Багаты на падзеі год

Date 20.10.2023 Man
Comment 848
Багаты на падзеі год

Сёлетні год для Антона Раўкоўскага склаўся ўдала і пакіне пра сябе толькі самыя лепшыя ўражанні. Прычынай таму дзве важкія падзеі для маладой сям’і. Нават цяжка вызначыць, якая іх была больш прыемнай. Таму лепш выкладаць іх у храналагічнай паслядоўнасці.

Гэта нараджэнне другой дачушкі, якую назвалі Карынай, і нядаўняе перасяленне пасля праведзенага там рамонту ва ўласную двухпакаёвую кватэру.

– Сям’я наша, на жаль, статуса мнагадзетнай не мае, – расказвае Антон Ігаравіч, – таму на дадатковую падтрымку дзяржавы мы не разлічваем, а зыходзім толькі з уласных магчымасцей. І паверце мне, гэтыя магчымасці, памножаныя на асабістую ініцыятыву, даюць станоўчы вынік. Як і ў нашым выпадку. Мы ўсім забяспечаны, вось і жыллём абзавяліся, зрабілі ў кватэры рамонт на свой густ і зараз на працягу 20 гадоў будзем выплачваць пазыку. Па нашых падліках яна не будзе вельмі абцяжарваючай для сямейнага бюджэту.

Кватэра, дарэчы, знаходзіцца паблізу месца работы Антона – на вуліцы Маякоўскага. Ім, як маладой сям’і, якая мае патрэбу ў жыллі, прапаноўвалі пабудаваць кватэру ў новым доме па вуліцы Красіна, але муж і жонка адмовіліся, аддаўшы перавагу набыццю больш таннага жылля з ліку прадаваемых кватэр іх былымі гаспадарамі.

Мужчына працуе інжынерам па рабоце са спажыўцамі энергіі Бярэзінскага раёна электрычных сетак. У яго абавязкі ўваходзіць работа большай часткай з фізічнымі асобамі – спажыўцамі энергіі, іншы раз даводзіцца выязджаць і ў рэйды па выяўленні крадзяжу элек- траэнергіі, складаць на парушальнікаў адпаведныя акты.

А свой вольны час Антон Ігаравіч прысвячае сям’і, у якой пануюць адны прадстаўніцы жаночага полу. На сёння ён у большай ступені заняты старэйшай дачкой-першакласніцай Алісай, усведамляючы, што жонцы хапае клопатаў (хоць і прыемных) з сямімесячнай немаўляткай. Таму займаецца выхаваннем старэйшай, заахвочвае яе да атрымання добрых адзнак у школе, прывівае ёй павагу да старэйшых, уменне самастойна думаць, фарміруе пазітыўны светапогляд.

Агульны стаж сямейнага жыцця Раўковічаў пакуль невялікі – усяго сем гадоў. А да ўступлення ў шлюб маладыя яшчэ пяць гадоў сустракаліся, лепш пазнавалі адзін аднаго, “прыціраліся”. Таму зараз і не ўзнікае паміж імі сварак або спрэчак. Нават падчас рамонту кватэры. Рабілі ўсё разам, нават шпалеры і фасон падвясной столі выбіралі ўдваіх на агульны густ.

На пытанне аб тым, якім чынам у сям’і збіраюцца адзначыць Дзень бацькі, Антон паведаміў, што ў гэты суботні дзень у планах паездка на рынак у Барысаў: неабходна набыць для Алісы зімовую куртку. Бацькоўскі клопат пра сям’ю ніхто не адмяняў. І толькі ўжо потым можна будзе адпачыць за святочным тартом.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER