачна накорміць і пазабаўляе

Па стане на 27 чэрвеня нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу выйшла на фінішную прамую. Большасць гаспадарак раёна завяршаюць касавіцу і актыўна вядуць уборку скошанага ўраджаю траў.

Ужо назапашана 1884 тоны сена, 65166 тон сенажу. Такім чынам, з каштоўных па спажыўных рэчывах траў першага ўкосу ўжо маецца на ўмоўную галаву жывёлы звыш 9 цэнтнераў кармавых адзінак.

Задача нумар адзін – свае якасныя кармы

Традыцыйна ў лідарах корманарыхтоўчай кампаніі аграрыі філіяла ўнітарнага прадпрыемства "АграМАЗ". Яны з 1575 гектараў кармавых угоддзяў ужо маюць дзясятую частку запланаванага сена і 72 працэнты сенажу. Акрамя таго, на збожжавых палях спее таксама шчодры ўраджай, дзе асобныя палеткі з гібрыднымі культурамі абяцаюць да 65 цэнтнераў на круг.

– Сёлета мы ўпершыню плануем давесці дзяржзаказ да 1000 тон збожжа, а вырашчаную пшаніцу, проса і азімы ячмень цалкам пусціць на кармы свайму пагалоўю, – дзеліцца будучымі планамі кіраўнік гаспадаркі Валерый Цэдрык. – Вырабляючы свае канцэнтраты, мы значна сэканомім на сабекошце малака і ялавічыны, а пры ўмове назапашвання якасных травяністых кармоў яшчэ і істотна павялічым вытворчасць малака і мяса. Частку кармоў можам прадаць іншым гаспадаркам. Нам жа трэба зарабіць нямала грошай і атрымаць дастойную выручку ад рэалізацыі вырашчанай прадукцыі, каб належным чынам разлічыцца са сваім інвестарам. Летась мы вярнулі свайму галаўному прадпрыемству 1 мільён 200 тысяч рублёў, а сёлета мяркуем давесці гэту суму да 2 мільёнаў.

На ферме Дулебы (загадчык Васіль Казакевіч) надой састаўляе 26 кілаграмаў малака на карову

У трэндзе – малако і сыры

Крыніцай даходаў у "АграМАЗе" традыцыйна з’яўляецца вытворчасць малака, якое нязменна дастаўляецца перапрацоўшчыкам гатункам "экстра". Радуе не толькі якасць, але і належная колькасць сыравіны: сярэдні надой па гаспадарцы складае 23 кілаграмы малака ў суткі.

– Малако для нас – прадукт стратэгічны, – дадае Валерый Мікалаевіч, – бо з яго пад брэндам "МАЗ" выпускаюцца традыцыйныя расійскія і галандскія гатункі сыроў. Попыт на іх вельмі вялікі і ўвесь час толькі расце.

І ялавічына

Ды не толькі смачныя сыры сёння ў прыярытэце "МАЗаўцаў" і гаспадаркі. Тут з пачатку года ўшчыльную ўзяліся за вырошчванне маладых бычкоў, ялавічына якіх паступае ў сталовыя, буфеты, стацыянарныя павільёны і перасоўныя прычэпы Мінскага аўтамабільнага завода. Цяпер у іх асартыменце лапатка, "пастрама", грудзінка, катлетнае мяса, якое рэалізуецца ў ахалоджаным выглядзе і ў вакуумнай упакоўцы. Ды і кошт гэтай прадукцыі значна таннейшы, чым у іншых крамах і кірмашах.

– Сумнявацца ў набыцці гэтага каштоўнага мяса не даводзіцца, – тлумачыць кіраўнік. – Бычкоў мы набываем звычайна ў Чэрвеньскім раёне, утрымліваюцца яны ў нас у трох памяшканнях, пабудаваных за кошт аўтазавода, па 400 галоў, у рацыёне ў іх сянаж, канцэнтраты і сена, а даглядаюць іх усяго тры чалавекі. Дарэчы, прадуманы не толькі рацыён кармлення, але і спецыяльная падсцілка – салома. Таму заробак у даглядчыкаў 1700 рублёў, а прыбаўленні дасягаюць 900 і вышэй грамаў у суткі.

