У абавязках галоўнага спецыяліста аддзела нямала клопатаў і напрамкаў работы. Яна адказвае за прамысловасць раёна, знешнеэканамічную дзейнасць, дзяржаўную маёмасць, з’яўляецца ініцыятарам правядзення аўкцыёнаў і рыхтуе пакет дакументаў для іх арганізацыі, распрацоўвае нарматыўныя дакументы для гаспадарнікаў раёна паводле указаў Прэзідэнта…
- Да прыходу ў райвыканкам я 20 гадоў адпрацавала ў Бярэзінскім аддзяленні “Беларусбанка”, - расказвае Марына Іванаўна.
– Пачынала з прастога кантралёра-касіра пасля заканчэння вучылішча. Затым паступова набіралася вопыту і ведаў, спалучала работу з вучобай і закончыла спачатку каледж, а потым і вышэйшую адукацыю атрымала, стаўшы дыпламаваным эканамістам.
Гэта прафесія, можна сказаць, у нас сямейная: ёй прысвяцілі сябе і мая маці, і сястра. Ды і брат у меру выканання сваіх абавязкаў таксама спасціг эканоміку не горш за мяне.
Параўноўваючы свае першыя крокі ў аддзеле эканомікі з тым кругам абавязкаў, якія даводзіцца выконваць зараз, М. Крот не адмаўляе, што працаваць стала больш складана, нягледзячы на тое, што многія прамысловыя прадпрыемствы выйшлі з-пад кіравання райвыканкамам і з’яўляюцца толькі філіяламі.
Раней, напрыклад, гандаль на тэрыторыі раёна ажыццяўляў толькі райспажыўсаюз. Сёння ж гэтую галіну прадстаўляе цэлы шэраг фірм, камерцыйных структур і прыватных прадпрымальнікаў. Да таго ж, існуе вялікая колькасць акцыянерных таварыстваў, ажыццяўляецца кантроль за знешнеэканамічнай дзейнасцю, вядзецца работа па прыцягненні ў раён інвестыцый, адным з клопатаў з’яўляецца ўцягненне ў дзейнасць або продаж аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца ў эканоміцы.
Адзін з прыкладаў таму. 21 чэрвеня павінен быў адбыцца аўкцыён па продажы будынка графа Патоцкага. На жаль, набыць яго ніхто не пажадаў.
Мяркуйце самі: пабудова з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і падлягае толькі рэстаўрацыі. Для стварэння праекта рэстаўрацыйных работ (1 квадратны метр каштуе 440 долараў ЗША) заказчыку неабходна вылажыць пад 40 тысяч. І гэта не лічачы саміх работ і сумы за набыццё будынка.
Канечне, цяжкасці ў рабоце існуюць на кожным пасту. Адтулінай для Марыны Крот з’яўляецца ў летні час яе дача, дзе расце шмат садавіны і гародніны, якія даглядае руплівая гаспадыня.
Сёлета, напрыклад, нягледзячы на спякоту, вырасціла выдатны ўраджай клубніц. Радуе сваім ураджаем і чарэшня. На падыходзе і агуркі, цыбуля, памідоры… Яшчэ адна радасць жанчыны – трое ўнукаў.
А яшчэ Марына Іванаўна – даўняя падпісчыца “Бярэзінскай панарамы”. Тут яна знаходзіць не толькі шмат цікавых публікацый для душы, а і з прафесійным інтарэсам чытае раздзел рэкламы.
- Што пажадаць напярэдадні свята калегам? Абавязкова высокіх паказчыкаў і іх росту. А яшчэ – моцнага здароўя, шчасця, веры і спадзявання ў тое, што ўсе мары здзяйсняюцца.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.