Аэраграфія на радасць воку 

Date 22.06.2023 Man
Comment 671
Аэраграфія на радасць воку 

Хуткім часам металёвая агароджа вакол маладзёжнага цэнтра будзе ўпрыгожана аэраграфіяй, якую выконвае цікавы чалавек, вядомы ў раёне і за межамі Бярэзіншчыны выканаўца песень Генадзь Гоцман.

Творчасць для яго неад’емная частка жыцця, а маляваннем захапляецца з глыбокага дзяцінства і пранёс гэтае хобі праз дзесяцігоддзі.

– Маляваў з маленства, у школьны час наведваўся ў гурток чаканкі, таксама па дрэве выпальваў малюнкі выпальвальнікам, мяне падобны занятак заўсёды бавіў, нахтняў і зачароўваў, – прызнаецца з задавальненнем Генадзь.

За жыццё герой матэрыялу перабраў мноства разнастайных прафесій, быў і настаўнікам музыкі, і шмат кім яшчэ, пэўны час меў уласны тату-салон, любое месца працы было ў той ці іншай ступені звязана з творчасцю. Зараз працуе культарганізатарам аўтаклуба Бярэзінскага РЦК, з натхненнем спявае песні на розных святах, гастралюе з аўтаклубам па раёне, і многія жыхары Бярэзіншчыны прыходзяць з задавальненнем на канцэрты, і часта просяць песні на біс.

Таленавіты выканаўца часам піша ўласныя песні, захапляецца рок-музыкай, аб чым дасведчанаму чалавеку абавязкова падкажа імідж Генадзія. Ды і музыку ягоную папсовай асабліва не назавеш, часта ў ёй праяўляецца энергія рытма, якая ў сукупнасці з мелодыкай і душэўнасцю выканання так даспадобы ўсім слухачам, якія бываюць на выступленнях аўтаклуба.

– Аэраграфіяй захапіўся так: прыйшла думка паспрабаваць. Спачатку размаляваў дзверы ў пад’ездзе дома па вуліцы Кастрычніцкай, у якім жыву, папярэдне папрасіўшы дазволу ў старшыні кааператыва. Яму спадабалася, прапанаваў саставіць дагавор і нанесці аэраграфію на ўсіх пад’ездных дзвярах дома. З тае пары пры выпадку выконваў яшчэ некалькі падобных заказаў.

Ці шмат гэта займае часу? Як калі. Аэраграфія адных дзвярэй пад’езда заняла амаль цэлы дзень. Гэта не проста пакрыць фарбай паверхню, гэта нанесці дакладны мастацкі малюнак. Сюжэты малюнкаў Генадзь знаходзіць у розных крыніцах, узгадняе з заказчыкам і далей, калі набываецца фарба, кіпіць работа.

Гэта выдатны занятак, вынік якога радуе вока разнастайнасцю і колерамі. Згадзіцеся, куды больш цікава глядзець не на шэра-чорныя аднолькавыя дзверы ці карычневыя агароджы, а на прыгожыя малюнкі – тое і настрой падымае, і адначасова служыць прыемнай фотазонай.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER