– Мы рэгулярна туды пастаўляем сваю салодкую прадукцыю і чуем ад пакупнікоў толькі падзякі ў свой адрас, – гаворыць загадчыца вытворчасці Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства Вольга Бурая. – Хто не верыць, няхай зазірне ў нашу фірменную краму “Кладоўка”. Тут тавар дастаўляецца роўна ў 8 гадзін раніцы і раскупляецца на раз-два пастаяннымі пакупнікамі пірожных, кексаў, коржыкаў і тартоў. Яно і не дзіўна,бо ўся прадукцыя выраблена практычна ўручную і ўсяго за некалькі гадзін да разгрузкі.
Звыш 2 тысяч вырабаў за змену Паверыць у тое, што гэтая яркая і духмяная салодкая прыгажосць зроблена ўручную ў наш высокатэхналагічны час, складана. Таму не лішнім аказалася наведаць і кандытарскі цэх. Працаваць тут, як кажуць, не цукар, бо кандытарскі цуд па-ранейшаму складаецца з цяжкай ручной працы і неверагоднага цярпення. У рабочым памяшканні, дзе і ствараюцца ўсе кулінарныя вынаходствы, з абсталявання – сталы, цестамясільныя машыны і міксеры.
– Сёння ўжо нашым кандытарам крыху лягчэй працаваць, але ўсё роўна, паспрабуй накруціць на 300 карзіначак узоры з бялковага крэму, – дадае Вольга Уладзіміраўна. – А ў дзень мы адгружаем пакупнікам звыш 2 тысяч рознай
кандытарскай прадукцыі.
“Казка”, яшчэ і “Бульба”
Сакрэт непаўторнага густу бярэзінскіх кандытараў яшчэ і ў тым, што яны трапятліва захоўваюць вернасць правераным гадамі рэцэптам і перавагу аддаюць толькі натуральным інгрэдыентам – сметанковаму маслу, мёду, тварагу, яйкам і інш.
– Вось чаму ў нас больш за дваццаць гадоў выпякаюць такія тарты, як “Казка” і “Ленінградскі”, – гаворыць спецыяліст. – Яны цалкам натуральныя. У іх рэальна, па водгуках пакупнікоў, адчуваецца смак сметанковага масла. Вядома ж, час і густы ўносяць свае карэктывы. Вось чаму замест цукатаў цяпер красуецца мармелад, а замест арахісу – фундук. Ды і не стаіць час на месцы. У пэўнай часткі пакупнікоў з’явіўся попыт на прадукцыю з інгрэдыентамі расліннага паходжання. Так набылі папулярнасць некалькі відаў тартоў “Царское угощение", "Венера”, некалькі відаў палоскі і іншыя. Ды і што яшчэ сказаць: мы вярнулі пасля працяглага перапынку выраб пірожнага – “бульба”.
Яе вялікасць - упадабаная “карзіначка”
Ёсць у асартыменце бярэзінскіх кандытараў і яшчэ адна прадукцыя – доўгажыхар. Размова ідзе пра славутае пірожнае, вядомае ласунам яшчэ з савецкіх часоў – “Карзіначка”. Каму з нас невядомы з дзяцінства смак свежага пясочнага цеста з салодкім павідлам і пяшчотным бялковым крэмам, якія літаральна растаюць ў роце за імгненне. Іх хочацца есці і есці без перапынку. Сёння іх вырабляюць на заводзе ўжо два віды.
– Выдам вам сакрэт, – гаворыць Вольга Уладзіміраўна, – у самы бліжэйшы час адбудзецца выстава кандытараў “Прадэкспа”, дзе гонар нашага роднага прадпрыемства абараняць будзе шакаладная карзіначка. Улічвацца будзе ўсё: ад смаку - да знешняга выгляду. Таму шчыра спадзяёмся на прафесіяналізм і ўдачу нашых кандытараў.
Каралевы салодкіх цудаў
Адна з іх майстар Таццяна Лескавец вось ужо сорак гадоў займаецца кандытарскай справай і слыве самай “салодкай” жанчынай. Не пералічыць, колькі яна спякла і аздобіла тартоў, пірожных, кексаў, бісквітаў, коржыкаў і булачак за сваё жыццё!
– Я за ўсякую працу бяруся з душой, – гаворыць яна. – Веру, што мая добрая энергетыка перадаецца людзям. Таму не раз мае вырабы адзначаліся на розных конкурсах. Мне гэта прыемна, але я ніколі не працавала дзеля славы, проста па-іншаму не магу. Наша Бярэзіншчына невялікая, тут многія ведаюць адзін аднаго, таму не сакрэт, чыімі рукамі гатуецца выпечка, якую купляюць. Як жа я магу не ўкладваць душу для тых, каго паважаю і люблю?
Дарэчы, жанчына пакуль адзіны прафесіянал такога ўзроўню. Але ўжо спяшаецца падзяліцца сваім багатым вопытам з вучнямі.
– Таццяна Лявонцьеўна – кандытар ад бога, мы ўсе ў яе вучымся. І чалавек яна вельмі светлы, спагадлівы, – гаворыць пра яе кандытар Вольга Мурашка.
– Цяпер нават не верыцца, што я яшчэ заспела той час, калі мясцовыя кандытары не рабілі ні суфле, ні слоенае цеста, ні бялковы крэм. Прыемна ўсведамляць, што гэтая кулінарная экзотыка была прыўнесена ў тым ліку і мною, – адзначае Таццяна Лявоцьеўна.
Адкусваючы пірожнае
Гутарка не перашкаджае справе ісці спорна. На вачах з аморфнага цеста вымалёўваюцца прысмакі, а цэх напаўняецца водарам свежай выпечкі, які ні з чым нельга параўнаць. З полымя, з жару ўсё гэтае кулінарнае багацце адвозіцца ў гандлёвыя кропкі
Адкусваючы кавалачак кекса альбо пірожнага за кубачкам кавы, хто-небудзь з бярэзінцаў, напэўна, у думках падзякуе залатых рук майстру за выдатны густ і шчырую працу.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.