Акунь, судак, шчупак – ідэальны варыянт для падрыхтоўкі класічнай юшкі з рачной рыбы. Такая карысная страва адназначна спадабаецца і дарослым, і дзецям.
Інгрэдыенты:
Свежая рачная рыба - 800 г;
Бульба - 2-3 шт;
Морква - 1 шт;
Лук рэпчаты - 1 шт;
Кроп і пятрушка - 5-6 галінак;
1 літар вады;
Лаўровы ліст - 1-2 шт;
Соль па гусце.
Спосаб прыгатавання:
Рыбу трэба ачысціць ад лускі, выдаліць жабры, вытрыбушыць, прамыць халоднай вадой і нарэзаць буйнымі кавалкамі. Калі рыба дробная, то выкарыстоўваць цалкам.
Моркву і бульбу нарэзаць сярэднімі кавалкамі. Цыбуліну можна ачысціць, але я не чышчу, тады шалупіна надае юшцы аранжавы колер і перац чорны гарошкам не дабаўляю, каб захаваць такі колер. Гэта, як цяпер кажуць, мой лайфак.
Далей дробна нарэзаць зеляніну. У вядры ці глыбокай каструлі закіпяціць ваду, пакласці ў кіпячую ваду, моркву, бульбу, крышку пазней - цыбулю. Варыць 15 - 20 хвілін да мяккасці гародніны. Пасля дадаць рыбу і спецыі. Варыць яшчэ 7 - 15 хвілін. Пасля дастаць цыбуліну і пасаліць суп.
Перад падачай ўпрыгожыць свежай зелянінай. Прыемнага апетыту!
Падрыхтавала Алена ГРОМАВА.