Бычкі пад наглядам Людмілы Краўцовай падрастаюць і набіраюць вагу хутка

Вырошчванне жывёлы працягнецца

Гаспадарка мяркуе і надалей развіваць такую мясную вытворчасць. У бліжэйшых планах – будаўніцтва яшчэ двух такіх памяшканняў для маладых бычкоў. Такім чынам іх пагалоўе дасягне тут ужо 2 тысяч галоў.

– Свае дывідэнды ад гэтай справы мае не толькі рабочы завода, але і селянін, – перакананы Валерый Мікалаевіч, – рэнтабельнасць вырошчвання і рэалізацыі буйной рагатай жывёлы палепшылася. Ды і завод рэгулярна аплачвае адгружаную ім прадукцыю, а мы маем сродкі на бягучыя расходы і развіццё гаспадаркі. А гэта, пагадзіцеся, немалаважна ў наш няпросты эканамічны час.

Маладыя бычкі вытрімліваются выключна да года

А яшчэ і мёд

Зарабляюць любушанцы грошы не толькі на вытворчасці малака і мяса, але і на мёдзе. Гэта ж эксклюзіўны прадукт. Пчалярствам гаспадарка займаецца з 2005 года і рэалізуе прадукцыю ў банках па 200 грамаў. Колькасць пасекі – 70 пчоласем’яў парод расійскай селекцыі.

Дарэчы, па ўзроўні ўтрымання пчол, наяўнасці неабходнага абсталявання, ураджаю мёду пасека філіяла "АграМАЗ" займае трэцяе месца ў рэспубліцы. Вялікае дзякуй за гэта кіраўніцтва гаворыць свайму галоўнаму пчаляру Сяргею Мурашку.

Не патрэбен нам бераг турэцкі

Перспектыўным накірункам лічыць гаспадарка і рыбную лоўлю на возеры ў вёсцы Мачаск. Тут аматары вуды і цішыні атрымаюць магчымасць вылавіць пяць кілаграмаў карпа. Ды толькі вабіць сюды заводскіх не толькі магчымасць парадаваць сям’ю свежай рыбай, але і цудоўная зона адпачынку з паркоўкай, месцам для смажання шашлыкоў і альтанкай, каб пасядзець цёплай кампаніяй, а яшчэ выключная вясковая цішыня і хараство штучнага возера.

Мангал для смажання шашлыкоў...

У дадатак тут можна цудоўна адпачыць з сябрамі альбо з сям'ёй. Ёсць домікі. У планах аграрыяў далейшае будаўніцтва зоны адпачынку, мяркуецца, што тут будуць новыя прычалы і дамы для пражывання.

А пакуль сюды вабяць гараджан магчымасцю воднай прагулкі на катамаране. Кошт яе ў гадзіну – 8 рублёў. Наіўна наракаць, што гэта вельмі дорага, бо за 60 хвілін цалкам дастаткова, каб агледзець прыгажосці водасховішча, якое даўжынёй у кіламетр, а глыбінёй – да шасці метраў.

  і катамаран

– У нашых планах – далейшае набыццё катамаранаў. Яны, дарэчы, вырабляюцца не за мяжой, а ў нашых Асіповічах, – заўважае Валерый Мікалаевіч. – Ды і рады мы бачыць ў сябе на адпачынку не толькі работнікаў завода, але і ўсіх жадаючых. Навошта гэты накірунак нам? Пытанне, лічу, недарэчнае. Селянін ў любы час і пры любых абставінах імкнуўся быць самастойным і незалежным ад гарадскога рабочага. Вось і мы жадаем таго ж.

Дзеля гэтага нам неабходны маладыя кадры і сучасныя тэхналогіі.

Мы ўжо сёння аплачваем сваім спецыялістам арэнду жылля ў горадзе, маем намер будаваць ім жыллё ў Беразіно. А гэта ўжо рашучы крок пазбавіцца ад інвестыцый завода і стаць цалкам свабоднымі ў сваёй дзейнасці.

Зона адпачынку

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER