Прафесія для энергічных

Date 08.10.2023 Man
Comment 498
Прафесія для энергічных

Напэўна, наўрад ці знойдзецца чалавек, які б не бачыў аўтамабілі з фірмавым надпісам "Белпошта", што курсіруюць па горадзе і вёсках. Сярод кіроўцаў такога аўтамабіля – Уладзімір Слабко – вадзіцель перасовачнага аддзялення паштовай сувязі ПАПС-1.

Уладзімір Ціханавіч працуе ў Бярэзінскім участку паштовай сувязі 7 гадоў. Дагэтуль паспрабаваў сябе ў розных сферах.

– Пачынаў свой працоўны шлях у Чэрвеньскім леспрамгасе, – гаворыць ён. – Там 14 гадоў працаваў на самазвале. Потым мулярам-мантажнікам у будаўнічай арганізацыі ПМК-91 (з часам яе аб’ядналі з ПМК-182). Сярод пабудаваных аб’ектаў, да якіх прыкладалася і мая рука, – бярэзінскі вакзал, гарадская траса, што вядзе да СШ №3, і сам будынак школы таксама, лясныя дарогі і масты, домікі ў вёсках і інш. Пасля 14 гадоў адпрацаваў у Беларусбанку інкасатарам-вадзіцелем. Цяпер мая асноўная дзейнасць – мота-дастаўка. Дастаўляю прэсу, лісты, пасылкі, тавары па вёсках Бярэзінскага раёна, дзе няма паштовага аддзялення.

У вясковых жыхароў мота-дастаўка карыстаецца попытам не толькі з-за паштовых паслуг, многія купляюць прадукты, не адыходзячы ад дому.

А калі чаго няма ў наяўнасці, то заўсёды ёсць магчымасць заказаць і атрымаць заказаныя тавары ў самы бліжэйшы час. Асабліва зручны такі фармат для пажылых людзей, якім складана дабрацца да магазіна ці аўталаўкі.

– Цяпер паслугі аказваем амаль “ля ганку” нашых спажыўцоў, і камунальныя плацяжы здзяйсняем, і падпіскай перыёдыкі займаемся, дастаўляем не толькі харчовыя і нехарчовыя тавары, а і буйнагабарытныя грузы… Наогул, кола нашых паслуг даволі шырокае, – дадае Уладзімір. – Вельмі прыемна, калі нашы кліенты задаволены – і вяскоўцы, і дачнікі.

…Працоўны дзень вадзіцеля пачынаецца рана, бо патрэбна падрыхтавацца да рэйса, атрымаць і загрузіць тавары, паштовыя адпраўленні і газеты на свой маршрут. Самыя напружаныя дні – серада і субота, таму што ў гэтыя дні выходзіць раённая газета і колькасць адрасоў, якія неабходна наведаць, павялічваецца.

Але ва Уладзіміра на ўсё хапае энергіі. Жвавы, рухавы, некалі ён быў членам бюро райкама камсамола, мае нагрудны знак “Мастер-умелец” (адзначаны, калі працаваў мулярам у ПМК-91). Разам з жонкай Таццянай Рыгораўнай выгадавалі траіх дзяцей, цяпер радуюцца чацвярым унукам і чакаюць іх у сваёй Косаўскай “аграсядзібе”, дзе пад наглядам гаспадароў – і козачкі, і качкі.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER