На форуме ўдалося прадставіць яркую мазаіку сем’яў розных катэгорый і сацыяльнага статусу ў багацці жыццёвых цікавінак і сямейных традыцый, вывесці на арбіту ўсенароднага прызнання – на ганаровы сямейны трон, каб убачыць у поўнай красе і пазнаць бліжэй, парадавацца, што жывём у адным часе, у адным горадзе і раёне.
Ажылі сямейныя гісторыі – не глянцавыя, а жывыя, поўныя дакументальнай асновы і эмацыянальнага пасылу, падмацаваныя паказам памятных фотаздымкаў з сямейных альбомаў.
Шыкоўная дата на сямейным табло, саюз у дарагой аправе – 55-гадовы юбілей сумеснага жыцця Анатоля і Алімпіяды Вайніловічаў з Беразіно. Узор для цяперашніх скараспелых недаўгавечных шлюбаў.
Быццам прыцягнуўшыся магнітам адзін да аднаго ў далёкім-блізкім 1968 годзе, шаноўныя гараджане жывуць у поўнай згодзе. Ізумруднае правіла іх сумеснага жыцця: у шлюбе
цяжка бывае толькі першыя 50 гадоў.
Бярэзінскі юнак і выпускніца Ашмянскага сельгастэхнікума, ураджэнка Валожыншчыны, бухгалтар саўгаса “Мачаск” пазнаёміліся на святочным агеньчыку да Дня моладзі ў Бярэзінскім РДК 29 кастрычніка 1966 года.
У юнацтве выпускнік Гомельскага дарожнага тэхнікума Анатоль Вайніловіч захапляўся музыкай, іграў у інструментальным ансамблі “Сябры” Бярэзінскага Дома культуры і зараз на сямейных святах бярэ ў рукі старадаўні баян – колішні бацькоўскі трафей, прывезены з Германіі ў 1945 годзе. А яшчэ малюе шыкоўныя карціны!
Узышоўшы на экватар жыцця, інтэлігентная бярэзінская пара Вайніловічаў умее бачыць толькі светлыя фарбы. Алімпіяда Іосіфаўна на працягу 8 гадоў наведвае басейн. Добрай традыцыяй сталі сумесныя вячэрнія прагулкі і наведванне любімых грыбных мясцін.
Сямейная настаўніцкая дынастыя Чарнушэвічаў – прыклад сапраўднага падзвіжніцтва ў служэнні абранай прафесіі. Матуля перадала ў спадчыну сыну і дачцэ асаблівы ген любові да дзяцей. Агульны педагагічны стаж – 116 гадоў!
Сямейны саюз урачоў Усовічаў налічвае на дваіх 80 гадоў працоўнага стажу і 40 гадоў сямейнага жыцця па клятве Гіпакрата і Гіменея. Яднае сям’ю бярэзінскіх урачоў любоў да кнігі, чытанне без выхадных. Інтэлігентнасць – не выпадковая дэкарацыя, а стыль жыцця Аляксандра і Ганны Усовічаў.
Заяўка ў Кнігу рэкордаў Гінеса – сямейны фальклорна-абрадавы калектыў “Радзіна” Новінскага СДК, які яднае тры пакаленні самадзейных артыстаў аднаго роду і знаходзіцца на арбіце запатрабаванасці вось ужо 40 гадоў.
Шматдзетнасць – доблесць адважных, прадмет здзіўлення і зачаравання. Залаты дзіцячы капітал Сяргея і Валянціны Бурых, іх роду множны лік – цудоўная шасцёрка дзетак, сярод якіх - малодшыя двайняты дашкольнага ўзросту Аліна і Мальвіна.
Таленавітая шматдзетная сям’я Радзевічаў – удзельнікі адборачнага тура абласнога конкурсу “Сям’я года – 2022” і конкурснага тэлепраекта “Мая сям’я” з атрыманнем сертыфіката “Выхадныя мары”.
На працягу 20 гадоў, як па нотах, складаецца іх сямейнае шчасце, агульнае захапленне – музыка. Як з гумарам зазначаюць шчаслівыя бацькі:
“Наша сям’я – сумеснае прадпрыемства па супрацьстаянні жыццёвым цяжкасцям і пагрозам, дзеці – самая цвёрдая валюта”.
Сям’я Мікалая і Алены Каток з аграгарадка Любушаны – узор класічнай вясковай сям’і, трывалага працоўнага рэзерву сельгаспрадпрыемства “АграМАЗ”.
Яна – даярка, ён – механізатар, прадстаўнікі самых запатрабаваных на вёсцы прафесій. Заяўка на працоўную дынастыю: матуля Алены Людміла Сярканава таксама працуе на ферме “Уюноўка”. Чацвёра дзетак: два сыночкі і дзве дачушкі – як чатыры куточкі новага ўласнага дома па вуліцы Новай, які ніколі не знаходзіцца ў лянівай дрымоце, а дружалюбна і прыветна глядзіць навокал.
Удзельнікі абласнога конкурсу “Уладар сяла – 2017” – шматдзетная сям’я Цітавец з вёскі Котава.
Яўгенія Мікалаеўна – маці трох дачушак і сама выхаванка шматдзетнай сям’і: у бацькоў іх было сямёра. Гаспадыня вялікай гаспадаркі і вялікіх пачуццяў: 2 каровы, конь, ручныя любімцы - трусы.
З будучым мужам Яўгенія пазнаёмілася на ферме. Дзяўчына і хлопец дапамагалі сваім матулям на дойцы. Цяперашняя не менш турботная праца шматдзетнай матулі аператарам свінаводчага комплексу “Клявіца” не перашкаджае сямейнаму шчасцю даўжынёй у 15 гадоў.
Удзельнікі раённага конкурсу “Уладар сяла – 2022” Аляксандр і Таццяна Бажанковы з аграгарадка Любушаны.
9 гадоў сямейнага жыцця – тонкая дыпламатыя ўжывацца пад адным дахам старэйшага і малодшага пакаленняў.
Маладая сямейка Паўла і Юліі Шупа адлічыла на сямейным календары 10 гадоў сумеснага жыцця і радуецца траім дзеткам, малодшая – гадавалая Ксюша. Павел працуе начальнікам кацельнай філіяла “Здравушка-мілк”, дзе шчыруюць яго матуля, бацька і цётка.
Двайное шчасце – двайняты, 9-гадовыя дачушкі Ксюша і Даша сям’і Дзяніса і Юліі Бурых з Беразіно. Дзяўчынкі нарадзіліся ў сталічным раддоме №2, бо бацькі на той час працавалі ў Мінску.
Аднак не пабаяліся змяніць сталічную прапіску на правінцыяльную, набылі кватэру ў Беразіно, дзе ў юных прынцэс маецца асабісты пакой. Шчаслівы бацька шчыруе вадзіцелем, матуля – прадаўцом.
Яшчэ школьнікамі пазнаёміліся ў трэнажорнай зале Максім Кашлачоў і Кацярына Асьмакова. У чэрвені 2022 года супрацоўніца аддзела следчага камітэта і ўчастковы інспектар міліцыі ўзялі шлюб, а ў красавіку сёлетняга года ў маладой сям’і нарадзілася дачушка – узышоў маладзічок жыцця.
Жыццё дыктуе працяг сямейных гісторый. У Бярэзінскім раёне за 5 апошніх гадоў нарадзілася 1021 дзіця, зарэгістравана 626 шлюбаў. Доўжыцца эстафета жыцця, якая выносіць на арбіту новых прадаўжальнікаў роду.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу і
сацыякультурнай дзейнасці
ДУК “Бярэзінская цэнтральная
раённая бібліятэка”.