Слова пра класнага кіраўніка

Date 03.02.2023 Man
Comment 374
Слова пра класнага кіраўніка

Існуе такое меркаванне, што настаўнік – прафесія далёкага дзеяння. Сапраўды, пісьменнік жыве ў творах, мастак – у карцінах, а педагог – у думках і ўчынках сваіх вучняў. Ён жа кожны дзень з дзецьмі анлайн. У каго яшчэ ёсць магчымасць глядзець штодзённа ў вочы дзятвы, гадзінамі размаўляць, напаўняць іх жыццё сэнсам, дарыць надзею на лепшае і веру, што кожная мара ім па сілах.

Рэальна разумееш гэты патаемны сэнс нялёгкай настаўніцкай справы ў першую суботу лютага, калі традыцыйна выпускнікі школ спяшаюцца ў навучальныя ўстановы, каб сказаць шчырае дзякуй за жыццёвыя ўрокі сваім педагогам. Асаблівае месца ў гэтым радзе займаюць класныя кіраўнікі. Ім, як бацькам, без сакрэтаў хочацца выказаць усё, што набалела, падзяліцца поспехам і атрымаць другое дыханне ў пераадольванні перашкод.

 

Нямецкая альбо руская мова?

Класны кіраўнік 2-га класа Любушанскай СШ Валянціна Жаўнерка з маленства марыла быць настаўніцай. Пытанняў наконт будучай прафесіі ў іх звычайнай сялянскай сям’і не ўзнікала, бо дзяўчынкай яна ўжо ўпэўнена давала свае першыя ўрокі лялькам, распісвала крэйдай у тлумачэнні тэм і заданняў шафы і нават з бабуляй наладжвала сваім вучням абеды. Куды цяжэй ёй было вызначыцца, якой школьнай дысцыпліне аддаць перавагу.

– Мне аднолькава паспяхова даваліся нямецкая і руская мовы, – расказвае яна пра сябе, – напэўна таму, што выкладалі іх вельмі ўлюбеныя ў сваю справу настаўнікі. А верх узяла ж руская мова. Назаўсёды ў душу мне запала шчырая і творчая атмасфера на гэтых уроках, дзе мы дэкламавалі вершы, чыталі па ролях і пражывалі разам з героямі твораў некалькі жыццяў.

 

Пасля ўніверсітэта – у родную школу

Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Валянціна без ваганняў вяртаецца ў родную Мачаскую школу.

– Па першым часе працавала на стаўку, – гаворыць яна, – але тады ў 80-ыя гады ніхто за лішнімі гадзінамі не гнаўся, а прагнуў даваць урокі якасна, з душой. Гэта тады настаўнікі яшчэ пакідалі сваіх вучняў пасля ўрокаў, каб яшчэ і яшчэ раз растлумачыць складаны матэрыял.

У Валянціны Генадзьеўны працаваць з душой атрымлівалася. Яна ўмела знайсці падыход да кожнага свайго вучня, ды і па-свойму без залішняга прымусу прапагандавала чытанне.

– Не хацелася асабліва прымушаць дзяцей чытаць вялікія творы, куды больш карцела навучыць іх разважаць, думаць, аналізаваць, – дадае яна. – Тут мяне дужа выратоўвалі літаратурна-музычныя гасцёўні, дзе мы слухалі добрую музыку і чыталі вершы ад класікаў да сучасных аўтараў.

 

Прызнанне дзяцей і калег

Улюбёнасць у свой прадмет, высокі прафесіяналізм і вялікая спагада мелі плён у навучанні дзяцей рускай мове.

– Ведаеце, мне прыемна адзначыць, што вучні любілі мой прадмет і маіх урокаў не прагульвалі, – зазначае педагог. – Яны – адзіныя сярод сельскіх школ нязменна здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове. Ды і ёсць у мяне вучаніца, якая здолела атрымаць сто балаў на гэтым іспыце. Трэба аддаць належнае яе працавітасці, настойлівасці і дасціпнасці. Напэўна, яны і прыцягнулі да яе ўдачу!

 

А яшчэ класнае кіраўніцтва

Дарэчы, удача па жыцці не пакідала і Валянціну Генадзьеўну. У свае 50+ яна слыве не толькі добрым выкладчыкам рускай мовы і літаратуры, але і адным з лепшых класных кіраўнікоў. А гэта прызнанне калег, вучняў і іх бацькоў дорага каштуе. Ужо з першага года настаўніцтва Валянціна Генадзьеўна не пабаялася стаць і піянерважатай. Вялікая процьма абавязкаў, наладжванне і правядзенне розных акцый, мерапрыемстваў і сустрэч, штодзённая пазакласная работа з вучнямі аказалася ёй па душы.

– Таму мне без ваганняў крыху пазней даручылі класнае кіраўніцтва, – расказвае яна. – Я нават не памятаю ў віхуры тых школьных і класных спраў, каб я перажывала на гэты конт. Затое ўрэзаліся словы шкадаванняў педагогаў пра мой першы выпуск 2019 года ў Любушанскай школе. Усе гаварылі, што там вучацца гарэзы і з імі мне будзе няпроста, а яны сталі маімі самымі любімымі выпускнікамі, і сёння ў вольную хвіліну спяшаюцца да мяне ў школу.

Знайсці падыход да вучняў ёй дапамагалі ў першую чаргу ўрокі, дзе яна ў якасці галоўнай вылучала выхаваўчую задачу.

– Вы ведаеце, для мяне куды важней не тое, каб мае вучні дэкламавалі вершы і пісалі смс без памылак, – тлумачыць яна, – а іх уменне шанаваць сваю сям’ю і бацькоў, цаніць дружбу і верных сяброў, дакладна адрозніваць дабрыню і зло, паважаць людзей побач і не згінацца перад цяжкасцямі.

 

Гайда ў паход!

У дапамогу педагогу ў гэтым былі не толькі нестандартныя школьныя ўрокі, але і асабісты памяркоўны, душэўны характар педагога і яго вялікая ўлюбёнасць у родны край.

– У маіх правілах згуртаваць дзяцей, – гаворыць Валянціна Генадзьеўна, – яшчэ ў школе дапамагчы знайсці сябе і сваё месца ў калектыве. Таму вучні часта бываюць у мяне ў гасцях, дзе ім рады мой муж і дзеці. Мы навучыліся святкаваць дні нараджэння і абавязкова ходзім у паходы. 

 

Сакрэт нястомнага гарэння

Вядома ж, быць увесь час з вучнямі і жыць іх праблемамі і перажываннямі, дапамагаць бацькам у выхаванні, рашаць мноства вучэбных і арганізацыйных задач бывае вельмі няпроста і нярэдка надыходзяць стома і туга. Але ёсць у Валянціны Генадзьеўны свой унікальны сакрэт аднаўлення душэўных сіл, яго з цягам часу спазнаюць і вучні.

– Другое дыханне і сілы ў гэтым няпростым жыцці мне дае родная вёска Мачаск, – прызнаецца жанчына. – Тут жывуць мае бацькі, тут мяне памятаюць яшчэ гарэзлівай дзяўчынкай, тут я пачала настаўніцкую справу і дала свой першы ўрок, тут была маладой і працавала ў вельмі цёплым і дружным калектыве, выпусціла ў дарослы свет сваіх першых вучняў. Я ўлюбёная ў свой родны край і гэтай любоўю шчыра дзялюся з дзецьмі. Можа і ім хараство родных мясцін і цёплыя ўспаміны дзяцінства ў цяжкія моманты жыцця падкажуць выйсце і не дадуць упасці духам перад нягодамі?

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER