Адысея Генадзя Дайнэкі

Date 07.10.2023 Man
Comment 550
Адысея Генадзя Дайнэкі

Сапраўды, жыццё Генадзя Дайнэкі ў пэўнай ступені падобнае на жыццё славутага гамераўскага Адысея, які 33 гады матаўся па свеце, ваяваў і здзяйсняў шматлікія подзвігі. Менавіта такі самы перыяд жыцця Генадзь Сяргеевіч правёў у пастаянных вандроўках па свеце.

Але з зусім іншай, мірнай місіяй – дарыў людзям з самых розных краін сваё музычнае выканальніцкае майстэрства. За 33 гады наш герой пабываў на ўсіх шасці кантынентах зямнога шара, нават у Антарктыдзе. На яго рахунку 11 кругасветных падарожжаў.

Якім жа чынам удалося Генадзю Дайнэку ажыццявіць усё гэта? Пасля заканчэння кансерваторыі малады музыкант пэўны час працаваў разам з Міхаілам Фінбергам. На той час славуты маэстра кіраваў аркестрам Беларускага дзяржаўнага цырка, куды і ўладкаваўся Генадзь. Але праз які час (было гэта ў канцы 1979 года) яго сябры-музыканты спакусілі цікавай ідэяй і магчымасцю ўладкавацца на зафрахтаваны немцамі савецкі параход “Адэса” ў якасці музычнага работніка і радаваць музыкай турыстаў, якія адпраўляюцца на ім у падарожжа.

Пасля некаторых разваг Генадзь Сяргеевіч пагадзіўся і выпраўляўся ў падарожжы аж да выхаду на заслужаны адпачынак ва ўзросце 65 гадоў.

Колькі было за гэты час падзячных слухачоў яго творчасці, колькі знаёмых з’явілася ў яго ў многіх і многіх краінах! Вось ужо пра каго смела можна сказаць: “у нас сябры па ўсёй планеце”.

– Пасля выхаду на пенсію мне прапаноўвалі работу ў сталіцы, - расказвае Генадзь Сяргеевіч. – Былі і цікавыя варыянты. Але я адмовіўся ад іх і аддаў перавагу пераезду на Бярэзіншчыну. Чаму сюды? Дык гэта ж мая малая радзіма.

Менавіта ў Беразіно, на Камсамольскай вуліцы, да пераезду ў 1953 годзе ў Мінск бацькоў, жыла наша сям’я. Многае захавалася ў памяці з таго перыяду – светлае, пяшчотнае, добрае. Дарэчы, і ў час работы я кожнае лета прыязджаў у родныя мясціны, любаваўся іх хараством і акунаўся ў дзяцінства.

Неўзабаве пасля пошукаў сядзібы для далейшага жыцця Генадзь Дайнэка набыў сабе дом у вёсцы Божына, якая скарыла яго сваёй прыгажосцю.

Там жа, побач, дарэчы, знаходзіцца і дача яго брата Валерыя, вядомага спевака ансамбля “Песняры”. Вечарамі мужчына часта заседжваўся за камп’ютарам, гартаючы старонкі інтэрнэту ў пошуку цікавых гістарычных і палітычных матэрыялаў і фарміруючы свой светапогляд. Ды толькі душа патрабавала творчасці.

Прапанаваў свае паслугі дырэктару дзіцячай школы мастацтваў. І вось ужо некалькі гадоў Генадзь Мікалаевіч з’яўляецца тут канцэртмайстрам.

Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, актыўна займаецца музыкай: стварае інструментальныя кампазіцыі, піша песні і партытуры, з’яўляецца мастацкім кіраўніком аркестра народных інструментаў, калектыў якога два гады назад на джазавым фестывалі ў Маладзечне заняў другое месца, і нязменна застаецца верным і адданым выбранаму на ўсё жыццё інструменту – велічнаму фартэпіяна.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER